Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАГІЛЁЎСКАГА НАСТА́ЎНІЦКАГА ІНСТЫТУ́ТА БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры эклектыкі ў Магілёве. Узведзены ў 1853. Спалучае рысы стыляў позняга класіцызму, псеўдарус. і мадэрн. Мураваны 3-павярховы Т-падобны ў плане будынак. Гал. фасад расчлянёны 3 неглыбокімі рызалітамі з параднымі ўваходамі, балконамі 2-ra і 3-га паверхаў з ажурнымі металічнымі агароджамі і невысокімі атыкамі з паўцыркульнымі франтонамі ў цэнтры. Фасад карнізнымі паясамі падзелены на 3 ярусы. 1-ы ярус масіўны, вырашаны як цокаль, сцены аздоблены руставанымі пілястрамі. Рытм 2-га яруса ствараюць размешчаныя папарна арачныя аконныя праёмы, падзеленыя пілястрамі, з геам. скульпт. арнаментам архівольтаў паўцыркульных арак, міжаконных пілястраў і інш. 3-і ярус з прамавугольнымі аконнымі праёмамі кантрастна вылучаецца больш дробным маштабам арх. дэталей. У Вял. Айч. вайну будынак пашкоджаны, у 1953 адноўлены. Напачатку ў будынку размяшчалася жаночая гімназія, з 1913 — настаўніцкі ін-т, з 1919 — Ін-т нар. адукацыі, з 1930 — пед. ін-т, цяпер Магілёўскі пед. ун-т імя А.Куляшова.

Ю.А.Якімовіч.

Магілёўскага настаўніцкага інстытута будынак.

т. 9, с. 451

МАГІЛЁЎСКАГА ПАЗЯМЕ́ЛЬНА-СЯЛЯ́НСКАГА БА́НКА БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры пач. 20 ст. ў Магілёве. Узведзены ў 1903—14 ст. паводле праекта арх. А.В.Друкера (захаваліся эскізныя варыянты пабудовы). Мае рысы стыляў мадэрн, псеўдарус. і позняга класіцызму. 2-павярховы (з невысокім цокальным паверхам) Т-падобны асіметрычнай кампазіцыі ў плане будынак. Гал. фасад расчлянёны 2 рызалітамі. Адзін з іх мае шатровае завяршэнне, аздоблены шчытом у выглядзе какошніка з ляпной разеткай у цэнтры, 2-і вырашаны ў выглядзе 2-яруснай вежы (васьмярык на чацверыку), завершанай нізкім шатровым дахам. У дэкар. афармленні выкарыстаны рустыка цокаля, прафіляваныя архівольты какошнікаў, несапраўдныя машыкулі, дэкар. ўстаўкі ў выглядзе разетак у прамавугольных рамках, паўкалонкі з ляпнымі кампазітнымі капітэлямі, паяскі, расл. арнамент у аздабленні акон-трыфорыумаў, разныя драўляныя дзверы і інш. У будынку знаходзіцца Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В.Масленікава і галерэя П.В.Масленікава.

Ю.А.Якімовіч.

т. 9, с. 452

МАГІЛЁЎСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «ХІМВАЛАКНО́» імя У.І.Леніна.

Створана ў 1975 у Магілёве. У складзе аб’яднання: Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, Магілёўскі завод штучнага валакна, з-ды: арган. сінтэзу, поліэфірных нітак, рамонтна-мех., па перапрацоўцы прамысл. сцёкавых вод і апрацоўцы асадку; вытв-сць сінт. комплексных нітак. Асн. прадукцыя (1999): дыметылтэрафталат, поліэтылентэрафталат, поліэфірныя валокны і ніткі, віскозная тэкст. нітка, віскозная абалонка для сасісак, поліпрапіленавая плёнка, тавары нар. ўжытку.

т. 9, с. 452

МАГІЛЁЎСКАЕ МУЗЫ́ЧНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА імя М.А.Рымскага-Корсакава.

Засн. ў 1937 на базе Магілёўскай муз. школы імя Рымскага-Корсакава (з 1919). У 1999/2000 навуч. г. спецыяльнасці: фп., струнныя, духавыя, нар. інструменты, дырыжыраванне (акад. і нар. хор), музыказнаўства. Рыхтуе выкладчыкаў дзіцячых муз. школ, артыстаў аркестра і хору, кіраўнікоў самадз. хароў і аркестраў, выкладчыкаў музыкі і спеваў агульнаадук. школ. Сярод творчых калектываў: аркестры рус. нар. інструментаў, сімфанічны, духавы, цымбальны; хор, ансамбль скрыпачоў, квартэт трамбаністаў. У розны час у вучылішчы выкладалі: А.Боркус, Т.Ворашань, С.Грачак, С.Гурэвіч, Я.Далгін, Л.Каганаў, С.Куляшоў, Л.Лазарэнка, І.Лушчыкаў, Е.Мінковіч, З.Міхалевіч, Н.Мендзялеўская, А.Мысаў, І.Паўлаў, В.Тупіцын, С.Файнштэйн, А.Яўстратаў і інш. Вучылішчам кіравалі: Л.Зісман (1937—56), М.Салдатаў (1956—73), Л.Іваноў (1973—98), А.Кірэйчанка (з 1998). Сярод выпускнікоў: М.Браценнікаў, У.Будкевіч, П.Вандзілоўскі, П.Дружына, У.Ермалаеў, Ю.Златкоўскі, В.Купрыяненка, Л.Ліхачэўская, С.Лясун, Б.Мазур, М.Марэцкі, М.Нікіцін, Ф.Пыталеў, В.Раінчык, А.Сасноўскі, У.Скараходаў, Т.Шчэрба, Т.Якіменка і інш.

Літ.:

Могилевское музыкальное училище им. Н.А.Римского-Корсакова (1937—1987). Могилев, 1987.

Л.А.Сівалобчык.

т. 9, с. 452

МАГІЛЁЎСКАЕ НАРО́ДНАЕ АПАЛЧЭ́ННЕ 1941,

ваенізаванае фарміраванне, створанае паводле рашэння Магілёўскага абкома КП(б)Б у адпаведнасці з дырэктывай ЦК КП(б)Б і СНК БССР ад 30.6.1941. Налічвала ў горадзе больш за 10 тыс. чал., аб’яднаных у батальёны. Створаны 2 штабы — гарадскі і абласны. Камандаваў нар. апалчэннем абласны ваен. камісар І.П.Ваяводзін. Атрады дзейнічалі на гарбарным, аўтарамонтным, косцеперапрацоўчым з-дах, чыг. вузле, у пед. ін-це і інш., сфарміраваны батальён (камандзір К.Р.Уладзіміраў) і атрад (Дз.С.Вольскі) з супрацоўнікаў абл. ўпраўлення НКУС і міліцыі. Апалчэнцы вобласці (каля 12 тыс. чал.) вялі барацьбу з дыверсантамі і шпіёнамі, ахоўвалі лініі сувязі і прамысл. аб’екты, удзельнічалі ў эвакуацыі насельніцтва і прадпрыемстваў, у стварэнні абарончых рубяжоў. 3—26 ліп. разам з часцямі і падраздзяленнямі Чырв. Арміі горад абаранялі апалчэнцы: на 3 дзейнічалі атрады ф-кі штучнага шоўку (страціў палову свайго складу), гарбарнага і косцеперапрацоўчага з-даў, на ПнЗ — батальёны супрацоўнікаў міліцыі (з 250 чал. жывымі засталіся 19), і знішчальны (камандзір М.І.Калугін), атрады чыг. вузла, з-даў трубаліцейнага і «Адраджэнне»; на левым беразе Дняпра (прыкрывалі тыл) атрады Вольскага (загінулі ўсе), аўтарамонтнага з-да, мясакамбіната і інш. прадпрыемстваў, пед. ін-та (гл. Магілёва абарона 1941). Выкарыстаўшы перавагу ў сілах і сродках, ням. захопнікі 26 ліп. ўварваліся ў Магілёў. Вайскоўцы і апалчэнцы пакінулі горад. Многія з іх прадаўжалі барацьбу ў радах Чырв. Арміі, партыз. атрадах і падполлі. На брацкіх магілах апалчэнцаў у Магілёве і пас. Гаі пастаўлены помнікі.

У.І.Лемяшонак.

т. 9, с. 452

МАГІЛЁЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з канца ліп. 1941 да чэрвеня 1944 у г. Магілёў. Існавалі групы ў ваен. шпіталі (стваральнік Р.Дз.Казлоў) на чыг. вузле (кіраўнікі П.І.Бялько, А.В.Гарошка, П.В.Дракаў, В.М.Жывапісцава, І.С.Малашкевіч, В.І.Пудзін, Г.С.Трактатава), аўтарамонтным з-дзе (В.І.Батура, М.І.Харкевіч), ф-цы штучнага шоўку, у «Рыбзбыце» (В.П.Станкевіч), абл. бальніцы (М.П.Куўшынаў), на хлебазаводзе (М.М.Яўціхіеў), камсам.-маладзёжная група (І.М.Лысіковіч), група б. ваеннаслужачых (І.Г.Гурыеў, П.А.Пяхоцін, В.Дз.Швагрынаў), групы А.І.Шубадзёрава, М.К.Гвоздаравай, П.І.Крысевіча, В.І.Лусто, М.Я.Новікава, У.П.Шалюты і інш. Да студз. 1941 існавалі 42 падп. групы (больш за 250 чал.). Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, збіралі зброю, боепрыпасы, медыкаменты, здабывалі звесткі разведкі для партызан, праводзілі дыверсіі на чыгунцы, прадпрыемствах горада, выратоўвалі моладзь ад вывазу ў Германію. У крас. 1942 па ініцыятыве Казлова для кіраўніцтва падполлем створаны «Камітэт садзеяння Чырвонай Арміі» (кіраўнікі Гарошка, Крысевіч, Куўшынаў, Лысіковіч, С.М.Шакура, Шалюта), які арганізаваў выданне газ. «За Родину», з восені 1942 — «За Советскую Родину». У выніку масавых аблаў гітлераўцы знішчылі кіруючы склад «Камітэта», загубілі 188 падпольшчыкаў. 3 сак. 1943 з дапамогай Магілёўскага райкома КП(б)Б створаны падп. групы ў паравозным дэпо, на трубаліцейным з-дзе, у ням. сталоўках, складах, дапаможных гаспадарках. Падпольшчыкі правялі шэраг буйных дыверсій, збіралі для партызан прадукты, тытунь, соль, зброю.

Літ.:

Подвиги их бессмертны. Мн., 1978. С. 246.

Б.П.Гардзееў.

т. 9, с. 452

МАГІЛЁЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1661 Адбылося 11.2.1661 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. 3.9.1654 Магілёў перайшоў без бою на бок маскоўскага войска. Хутка паміж магістратам і рас. вайсковай адміністрацыяй узніклі супярэчнасці. Выбухнуў канфлікт і паміж бел. праваслаўным духавенствам і маскоўскай іерархіяй. Паўстанне пачалося раней запланаванага тэрміну з-за рабаўніцтва і знявагі на рынку маскоўскімі ратнікамі магілёўскіх гандлярак. Пад умоўны вокліч «Пара! Пара!» бурмістр Язэп Левановіч, узброены катаўскім мячом, кінуўся секчы крыўдзіцеляў; зазваніў ратушны звон. На дапамогу мяшчанам прыйшлі выпушчаныя імі ваеннапалонныя. Маскоўскі гарнізон (ад 2 тыс. да 7 тыс. чал. паводле розных крыніц) амаль цалкам быў вынішчаны, ваявода С.С.Гарчакоў трапіў у палон. Найб. актыўныя ўдзельнікі паўстання атрымалі шляхецтва. Магілёву вернута магдэбургскае права, ён быў ураўнаваны ў правах з Вільняй, яму нададзены новы гар. герб.

І.А.Марзалюк.

т. 9, с. 452

МАГІЛЁЎСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА,

агульнаадукацыйная сярэдняя навуч. ўстанова ў 1885—1918 у Магілёве. Уваходзіла ў Віленскую навуч. акругу. Утрымлівалася за кошт казны, збораў за навучанне і сродкаў мясц. т-ва ўзаемнага крэдыту. Мела 7 класаў і падрыхтоўчае аддзяленне. У 1907 навучалася 236 юнакоў, у 1915—321. Працавалі выкладчыкі з ун-таў Парыжа, Масквы, Пецярбурга, Варшаўскага політэхн. ін-та і інш. Выкладаліся: рус., ням. і франц. мовы, геаграфія, прыродазнаўства, гісторыя, хімія, заканазнаўства, матэматыка, фізіка, касмаграфія, маляванне, чарчэнне, асновы ваен. навукі, музыка, гімнастыка. Выпускнікі мелі льготы пры паступленні ў вышэйшыя тэхн. і с.-г. навуч. ўстановы, на фізіка-матэм. ф-ты ун-таў. Цяпер у будынку М.р.в. пед. каледж.

А.Ф.Самусік.

т. 9, с. 453

МАГІЛЁЎСКАЕ СТАРО́СТВА,

гл. ў арт. Магілёўская воласць.

т. 9, с. 453

МАГІЛЁЎСКАЙ ГАРАДСКО́Й УПРА́ВЫ БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры эклектыкі ў Магілёве. Узведзены ў 2-й пал. 19 ст. ў гіст. цэнтры горада, спалучае рысы стыляў позняга класіцызму і псеўдарускага. Мураваны будынак складаецца са злучаных 2 прамавугольных у плане аб’ёмаў: 3- і 2-павярховага. Гал. тарцовы фасад карнізнымі паясамі (цягамі) падзелены на 3 ярусы: 1-ы ярус масіўны, з 4 руставанымі пілонамі, мае невял. спараныя арачныя аконныя праёмы абапал параднага ўвахода; 2-і ярус вылучае група парадных памяшканняў, вырашаны ён больш багата: паміж падвойнымі пілонамі высокія арачныя спараныя вокны-біфорыумы, аздобленыя архівольтамі, калонамі, сандрыкамі; 3-і ярус рытмічна расчлянёны невял. прамавугольнымі аконнымі праёмамі, згрупаванымі па 3. Сцены завершаны высокім складаным па форме прафіляваным карнізам.

Т.І.Чарняўская.

Магілёўскай гарадской управы будынак.

т. 9, с. 453