Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вараб’ёў Іван Пятровіч

т. 18, кн. 1, с. 361

Вараб’ёў Мікалай Цімафеевіч

т. 18, кн. 1, с. 361

Вараб’ёў Уладзімір Клаўдзіевіч

т. 18, кн. 1, с. 361

«ВАРА́Г»,

расійскі браняпалубны крэйсер 1-й Ціхаакіянскай эскадры, які вызначыўся на пач. рус.-японскай вайны 1904—05. Пабудаваны ў 1899 у Філадэльфіі (ЗША), дзейнічаў з 1901. Блакіраваны ў нейтральным карэйскім порце Чэмульпо (Інчхон), «Вараг» (камандзір — капітан 1-га рангу У.Ф.Руднеў) разам з кананерскай лодкай «Карэец» 9.2.1904 спрабаваў прарвацца ў Порт-Артур; у баі з эскадрай яп. контр-адмірала С.Урыу (6 крэйсераў, 8 мінаносцаў) патапіў мінаносец і пашкодзіў 2 крэйсеры. Затоплены экіпажам (з 570 маракоў загінулі 34 і паранены 188). У 1905 падняты і залічаны ў яп. флот як «Соя». У 1916 выкуплены рас. урадам і ўключаны ў склад Флатыліі Паўн. Ледавітага ак. У 1918 патануў у Ірландскім м. Імем «Вараг» ў 1965 названы ракетны крэйсер сав. Ціхаакіянскага флоту.

Літ.:

Мельников Р.М. Крейсер «Варяг». 2 изд. Л., 1983.

т. 3, с. 508

ВАРА́ГІ

(познагрэч. Barangoi ад стараж.-сканд. vaeringjar нарманскія воіны, якія служылі ў візант. імператараў),

1) у Візантыі любы наёмны воін.

2) Назва скандынаваў (продкаў датчан, нарвежцаў і шведаў) ва Усх. Еўропе ў 2-й пал. 9 — 1-й пал. 11 ст. У час сваёй экспансіі ў Еўропе ў эпоху вікінгаў (793—1066) датчане і нарвежцы рабілі марскія паходы гал. чынам у Зах. Еўропу (гл. Нарманы), шведы — пераважна ва Усходнюю. Апошнія гандлявалі, рухаючыся па водным шляху «з варагаў у грэкі» (праходзіў праз Беларусь), і па Волзе — да булгараў, хазараў і закаспійскіх народаў; абкладалі данінай і часткова захоплівалі слабаразвітыя вобласці Балт. рэгіёна; асн. сферамі іх дзейнасці на Русі паступова сталі гандаль і служба ў дружынах князёў. Варажскія паселішчы на землях усх. славян былі разрозненыя і адзінкавыя, а самі варагі хутка асіміляваліся. Ад факта знаходжання варагаў на Русі паходзіць т.зв. нарманская тэорыя. У «Аповесці мінулых гадоў» пад 859 згадваюцца крывічы, якія плацілі даніну варагам. У 862 крывічы разам з інш. плямёнамі прагналі варагаў за мора, адкуль яны прыйшлі. Аднак потым чудзь, наўгародскія славяне і крывічы запрасілі да сябе варажскіх князёў. Летапіс паведамляе, што Полацк заснавалі крывічы, а варагі ў ім прышлыя. Пра кантакты стараж. насельніцтва Беларусі з варагамі сведчаць таксама археал. матэрыялы (знаходкі сканцэнтраваны пераважна ўздоўж Зах. Дзвіны і Дняпра, а таксама на Гродзеншчыне).

Літ.:

Славяне и скандинавы: Пер. с нем. М., 1986;

Ловмяньский Х. Русь и норманы: Пер. с пол. М., 1985.

У.Я.Калаткоў.

т. 3, с. 508

ВАРАЖБА́,

магічныя спосабы і дзеянні, што нібыта прадказвалі будучыню і расказвалі пра былое. Узнікла ў першабытным грамадстве разам з раннімі формамі рэлігіі — верай у звышнатуральныя сілы, добрых і злых духаў, у лёс. Яшчэ стараж. земляробы прадказвалі надвор’е па зорках і сонцы; вавіланяне, этрускі, рымляне варажылі па печані ахвярнай жывёлы. У многіх народаў вядома варажба на касцях, бобе, арэхах, кававай гушчы, а таксама па лініях далоні, па картах і інш. Калі ў варажбе па прыкметах ёсць пэўнае рацыянальнае зерне (прыродныя назіранні), дык іншыя яе віды грунтуюцца на ўяўным знешнім падабенстве або процілегласці (напр., бачыць у сне ягады — слёзы, чыстую ваду — радасць, мутную ваду — смутак). Беларусы найчасцей варажылі на Каляды, на багатую куццю перад Новым годам. Варажба павінна была прадвызначыць надыходзячы год: з-пад каляднага абруса сена паказвала на даўжыню будучага лёну; перавага пэўнага віду зерня ў трыбуху заколатага парсюка — якое збожжа найбольш уродзіць. Дзяўчаты варажылі пра замужжа (упоцемку ў хляве зловіць баранчыка — выйдзе замуж; з якога боку пачуе брэх сабакі — там яе нарачоны і інш.). Гл. таксама Магія.

т. 3, с. 509

ВАРА́ЖСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ , адно з самых стараж. зледзяненняў у Еўропе. Вылучана Л.М.Вазнечуком у 1961—65 як зледзяненне, якое ўкрывала амаль усю Паўн. Еўропу. Атаясамлівалася з першым з 2 міндэльскіх зледзяненняў, з 1971 — з нараўскім зледзяненнем. З 1990-х г. з варажскім зледзяненнем звязваюць варажскі гарызонт эаплейстацэну, які адпавядае скандынаўскаму зледзяненню. На тэр. Беларусі азёрныя і рачныя адклады варажскага зледзянення (алеўрыты, супескі, пяскі з рэшткамі арктабарэальных раслін) найб. пашыраны на Палессі. У час варажскага зледзянення адбылася змена палеамагнітных эпох: адмоўна намагнічаныя пароды эпохі Матуяма змяніліся дадатна намагнічанымі пародамі сучаснай эпохі Брунас каля 730 тыс. г. назад (гл. Палеамагнетызм).

А.Ф.Санько.

т. 3, с. 509

ВАРА́ЖСКАЕ МО́РА,

адна з былых назваў Балтыйскага мора. Паходжанне назвы звязана з дзейнасцю стараж. скандынаваў, гал. чынам продкаў шведаў, якія жылі на берагах Балтыкі і ў 9—11 ст. рабілі марскія паходы ва Усх. Еўропу (гл. Варагі). Згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў», як «Бахр-Варанк» у працах араб. аўтараў Біруні (пач. 11 ст.), Шыразі (пач. 14 ст.), Хаджы-Хальфы (17 ст.). У рус. мове выкарыстоўвалася да 18 ст.

т. 3, с. 509

ВАРА́ЖСКІ ЗАЛІ́Ў,

гл. Варангер-фіёрд.

т. 3, с. 509

ВАРАЖЦО́Ў Мікалай Мікалаевіч

(28.4.1881, г. Іркуцк, Расія — 9.8.1941),

савецкі хімік-арганік, адзін з арганізатараў анілафарбавальнай прам-сці. Скончыў Харкаўскі тэхнал. ін-т (1904). У 1904—18 выкладаў у розных ун-тах Расіі (праф. з 1917). З 1916 арганізатар і кіраўнік лабараторыі «Рускафарба», з 1924 у Маскоўскім хіміка-тэхнал. ін-це. Навук. працы па хіміі фарбавальнікаў, іх будове, здольнасці афарбоўваць прыродныя валокны. Аўтар манаграфіі «Асновы сінтэзу прамежкавых прадуктаў і фарбавальнікаў» (1934). Дзярж. прэмія СССР 1952.

т. 3, с. 509