СА́НКЦЫІ (ад лац. sanctio строгая пастанова) у праве, меры ўздзеяння і рашэнні, якія маюць канчатковы характар (як правіла) і не падлягаюць перагляду. Маюць 4 асн. значэнні: 1) крымінальныя, адм., дысцыплінарныя ці маёмасныя меры, якія ўжываюцца да правапарушальніка і цягнуць для яго неспрыяльныя вынікі. Крымін. С. (пазбаўленне волі і інш.) прымяняюцца толькі судом, адм. С. (штраф, адм. арышт) — міліцыяй, дзярж. інспекцыяй і да т.п., дысцыплінарныя С. — службовымі асобамі і адміністрацыяй, маёмасныя С. — судом у спалучэнні з інш. мерамі.
2) Структурная частка агульнай нормы права, якая паказвае на магчымыя меры ўздзеяння на парушальніка дадзенай нормы.
3) Пастанова пракурора, якая дазваляе прымусовыя меры да асобы, што падазраецца ў злачынстве (узяцце пад варту, вобыск і інш.).
4) У міжнар. праве — меры ўздзеяння на дзяржаву, якая парушыла нормы гэтага права ці свае міжнар. абавязацельствы.
т. 14, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)