Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗЯЛЕ́НІН (Дзмітрый Канстанцінавіч) (2.11.1878, с. Люк Балязінскага р-на, Удмурція — 31.8.1954),

фалькларыст, дыялектолаг, этнограф. Чл.-кар. АН СССР (1925), акад. Балг. АН (1946). Скончыў Юр’еўскі (Тартускі) ун-т (1904). З 1916 праф. Харкаўскага, з 1925 Ленінградскага ун-таў. Даследаваў этнаграфію, фальклор і дыялекталогію пераважна славянскіх, у т.л. беларускага, народаў. Аўтар прац «Руская саха, яе гісторыя і віды» (1907), «Нарысы рускай міфалогіі» (вып. 1, 1916), «Жаночыя галаўныя ўборы ўсходніх славян» (нап. 1926), «Татэмічны культ дрэваў у рускіх і беларусаў» (1933) і інш. Найб. звестак пра духоўную і матэр. культуру беларусаў у яго кн. «Рускае (усходнеславянскае) народазнаўства» (на ням. мове, Берлін; Лейпцыг, 1927).

Тв.:

Рус. пер. — Восточнославянская этнография. М., 1991.

Літ.:

Сабурова Л.М., Чистов К.В. Д.К.Зеленин // Сов. этнография. 1978. № 6.

т. 7, с. 125

Зяленін Віктар Аляксеевіч

т. 18, кн. 1, с. 392

ЗЯЛЕ́НІЎНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

агароднінныя расліны, якія выкарыстоўваюцца ў ежу зялёнымі (свежымі або кансерваванымі). Да З.к. адносяць цыбулю (на зялёнае пер’е), салату, шпінат, кроп, рэвень, шчаўе, пятрушку і сельдэрэй (на зелень), базілік духмяны, карыяндр (на зелень), капусту пекінскую і інш. З.к. маюць вял. колькасць вітамінаў і мінер. солей, добрыя на смак; прыдатныя на лячэбнае харчаванне.

Скараспелыя культуры, патрабавальныя да ўрадлівасці і вільготнасці глебы, пераносяць замаразкі да -5 °C. Высяваюцца ў адкрытым і ахаваным грунце некалькі разоў за год. Вырошчваюць у чыстай або ўшчыльненай (на памідорах, капусце) культурах, як папярэднік позніх культур.

т. 7, с. 125

ЗЯЛЁНАГА МЫ́СА АСТРАВЫ́ (Ilhas do Cabo Verde),

архіпелаг у Атлантычным ак. на З ад Зялёнага Мыса (Зах. Афрыка), тэр. Каба-Вердэ. Пл. 4033 км2. Нас. 394,8 тыс. чал. (1997). Найб. астравы: Сант’ягу, Фогу, Маю, Санту-Антан, Баавішта. Гэта вужанічныя ўтварэнні на паглыбленым і разбітым тэктанічнымі скідамі дакембрыйскім крышт. фундаменце.

т. 7, с. 125

ЗЯЛЁНАГА МЫ́СА АСТРАВЫ́,

назва дзяржавы Каба-Вердэ на а-вах Зялёнага Мыса ў сав. навук. і папулярнай л-ры да 1980-х г.

т. 7, с. 125

ЗЯЛЁНАЕ,

радовішча пяску ў Жлобінскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Лукі. Пластавы паклад звязаны з алювіяльнымі адкладамі поймы р. Дняпро. Пяскі светла-шэрыя, палевашпатавакварцавыя, дробназярністыя, з лінзамі сярэднезярністых. Разведаныя запасы 13,6 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,9—10,1 м, ускрышы 0,2—4,5 м. Пяскі прыдатныя на выраб сілікатнай цэглы, сценавых вырабаў з шчыльнага і ячэістага сілікатабетону.

А.П.Шчураў.

т. 7, с. 125

ЗЯЛЁНАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА,

сістэма планавых мерапрыемстваў па стварэнні, зберажэнні і выкарыстанні зялёных насаджэнняў; састаўная ч. горадабудаўніцтва. Выконвае структурна-планіровачныя, сан.-гігіенічныя, рэкрэацыйныя, дэкар.-маст. функцыі.

Паводле прызначэння аб’екты З.б. падзяляюць на насаджэнні агульнага карыстання (паркі, сады, скверы, бульвары, пасадкі на вуліцах, плошчах і інш.) і абмежаванага карыстання (насаджэнні на тэр. школ, бальніц, дзіцячых садоў, дамоў адпачынку і санаторыяў, прамысл. прадпрыемстваў, сядзіб калгаснікаў, вакол вадаёмаў і інш.). Элементамі З.б. лічаць: масівы, групы, адзіночныя пасадкі, жывыя агароджы, газоны, кветкавае афармленне, алеі; да іх далучаюць таксама добраўпарадкаванне азялененых тэрыторый: дарожна-сцяжынкавыя сеткі, аб’екты паркавага дэкору (вазы, скульптуры, фантаны і інш.), быт. абслугоўвання (лаўкі, навесы, альтанкі, павільёны і інш.). Пры распрацоўцы праектаў садоў і паркаў улічваюць дынаміку росту дрэў, стан і афарбоўку іх крон у залежнасці ад пораў года. У сістэму зялёных насаджэнняў уваходзяць і загарадныя паркі (леса-, луга-, гідрапаркі, гіст., этнагр., мемарыяльныя) і зоны адпачынку. У комплексе З.б. асобна вылучаюць азеляненне, ландшафтную архітэктуру, садова-паркавае мастацтва.

На Беларусі ў З.б. выкарыстоўваюць прыёмы планіроўкі і забудовы жылых раёнаў у адзінстве з прыродным ландшафтам. З улікам патрабаванняў З.б. створаны паркі імя Я.Купалы ў Мінску, культуры і адпачынку ў Брэсце, Гомелі, Магілёве, Бабруйску, Жлобіне, Оршы, парк «Юбілейны» ў Гродне, бульвары і інш. Плошча зялёных насаджэнняў у Мінску 3216,4 га, што складае 19 м² на 1 чал. (1997); работы па З.б. вядзе акц. прадпрыемства «Мінскзелянбуд».

Літ.:

Боговая И.О., Теодоронский В.С. Озеленение населенных мест. М., 1990;

Горохов В.А. Городское зеленое строительство. М., 1991.

Т.П.Вадап’янава.

Да арт. Зялёнае будаўніцтва. Цэнтральная плошча г. Маладзечна.

т. 7, с. 125

ЗЯЛЁНАКАМЕ́ННЫЯ ПАРО́ДЫ,

група змененых магматычных горных парод асн. і сярэдняга саставу (дыябазы, парфірыты) з характэрнай зялёнай афарбоўкай, якая абумоўлена значнай колькасцю ў іх другасных зялёных мінералаў (хларыт, амфібол, эпідот і інш.). Пашыраны пераважна ў складкавых абласцях (Урал, Каўказ) і т.зв. зялёна-каменных паясах дакембрыю (Паўд. Афрыка, Аўстралія). З.п. — адзін з пошукавых крытэрыяў на медна-калчаданавыя радовішчы.

т. 7, с. 126

ЗЯЛЁНАЯ ЗО́НА,

тэрыторыя за межамі гарадской лініі, занятая лясамі, лесапаркамі і інш. зялёнымі насаджэннямі. Выконвае ахоўныя і сан.-гігіенічныя функцыі і з’яўляецца месцам адпачынку насельніцтва. Лясы З.з. належаць да лясоў I групы; у іх вылучаюць лесапаркавую частку, дзе дазваляюцца сан. і высечкі догляду, і лесагаспадарчую, дзе дазволены лесааднаўленчыя высечкі. На Беларусі З.з. вылучаюцца паводле пастаноў урада рэспублікі. Першыя створаны ў 1945 вакол гарадоў Асіповічы, Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Брэст, Вілейка, Віцебск, Гомель, Гродна, Ліда, Мазыр, Маладзечна і Мінск. Агульная пл. З.з. склала 1,246 млн. га (1994). Самая вял. вакол Мінска (радыусам да 80 км). Каля абл. цэнтраў З.з. радыусам да 30 км, раённых — 10 км. Праекты З.з. распрацоўваюцца БелНДІ праблем горадабудаўніцтва.

Літ.:

Горохов В.А. Городское зеленое строительство. М., 1991.

Т.П.Вадап’янава.

т. 7, с. 126

«ЗЯЛЁНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ»,

тэрмін, які ўзнік у 1960-я г. і абазначаў працэс укаранення новых высокаэфектыўных аграпрыёмаў і метадаў, стварэнне высокаўраджайных сартоў збожжавых (пшаніца, рыс), асабліва ў краінах т. зв. трэцяга свету. У сувязі з павелічэннем колькасці насельніцтва намаганні былі скіраваны на атрыманне большага аб’ёму прадуктаў харчавання з дапамогай арашэння зямель, хімізацыі і механізацыі. З 1980-х г. у некат. краінах «З.р.» забаронена, таму што размеркаванне даходаў у с.-г. сектары ў выніку «З.р.» стала яшчэ больш нераўнамерным.

В.В.Краўчанка.

т. 7, с. 126