Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

адзін з буйнейшых ун-таў Расіі, навук. цэнтр. Засн. ў 1819 у Пецярбургу на базе Гал. пед. ін-та. Адкрыты ў 1820. Меў 3 ф-ты: гіст.-філал., філас.-юрыд., фіз.-матэматычны. У 1854 адкрыты ф-т усходніх моў, у 1-й пал. 19 ст. — кафедры валашскай, арм., груз., тат. і інш. моў. У 1956 ва ун-т (на правах ф-та) увайшоў Першы ленінградскі пед. ін-т замежных моў (з 1938). З 1970-х г. ун-т працуе як сістэма двух навучальна-навук. комплексаў — у С.-Пецярбургу і Петрадварцы. У 1994/95 навуч. г. ва ун-це больш за 17 тыс. студэнтаў, больш за 4 тыс. выкладчыкаў; ф-ты: геал., эканам., юрыд., філал., усх., гіст., філас., псіхалогіі, фіз., механіка-матэм., прыкладной матэматыкі, геаграфіі і геаэкалогіі, хім., біял.-глебавы, журналістыкі, менеджменту, міжнар. адносін. Аспірантура. У складзе ун-та каля 200 кафедраў, 10 НДІ, каля 200 н.-д. лабараторый і станцый, абсерваторыя; 2 музеі, навук. б-ка (больш за 6 млн. уліковых адзінак), выд-ва. Пры ун-це працуюць Цэнтр рус. мовы, ін-ты павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў вышэйшых, сярэдніх спец. і прафес.-тэхн. устаноў, вышэйшыя пед. курсы, акад. гімназія, школы-інтэрнаты фіз.-матэм. і біял.-хім. профілю. Выдае «Вестник» (з 1946, з 1956 — у 6 серыях).

У розны час у С.-П.у. працавалі АМ.Бекетаў (рэктар у 1876—83), А.​М.​Бутлераў, Э.​Х.​Ленц, Дз.​І.​Мендзялееў, А.​С.​Папоў, І.​М.​Сечанаў, А.​А.​Шахматаў; вучыліся І.​Я.​Білібін, А.​А.​Блок, А.​К.​Глазуноў, М.​І.​Глінка, І.​І.​Мечнікаў, М.​М.​Міклуха-Маклай, І.​П.​Паўлаў, Дз.​І.​Пісараў, Я.​Райніс, І.​С.​Тургенеў, М.​А.​Урубель, М.​Г.​Чарнышэўскі, К.​А.​Ціміразеў і інш.

Літ.:

275 лет. Санкт-Петербургский государственный университет: Летопись 1724—1999. СПб., 1999.

т. 14, с. 155

САНКТ-ПЁЛЬТЭН (Sankt Pölten),

горад на ПнУ Аўстрыі, на р. Трайзен, зямля Ніжняя Аўстрыя. Каля 50 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: маш.-буд., хім., тэкст., дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, харчовая. Арх. помнікі 12—17 ст.

т. 14, с. 155

САНКУ́РУ (Sankuru),

рака ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, правы прыток р. Касаі (бас. Конга). Даўж. 1200 км, пл. бас. каля 156 тыс. км². У вярхоўях цячэ ў глыбока ўрэзанай даліне, утварае парогі і вадаспады. Паводкі ад вер.кастр. да красавіка. Сярэдні расход вады каля 1700 м³/с. Суднаходная на 580 км ад вусця. ГЭС. У бас. С. — здабыча алмазаў.

т. 14, с. 155

СА́НКЦЫІ (ад лац. sanctio строгая пастанова) у праве, меры ўздзеяння і рашэнні, якія маюць канчатковы характар (як правіла) і не падлягаюць перагляду. Маюць 4 асн. значэнні: 1) крымінальныя, адм., дысцыплінарныя ці маёмасныя меры, якія ўжываюцца да правапарушальніка і цягнуць для яго неспрыяльныя вынікі. Крымін. С. (пазбаўленне волі і інш.) прымяняюцца толькі судом, адм. С. (штраф, адм. арышт) — міліцыяй, дзярж. інспекцыяй і да т.п., дысцыплінарныя С. — службовымі асобамі і адміністрацыяй, маёмасныя С. — судом у спалучэнні з інш. мерамі.

2) Структурная частка агульнай нормы права, якая паказвае на магчымыя меры ўздзеяння на парушальніка дадзенай нормы.

3) Пастанова пракурора, якая дазваляе прымусовыя меры да асобы, што падазраецца ў злачынстве (узяцце пад варту, вобыск і інш.).

4) У міжнар. праве — меры ўздзеяння на дзяржаву, якая парушыла нормы гэтага права ці свае міжнар. абавязацельствы.

т. 14, с. 155

САНКЮЛО́ТЫ (франц. sans-culottes ад sans без + culotte кароткія штаны),

тэрмін часоў Французскай рэвалюцыі 1789—99. Першапачаткова С. арыстакраты зняважліва называлі прадстаўнікоў гар. беднаты, якія насілі доўгія штаны з грубай матэрыі (у адрозненне ад дваран і буржуа, якія насілі кароткія штаны з шаўковымі панчохамі); пазней (асабліва ў час якабінскай дыктатуры 1793—94) тэрмін «С.» быў саманазвай радыкальных рэвалюцыянераў.

т. 14, с. 155

САНМІКЕ́ЛІ ((Sanmicheli) Мікеле) (1484, г. Верона, Італія — 1559),

італьянскі архітэктар; прадстаўнік Высокага Адраджэння. Зазнаў уплыў Д.​Брамантэ і Дж. да Сангала. У 1509—27 на папскай службе ў Рыме, з 1528 гал. архітэктар крэпасцей Венецыянскай рэспублікі. Будаваў гар. ўмацаванні ў Брэшыі, Бергама, на в-ве Керкіра і інш. Узбагаціў ордэрную сістэму складанымі дэкар. дэталямі, у т. л. матывамі рым. трыумфальнай аркі. Стваральнік новых тыпаў палацца, велічныя фасады якіх спалучалі строгую тэктоніку з выразнай пластыкай форм: палацца Бевілаква ў Вероне (1532), Грымані ў Венецыі (1556—72) і інш. Яго пабудовы ў Вероне ў многім вызначылі аблічча горада (вароты Порта Паліо, 1557; касцёл Мадонна ды Кампанья каля Вероны, з 1559).

М.Санмікелі. Порта Паліо. 1557.

т. 14, с. 157

СА́ННІКАВА ЗЯМЛЯ́,

гіпатэтычны востраў у Паўн. Ледавітым ак. на Пн ад Новасібірскіх а-воў. Упершыню пра яго паведаміў рус. прамысловец і даследчык Я.​Саннікаў у 1811, потым у 1886 і 1893 — Э.​Толь. Пасля доўгіх пошукаў, у 1-й пал. 20 ст. ўстаноўлена, што С.З. не існуе. Верагодна, яна была разбурана морам і знікла як шэраг інш. астравоў, складзеных гал. ч. з выкапнёвага лёду.

т. 14, с. 157

СА́ННІКАВА ПРАЛІ́Ў У Паўночным Ледавітым ак., паміж а-вамі Кацельны на Пн і Малы Ляхаўскі на Пд (Новасібірскія а-вы). Злучае моры Лапцевых і Усх.-Сібірскае. Даўж. 238 км, найменшая шыр. 55 км, глыб. 14—24 м. Круглы год укрыты льдамі. Названы імем Я.Саннікава.

т. 14, с. 157

СА́ННІКАЎ (Алег Канстанцінавіч) (14.9.1928, г. Гомель — 27.8.1983),

бел. літаратуразнавец і тэатразнавец. Сын К.​М.​Саннікава. Канд. філал. н. (1961). Скончыў БДУ (1952). З 1957 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1971 гал. рэдактар рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Мін-ва культуры Беларусі, з 1975 заг. кафедры тэорыі і гісторыі культуры Мінскага ін-та культуры. Даследчык бел. драматургіі і тэатра.

Тв.:

Сатырычныя характары беларускіх камедый. Мн., 1961;

Беларускі народны тэатр батлейка. Мн., 1962 (разам з Г.​І.​Барышавым);

Беларускі народны тэатр «батлейка» і яго ўзаемасувязі з рускім «вяртэпам» і польскай «шопкай». Мн., 1963 (з ім жа).

т. 14, с. 157

СА́ННІКАЎ (Канстанцін Мікалаевіч) (30.5.1896, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 12.7.1965),

бел. рэжысёр, акцёр, педагог. Нар. арт. Беларусі (1949). Праф. (1960). Скончыў Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). Акцёрскую дзейнасць пачаў у 1916. З 1918 у Першым т-ве бел. драмы і камедыі. Адзін з заснавальнікаў БДТ (1920). З 1926 акцёр і рэжысёр БДТ-2. У 1929 паставіў першы самастойны спектакль «Маёмасць» паводле аповесці Г.​Караваевай «Двор». У 1931—37 маст. кіраўнік БДТ-3, у 1937—61 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы (у 1948—52 гал. рэж.). З 1947 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це.

Яго спектаклям уласцівы грамадз. пазіцыя, вострае адчуванне сучаснасці, тонкае разуменне бел. нар. побыту і гумару, рамант. афарбоўка, паэтычнасць, выразнасць сцэнічнага малюнка. Зрабіў значны ўплыў на станаўленне бел. драматургаў К.​Крапівы, А.​Макаёнка, К.​Губарэвіча, Э.​Самуйлёнка, А.​Маўзона і інш. Сярод роляў: Аляксей («Рысь» паводле аповесці Э.​Ажэшкі «У зімовы вечар»), Васька Попел («На дне» М.​Горкага), Максімілян («Цар Максімілян», нар. драма), Аберон («Сон у летнюю ноч» У.​Шэкспіра), князь Капуста («Кацярына Жарнасек» М.​Клімковіча) і інш. Сярод пастановак; «Мой сябар» М.​Пагодзіна (1932), «Сяржант Дроб» і «Пагібель воўка» Самуйлёнка (1935, 1939), «Каварства і каханне» Ф.​Шылера (1937), «Партызаны» (1938, з Л.​Рахленкам), «Пяюць жаваранкі» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1952), «Людзі і д’яблы» (1958) К.​Крапівы, «Хлопец з нашага горада» (1941) К.​Сіманава, «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Цытадэль славы» і «На крутым павароце» Губарэвіча (1949, 1956), «Выбачайце, калі ласка!» Макаёнка (1954), «Смерць ваяводы» Ю.​Славацкага (1959), «Любоў, Надзея, Вера» П.​Васілеўскага (1961) і інш. Сярод вучняў Г.​Аўсяннікаў, Л.​Давідовіч, Г.​Дубаў, М.​Захарэвіч і інш.

Літ.:

Кандрашына К.М. Канстанцін Саннікаў. Мн., 1981;

Няфёд У.І. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982.

У.​І.​Няфёд.

К.М.Саннікаў.
К.Саннікаў у ролі князя Капусты (справа).

т. 14, с. 157