ЗЯНО́Н (Zēnōn) з Кітыёна
(востраў Кіпр; каля 336—264 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф, заснавальнік стаіцызму. Каля 312 пасяліўся ў Афінах. Вучыўся ў кініка Кратэса, прадстаўніка мегарскай школы Стылпона і кіраўніка платонаўскай Акадэміі Палемона. Каля 300 да н.э. заснаваў сваю школу стоікаў. На фарміраванне яго поглядаў паўплывалі ант. медыцынскія тэорыі, фізіка Геракліта, тэалагічныя ідэі Сакрата, Платона і Арыстоцеля. Вучэнне З. характарызуецца пераважна ўвагай да абгрунтавання ўнутр. незалежнасці асобы. Творы З. («Аб прыродзе», «Супраць філасофіі», «Спрэчкі») захаваліся фрагментарна. Сярод яго вучняў Персей, Клеанф з Аса, Арыстон з Кеоса і інш.
т. 7, с. 134
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)