ЛУК’Я́НАЎ (Анатоль Іванавіч) (н. 7.5.1930, г. Смаленск, Расія),
расійскі паліт. дзеяч. Д-р юрыд. н. Скончыў Маскоўскі ун-т (1953). З 1961 у апараце Прэзідыума Вярх. Савета СССР і ЦК КПСС. З 1989 1-ы нам., у 1990—91 старшыня Вярх. Савета СССР. Пасля жнівеньскіх падзей 1991 да снеж. 1992 знаходзіўся пад арыштам. З 1995 старшыня к-та Дзярж думы Федэральнага сходу Рас. Федэрацыі па заканадаўстве і судова-прававой рэформе. Аўтар паэт. зборнікаў «Сугучча» (псеўданім — А.Осенеў), «Вершы з турмы», «Песня пратэсту». На яго вершы І.Лучанок напісаў цыкл песень.
т. 9, с. 367
ЛУК’Я́НАЎ (Віктар Міхайлавіч) (н. 27.2. 1940, в. Уласава Віцебскага р-на),
бел. мастак. Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1967). Працуе пераважна ў тэхніцы акварэлі. Станковым творам уласцівы лірычная і сімвалічна-рамант. вобразнасць, кампазіцыйная цэласнасць, дакладная прапрацоўка формы, выразнасць тонавых кантрастаў, сакавіты колер. Аўтар тэматычных кампазіцый «1941» (1974), «Браслаўскія рыбакі» (1975), трыпціхаў «На Віцебскім дывановым» (1978), «Ранішняя змена» (1981), «Сураж—Віцебск» (1984), «Яблыкі на снезе» (1990), нацюрмортаў «Хлеб» (1970), «Прасніцы» (1989), «Матылёк» (1990), «Чырвоны нацюрморт» (1998), пейзажаў «Вечарэе» (1968), «Наваполацк. 4-ы мікрараён» (1971), «На Заходняй Дзвіне» (1978), «Веснавы матыў» (1984), «Зімовае сонца» (1998), партрэтаў. Выканаў размалёўкі «Памяць» у Музеі баявой славы ў Полацку (1972), «Легенда пра стары Полацк» у кавярні «Віцязь» (1979), «Белая Русь» у кінатэатры «Мінск» (1981), «Дзвіна» ў рэстаране «Пралеска» (1983) — усе ў Наваполацку.
М.Л.Цыбульскі.
т. 9, с. 367
ЛУК’Я́НАЎ (Мікола) (Мікалай Піліпавіч; н. 20.7.1924, в. Лешчанка Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Засл. работнік сац. забеспячэння Беларусі (1981). У 1944 на фронце быў паранены і страціў зрок. У 1948—68 настаўнік у Бабруйску, у 1969—89 старшыня Магілёўскага абл. праўлення т-ва сляпых. Друкуецца з 1963. У аповесцях «I цемра адступіла» (1987), «Яго боль» (1992), «Цяжкія дарогі» (1993) пранікненне ў свет чалавечых пачуццяў.
Тв.:
Спакуса. Магілёў, 1998;
І цемра адступіла... Мн., 1999.
т. 9, с. 367
ЛУК’Я́НЕНКА (Ларыса Генадзеўна) (н. 7.8.1973, в. Стойба Краснаярскага краю, Расія),
бел. спартсменка (маст. гімнастыка). Засл. майстар спорту Беларусі (1994). Суддзя міжнар. катэгорыі (1997). Скончыла Акадэмію фіз. выхавання і спорту (1999, Мінск). З 1998 старшы трэнер маладзёжнай зборнай каманды Беларусі па гімнастыцы. Чэмпіёнка свету (1992, 1994, 1995, 1996), сярэбраны (1994, 1995, 1996) і бронз. (1992, 1995) прызёр у мнагабор’і і асобных відах практыкаванняў. Чэмпіёнка Еўропы (1992, 1994), сярэбраны і бронз. (1992, 1994, 1996) прызёр. Уладальніца Кубка Еўропы (1993, 1995).
т. 9, с. 367
ЛУК’Я́НЕНКА (Павел Панцеляймонавіч) (96.1901, станіца Іванаўская Краснадарскага краю, Расія — 13.6.1973),
расійскі вучоны ў галіне раслінаводства і селекцыі. Акад. АН СССР (1964), акад. УАСГНІЛ (1948). Двойчы Герой Сац. Працы (1957, 1971). Скончыў Кубанскі с.-г. ін-т (1926). З 1956 у Краснадарскім НДІ сельскай гаспадаркі. Навук. працы па селекцыі збожжавых культур. Аўтар і сааўтар 15 раянаваных сартоў азімай пшаніцы. Ленінская прэмія 1959. Дзярж. прэмія СССР 1946.
Тв.:
Селекция продуктивных и устойчивых к полеганию сортов озимой пшеницы // Генетика — сельскому хозяйству. М., 1963;
Итоги селекции озимой пшеницы на Кубани // Достижения отечественной селекции. М., 1967.
т. 9, с. 367
ЛУК’ЯНО́ВІЧ (Трыфан Андрэевіч) (1919, в. Рэпішча Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 30.4.1945),
удзельнік Вял. Айч. вайны. З 1939 працаваў слесарам на Мінскім радыёзаводзе. На фронце з 1941. Удзельнік Сталінградскай бітвы, баёў на Сандамірскім плацдарме, штурму Берліна. 25.4.1945 старшы сяржант Л. пры выратаванні нямецкай дзяўчынкі смяротна паранены. Пра гэта ў крас. 1945 расказаў пісьменнік Б.Палявой у газ. «Правда» і ў арт. «Помнім імя тваё...» у газ. «Комсомольская правда» (1.4.1976). Высакародны гуманны ўчынак Л., які ў час вайны страціў жонку і дваіх дзяцей, маці і бацьку, пакладзены ў аснову кампазіцыі помніка-ансамбля воінам Сав. Арміі, якія загінулі ў барацьбе з фашызмам, у Трэптаў-парку ў Берліне (скульпт. Я.Вучэціч, арх. Я.Белапольскі). На месцы самаахвярнага подзвігу Л. ў Берліне (на Эльзенштрасе) устаноўлены мемарыяльны знак. У Мінску на будынку вытв. аб’яднання «Белвар» (праспект Ф.Скарыны, дом № 58) устаноўлена мемар. дошка з гарэльефамі воіна і выратаванай ім дзяўчынкі (скульпт. З.Азгур, арх. Ю.Казакоў).
Літ.:
Сафонов М.И. Ссмнадцать штурмовых дней. Саратов, 1985. С. 97—104.
т. 9, с. 367
ЛУК’Я́НЧЫКАЎ (Сяргей Пятровіч) (н. 9.11.1945, г. Смаленск, Расія),
бел. кінарэжысёр дакумент. кіно, сцэнарыст. Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1974). З 1963 на кінастудыі «Беларусьфільм». Рэжысёрскую манеру вылучаюць экспрэсіўнасць, музыкальнасць, арыгінальнасць маст. вырашэння. Сярод спарт. фільмаў «Паляванне на золата» (1974; Гран пры Міжнар. фестывалю спарт. фільмаў у Корціна д’Ампеца, Італія, 1975), «Шчаслівыя берагі Алімпіі» (1978), «Тэхніка водналыжнага спорту» (1981), «Гарадкі — народная гульня» (1998, Гран пры Міжнар. фестывалю спарт. фільмаў у Палерма, Італія, 1998). Стварыў цыкл маст.-публіцыст. фільмаў «Наш Афганістан» («Боль», 1986; «Я з падпарадкавання выйшаў», 1989; «Сорам», 1990). Дакумент. фільмы «Адлучэнне» (1993), «Смутак» (1994), «Чарнобыль. Фантомы», «Асколкі аўтабіяграфіі», «Чарнобыль. Попел» (усе 1996) пра чарнобыльскую трагедыю. Сярод інш. фільмаў — «Трамвай NON-STOP» (1993), «Другі» (1996, 1-ы прыз Міжнар. фестывалю «Тыдзень сусв. эксперым. кіно», Мадрыд, 1997). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980.
т. 9, с. 368