Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗЯНО́ВІЧЫ, Зяноўевічы, Дэшпаты-Зяновічы,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, шляхецкі род уласнага герба «Дэшпат». Родапачынальнік Братоша (Братша) быў чл. рады полацкага кн. Андрэя Альгердавіча (да 1387), вял. кн. Вітаўта (1398—1404). Ад імя сына Братошы Зяновія ўтварылася родавае прозвішча. Найб. вядомыя З.:

Юрый Іванавіч (каля 1450 — пасля 1516), намеснік браслаўскі ў 1494—99, смаленскі ў 1507—08, магілёўскі з 1514, маршалак гаспадарскі з 1515, уладальнік Смаргоні, Паставаў, Глыбокага і інш. Юрый Мікалаевіч (каля 1510—83), староста чачэрскі і прапойскі ў 1547—70, лепельскі ў 1570 і дзісенскі ў 1577, кашталян полацкі ў 1566—79 і смаленскі з 1579. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83. Крыштоф (каля 1540—1614), староста чачэрскі і прапойскі ў 1577—90, кашталян у 1585—88 і ваявода брэсцкі з 1588. Мікалай Багуслаў (? — 7.9.1621), староста чачэрскі і прапойскі з 1614, кашталян полацкі з 1618. Ян Янавіч (каля 1550—1614), падстолі ВКЛ у 1576—94, кашталян віцебскі ў 1594—1600 і смаленскі з 1600. Станіслаў (каля 1610—72), падкаморы вількамірскі ў 1653, кашталян навагрудскі з 1671. Крыштоф (?—1717), маршалак у 1687 і староста ў 1701 ашмянскі, пісар вялікі ВКЛ у 1703—09, палкоўнік войска ВКЛ, ваявода мінскі з 1709.

В.Л.Насевіч.

т. 7, с. 134

ЗЯНО́Н (Zēnōn) з Кітыёна

(востраў Кіпр; каля 336—264 да н.э.),

старажытнагрэчаскі філосаф, заснавальнік стаіцызму. Каля 312 пасяліўся ў Афінах. Вучыўся ў кініка Кратэса, прадстаўніка мегарскай школы Стылпона і кіраўніка платонаўскай Акадэміі Палемона. Каля 300 да н.э. заснаваў сваю школу стоікаў. На фарміраванне яго поглядаў паўплывалі ант. медыцынскія тэорыі, фізіка Геракліта, тэалагічныя ідэі Сакрата, Платона і Арыстоцеля. Вучэнне З. характарызуецца пераважна ўвагай да абгрунтавання ўнутр. незалежнасці асобы. Творы З. («Аб прыродзе», «Супраць філасофіі», «Спрэчкі») захаваліся фрагментарна. Сярод яго вучняў Персей, Клеанф з Аса, Арыстон з Кеоса і інш.

т. 7, с. 134

ЗЯНО́Н ЭЛЕ́ЙСКІ (Zēnōn Heleatēs; каля 490 да н.э., Элея, Паўд. Італія — 430 да н.э.),

старажытнагрэчаскі філосаф, прадстаўнік элейскай школы. Арыстоцель лічыў яго заснавальнікам дыялектыкі як мастацтва спасціжэння ісціны шляхам спрэчак ці тлумачэння процілеглых думак. З.Э. развіваў метафізічнае вучэнне Парменіда, лічыў, што быццё адзінае і нерухомае, а небыццё множнае і знаходзіцца ў руху, ісцінная карціна свету спасцігаецца з дапамогай мыслення. Найб. вядомасць набылі лагічныя аргументы З.Э., т. зв. апарыі — «Ахіл», «Дыхатамія», «Страла», «Стадый». Разважанні З.Э. аб прасторы і часе паслужылі імпульсам для далейшага развіцця ант. матэматыкі, логікі і дыялектыкі. Працы З.Э. не захаваліся, дайшлі толькі невялікія вытрымкі з іх, зробленыя старажытнагрэчаскімі мысліцелямі.

Т.Л.Адула.

т. 7, с. 134

ЗЯНЬКЕ́ВІЧ (Рамуальд Сымонавіч) (1.2.1811, Завілейскі пав. Віленскай губ. — 11.9.1868),

бел. фалькларыст і этнограф, археолаг, педагог. Скончыў Віленскі ун-т (1830). Настаўнічаў у прыватных дамах, Росенскай пав. школе, у доме кн. Друцкіх-Любецкіх у Луніне на Піншчыне, дзе карыстаўся іх багатай б-кай. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру народа — запісваў песні, казкі, паданні, легенды, абрады і звычаі. У нарысе «Народныя песні, сабраныя на Піншчыне і перакладзеныя Р.Зянькевічам» (1847) апублікаваў і класіфікаваў паводле нар. календара творы калядныя, вясновага і летняга цыклаў. У зб. «Народныя песні Піншчыны» (Коўна, 1851) змясціў 219 песень пераважна вясельных, калядных, купальскіх, жніўных і інш. Зрабіў апісанне некат. абрадаў (упершыню шырока абрад «Куста»), вераванняў, гульняў, а таксама некат. відаў вясковай працы. На агульнаслав. фоне даследаваў побыт, норавы, звычаі, фальклор, закранаў пытанне генезісу нар. песень у працы «Пра ўрочышчы і звычаі жыхароў Піншчыны, а таксама пра характар іх песень» (1852—53). У Ашмянскім пав. рабіў абмеры курганоў і гарадзішчаў, апісваў іх выгляд, прывёў мясц. назвы, нар. паданні пра іх у працы «Пра курганы і гарадзішчы Ашмянскага павета» (1848). Стварыў археал. карту Ашмянскага пав. Вывучаў Крэўскі замак, легенды пра яго. Пісаў вершы (зб. «Рыфмаваныя спробы», Вільня, 1856), даследаваў польскую л-ру, праблемы педагогікі. Паасобныя рукапісы З. ў аддзеле рукапісаў Б-кі АН Літвы ў Вільнюсе.

Літ.:

Каратынскі В. Рамуальд Зянькевіч // Творы. 2 выд. Мн., 1994;

Каханоўскі Г. Пінская барва ў славянскай вясёлцы // Мастацтва Беларусі. 1986. № 6;

Саламевіч І.У. Р.С.Зянькевіч // Полымя. 1968. № 9;

Каханоўскі Г.А., Малаш Л.А., Цвірка К.А. Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму. Мн., 1989. С. 172—183.

У.Саламевіч.

Р.С.Зянькевіч.

т. 7, с. 134

ЗЯНЬКЕ́ВІЧ (Эдуард Іосіфавіч) (н. 22.3.1945, Ташкент),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1990). Скончыў БДУ (1967). З 1967 ў Ін-це фізікі, з 1992 у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па фотафізіцы і фотахіміі структурна-арганізаваных мультымалекулярных сістэм, якія мадэлююць першасныя фіз. працэсы фотасінтэзу.

Тв.:

Первичные физические процессы фотосинтеза (разам з Г.П.Гурыновічам, А.П.Лосевым) // Хлорофилл. Мн., 1974;

Механизмы межхромофорных взаимодействий и релаксация энергии электронного возбуждения в ковалентносвязанных димерах порфиринов (у сааўт.) // Журн. прикладной спектроскопии. 1995. Т. 62, № 3.

т. 7, с. 134

ЗЯНЬКО́ВА (Ефрасіння Савельеўна) (22.12.1923, в. Ушалы Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 19.4.1984),

адзін з кіраўнікоў падпольнага руху ў Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1958). З пач. вайны ў роднай вёсцы, наладзіла сувязь з партыз. атрадам імя Варашылава Сіроцінскай брыгады, выконвала яго заданні, вяла разведку. У пач. 1942 узначаліла Обалъскае камсамольска-маладзёжнае падполле. З вер. 1943 у партызанах. Да 1967 на камс. і адм. рабоце.

т. 7, с. 135

ЗЯНЬКО́ВІЧ (Дзмітрый Анатолевіч) (н. 7.4.1965, Мінск),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. АМ (1993). Праз адметную сістэму знакаў стварае вобразнае канструяванне карцін унутр. жыцця чалавека. Канкрэтную ідэю ўвасабляе ў старанна прадуманых, часам спрошчаных і выразных вобразах, якія пазбаўлены адназначнасці і дазваляюць асэнсаваць узнятыя праблемы ў розных планах. Сярод твораў: «Падарожжа», «Эскімо», «Калекцыя», «Раўнавага», «Кішэня», «Гульня», «Сустрэча», «Кампазіцыя» (усе 1990-я г.).

Дз.Зяньковіч. Кампазіцыя. 1997.

т. 7, с. 135

ЗЯНЬКО́ЎСКІ (Васіль Васілевіч) (4.7.1881, г. Хмяльніцкі, Украіна — 5.8.1962),

расійскі філосаф, псіхолаг, багаслоў. Вучыўся на прыродазнаўча-матэм. і гісторыка-філал. ф-тах Кіеўскага ун-та. Праф. псіхалогіі Кіеўскага ун-та (з 1915). У 1919 эмігрыраваў за мяжу. Праф. Свята-Сергіеўскага правасл. багаслоўскага ін-та ў Парыжы (з 1926), старшыня Рус. студэнцкага хрысц. руху. У 1942 прыняў сан свяшчэнніка. Гал. праблемы яго філас. даследаванняў звязаны з хрысц. касмалогіяй, сутнасцю рэліг. вопыту і інтуіцыі. Чалавечая душа, паводле З., мае іерархічную структуру; найвышэйшым элементам яе з’яўляецца сэрца, існаванне пачуцця, праз якое ўстанаўліваецца духоўная сувязь чалавека з Богам і боскімі асновамі свету. Аўтар фундаментальнага даследавання па гісторыі філасофіі ў Расіі («Гісторыя рускай філасофіі», т. 1—2, 1948—50). Займаўся таксама праблемамі педагогікі і псіхалогіі («Псіхалогія дзяцінства», 1924). Яго публіцыстычныя артыкулы сабраны ў кн. «Наша эпоха» (1952).

Тв.:

Социальное воспитание, его задачи и пути. М., 1918;

Проблемы воспитания в свете христианской антропологии. Париж, 1934;

Русские мыслители и Европа. 2 изд. Париж, 1955;

Русская педагогика в XX в. Париж, 1960;

Основы христианской философии. М., 1992.

В.В.Краснова.

т. 7, с. 135

ЗЯНЬКО́-ПАЧЫКО́ЎСКАЯ (Софія Сымонаўна) (сак. 1892, в. Ласокіна Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 7.7.1977),

бел. нар. спявачка і казачніца. Песні, прыпеўкі, казкі, пацешкі, якія яна выконвала, вылучаліся нар. фантазіяй, адухоўленасцю, трапнасцю і дасціпнасцю нар. слова. У аснове яе рэпертуару — каляндарна- і сямейна-абрадавыя песні. Ад яе запісана каля 400 твораў бел. фальклору (запісаў сын Уладзімір). Некаторыя песні. З.-П. увайшлі ў рэпертуар Маладзечанскага нар. ансамбля «Спадчына».

Літ.:

Зянько У.Б. Спадчына маёй маці. Мн., 1993.

Г.А.Каханоўскі.

т. 7, с. 135

ЗЯРНО́Ў (Сяргей Аляксеевіч) (10.6.1871, Масква — 22.2.1945),

рускі заолаг, адзін з заснавальнікаў айчыннай гідрабіялогіі. Акад. АН СССР (1931). Скончыў Маскоўскі ун-т (1895). З 1902 кіраўнік Севастопальскай біястанцыі. З 1914 у Маскоўскай с. -г. акадэміі імя Ціміразева, з 1924 у Маскоўскім ун-це, у 1931—42 дырэктар Заал. ін-та АН СССР. Навук. працы па экалогіі і гасп. выкарыстанні марскіх біяцэнозаў. Аўтар манаграфіі «Да пытання пра вывучэнне жыцця Чорнага мора» (1913), у якой апісаў заканамернасці размеркавання фауны і біяцэнозаў, і курса лекцый «Агульная гідрабіялогія» (1934).

Літ.:

Скадовский С.Н. С.А.Зернов. М. 1957.

т. 7, с. 135