САНМІКЕ́ЛІ ((Sanmicheli) Мікеле) (1484, г. Верона, Італія — 1559),
італьянскі архітэктар; прадстаўнік Высокага Адраджэння. Зазнаў уплыў Д.Брамантэ і Дж. да Сангала. У 1509—27 на папскай службе ў Рыме, з 1528 гал. архітэктар крэпасцей Венецыянскай рэспублікі. Будаваў гар. ўмацаванні ў Брэшыі, Бергама, на в-ве Керкіра і інш. Узбагаціў ордэрную сістэму складанымі дэкар. дэталямі, у т. л. матывамі рым. трыумфальнай аркі. Стваральнік новых тыпаў палацца, велічныя фасады якіх спалучалі строгую тэктоніку з выразнай пластыкай форм: палацца Бевілаква ў Вероне (1532), Грымані ў Венецыі (1556—72) і інш. Яго пабудовы ў Вероне ў многім вызначылі аблічча горада (вароты Порта Паліо, 1557; касцёл Мадонна ды Кампанья каля Вероны, з 1559).