Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРЭ́ЧАСКАЯ МО́ВА,

адна з індаеўрапейскіх моў (грэч. група), афіц. мова Грэцыі і Кіпра (разам з турэцкай). Пашырана таксама ў Турцыі, Паўд. Албаніі, Паўд. Італіі, Егіпце, ЗША і інш. краінах. У гісторыі грэчаскай мовы вылучаюць 3 асн. перыяды: старажытнагрэчаскі (14 ст. да н.э. — 4 ст. н.э.), сярэднегрэчаскі (5—15 ст.), новагрэчаскі (з 15 ст.). Стараж.-грэч. мова прайшла наст. этапы развіцця: архаічны (з 14 — 12 да 8 ст. да н.э.), класічны (з 8—7 да 4 ст. да н.э.), эліністычны — перыяд фарміравання агульна-грэч. мовы — кайнэ (4—1 ст. да н.э.), познагрэч. (1—4 ст.) і існавала ў выглядзе дыялектаў, паступова набываючы пісьмовую форму (гл. ў арт. Грэчаскае пісьмо). Захавалася багатая л-ра класічнага перыяду на эалійскім (творы Сапфо, Алкея), дарыйскім (творы Алкмана, Эпіхарма, Сафрона, Філалая, матэматыка Архімеда), іанійскім (творы Гамера, Герадота, Гіпакрата), атычных дыялектах (творы Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда, Арыстафана і інш.). Стараж. грэчаская мова мела ў фанетыцы 5 (кароткіх і доўгіх) галосных фанем, асобны рад прыдыхальных зычных, муз. націск; у марфалогіі — развітую сістэму дзеяслоўных формаў, спрошчанае імянное скланенне, развітое словаўтварэнне.

З цягам часу стараж.-грэч. мова мянялася, і да сярэдзіны 15 ст. завяршыўся працэс станаўлення на нар. аснове важнейшых асаблівасцей новагрэч. мовы, што працякаў у кірунку звужэння галосных, манафтангізацыі дыфтонгаў, ператварэння прыдыхальных зычных у спіранты, замены муз. націску сілавым, спрашчэння сістэмы скланення, замены многіх сінтакс. формаў аналітычнымі канструкцыямі.

Грэчаская мова здаўна была вядома на Беларусі. У 16—17 ст. яе вывучалі ў брацкіх школах. Павялічвалася колькасць перакладаў з грэч. на бел. мову («Евангелле вучыцельнае», «Бяседы Макарыя», «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа» і інш.). У лексічным складзе бел. мовы замацавалася шмат грэцызмаў. З канца 17 ст. папулярнасць грэчаскай мовы на Беларусі ў сувязі з паланізацыяй грамадскага жыцця пачала змяншацца. У 20 ст., калі бел. мова пачала абслугоўваць сферы навукі, асветы, культуры і інш. і ўзнікла патрэба ў разнастайнай навук. тэрміналогіі, грэчаская мова зноў стала адыгрываць прыкметную ролю, і гэты працэс працягваецца.

Літ.:

Соболевский С.И. Древнегреческий язык. М., 1948.

А.М.Булыка.

т. 5, с. 511

ГРЭ́ЧАСКАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНА-ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1821—29,

нацыянальна-вызваленчая вайна грэкаў супраць тур. панавання, у выніку якой утворана самаст. грэч. дзяржава. Падрыхтавана членамі тайнага нац.-вызв. т-ва «Філікі Этэрыя» пад кіраўніцтвам А.Іпсіланці. На 1-м этапе рэвалюцыі (1821—22), якая пачалася з паўстання на Пелапанесе 25.3.1921 (з таго часу 25 сак. адзначаецца як Дзень незалежнасці Грэцыі), вызвалена значная ч. тэр. краіны. 13.1.1822 Нац. сход абвясціў незалежнасць Грэцыі, прыняў часовую канстытуцыю — Эпідаўрскі арганічны статут 1822, выбраў прэзідэнтам краіны К.Маўракардатаса. Летам 1822 грэч. атрады на чале з Т.Калакатронісам разбілі 30-тысячную тур. армію, якая ўварвалася на Пелапанес, а грэч. караблі атакавалі тур. ВМФ і прымусілі яго пакінуць Эгейскае м. На 2-м этапе вайны, у выніку абвастрэння сац. і паліт. супярэчнасцей паміж кіраўнікамі паўстанцаў, адбыліся 2 грамадз. Вайны (1823—24 і 1824—25). На 3-м этапе (1825—27) тур.-егіп. войскі акупіравалі ўсе грэч. вобласці на Пн ад Карынфскага перашыйка. На 4-м, апошнім, этапе (1827—29) Нац. сход у Трэзене ў сак. 1827 прыняў новую канстытуцыю, прэзідэнтам выбраны І.Кападыстрыя, які зрабіў шэраг захадаў па паляпшэнні эканам. становішча краіны, павышэнні баяздольнасці ўзбр. сіл, цэнтралізацыі кіравання. Прадстаўнікі Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі падпісалі Лонданскую канвенцыю 1827 аб спыненні грэка-тур. вайны і наданні Грэцыі поўнай унутр. аўтаноміі. Гэта прывяло да Наварынскай бітвы 1827 і рус.-тур. вайны 1828—29. Паводле Адрыянопальскага мірнага дагавора 1829 Турцыя прызнала аўтаномію Грэцыі. У 1830 Грэцыя атрымала незалежнасць. Рэвалюцыю падтрымала грамадскасць многіх краін свету, паўстанцам дапамагалі замежныя добраахвотнікі (сярод іх англ. паэт Дж.Байран).

Літ.:

Арш Г.Л. И.Каподистрия и греческое национально-освободительное движение, 1809—1822 гг. М., 1976.

т. 5, с. 511

ГРЭ́ЧАСКІ АРХІПЕЛА́Г,

некалькі груп астравоў у Эгейскім м. (Паўн. і Паўд. Спарады, Эўбея, Хіяс, Лесбас, Кіклады, Крыт і інш.). Тэр. Грэцыі. Пл. каля 20 тыс. км². Гарысты рэльеф, выш. да 2456 м (г. Іда на в-ве Крыт). Характэрна моцная сейсмічнасць і вулканічная дзейнасць. Клімат субтрапічны. Міжземнаморская расліннасць. Вырошчванне субтрапічных культур. Рыбалоўства. Турызм.

т. 5, с. 511

ГРЭ́ЧКА

(Fagopyrum),

род адна-, радзей шматгадовых травяністых раслін сям. драсёнавых. 4—5 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 2 віды: грэчка пасяўная, ці ядомая (F. sagittatum, ці F. esculentum), — каштоўная крупяная культура, грэчка татарская (F. tataricum) — пустазелле.

Грэчка пасяўная — аднагадовая расліна выш. 40—120 см. Сцябло голае, злёгку рабрыстае, галінастае. Лісце трохвугольна-сэрцападобнае, бліскучае, зялёнае, іншы раз з антыцыянавай чырвона-бурай афарбоўкай. Кветкі двухполыя, белыя, ружовыя, зрэдку чырвоныя, сабраныя ў гронкі. Плод — трохгранны арэшак. Грэцкія крупы маюць 14—18% бялкоў, да 80% крухмалу, 3—3,5 % тлушчаў, цукры, мінер. солі, вітаміны. Добры меданос (да 100 кг мёду з 1 га пасеваў). Вегетац. перыяд 60—120 сутак. Раянаваныя сарты бел. селекцыі: Аніта беларуская, Іскра, Жняярка, Смуглянка, Чарнаплодная, Юбілейная 2.

Літ.:

Культурная флора СССР. Т. 3. Крупяные культуры. М., 1975;

Каргальцев Ю.В., Пруцков Ф.М. Гречиха. М., 1986.

Т.А.Анохіна.

т. 5, с. 511

ГРЭ́ЧКА Андрэй Антонавіч

(17.10.1903, в. Галадаеўка Растоўскай вобл., Расія — 26.4.1976),

савецкі ваен. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1955), Герой Сав. Саюза (1958), Герой ЧССР (1969). Скончыў Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1936), Генштаба (1941). У арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны, паходу Чырв. Арміі ў Зах. Украіну і Зах. Беларусь (1939). У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце: каманд. дывізіяй, корпусам, 12, 47, 18 і 56-й арміямі. З кастр. 1943 нам. каманд. 1-м Укр. фронтам, са снеж. 1943 каманд. 1-й гвардз. арміяй. З 1945 каманд. войскамі Кіеўскай ваен. акругі, з 1953 галоўнакаманд. Групай сав. войск у Германіі, з 1957 1-ы нам. міністра абароны СССР, галоўнакаманд. сухап. войскамі, з 1960 галоўнакаманд. Аб’яднанымі ўзбр. сіламі краін Варшаўскага дагавора. У 1967—76 міністр абароны СССР. Аўтар мемуарных твораў.

т. 5, с. 512

ГРЭ́ЧКА Георгій Міхайлавіч

(н. 25.5.1931, С.-Пецярбург),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1975, 1978). Герой ЧССР (1978), лётчык-касманаўт СССР (1975). Д-р фіз.-матэм. н. (1984). Скончыў Ленінградскі мех. ін-т (1955). З 1966 у атрадзе касманаўтаў. 11.1—9.2.1975 з А.А.Губаравым ажыццявіў палёт на касм. караблі «Саюз-17» і арбітальнай станцыі «Салют-4», 10.12.1977—16.3.1978 з Ю.В.Раманенкам — на касм. караблі «Саюз-26» і арбітальнай станцыі «Салют-6» (здзейсніў выхад у космас; да арбітальнай станцыі прыстыкаваліся караблі «Саюз-27» з У.А.Джанібекавым і А.Р.Макаравым, грузавы трансп. карабель «Прагрэс-1», «Саюз-28» з Губаравым і У.Рэмекам; на Зямлю вярнуўся на караблі «Саюз-27»), 17—26.9.1985 з У.У.Васюціным і А.А.Волкавым — на караблі «Саюз Т-14» і арбітальнай станцыі «Салют-7» (на Зямлю вярнуўся на караблі «Саюз Т-13»), Правёў у космасе 134,9 сут. Залаты медаль імя К.Э.Цыялкоўскага (1978). Дзярж. прэмія УССР 1979.

т. 5, с. 512

ГРЭ́ШЭМА ЗАКО́Н,

гл. ў арт. Каперніка і Грэшэма закон.

т. 5, с. 512

ГРЭ́ЯМА ЗЯМЛЯ́

(Craham Land, Craham Coast),

англійская назва Антарктычнага паўвострава.

т. 5, с. 512