КРЭМНІЙАРГАНІ́ЧНЫЯ ВА́ДКАСЦІ, сіліконавае масла,
арганасілаксанавыя алігамеры ці палімеры з невысокай малекулярнай масай, якія захоўваюць цякучасць у шырокім дыяпазоне тэмператур (ад -135 да 250—300 °C). К.в. бясколерныя, характарызуюцца гідрафобнасцю, хім. інертнасцю, адносна малым змяненнем вязкасці пры змене т-ры, высокімі сціскальнасцю, тэрмічнай (240—350 °C) і тэрмаакісляльнай (150—300 °C) стабільнасцю, добрымі дыэлектрычнымі ўласцівасцямі. Выкарыстоўваюць у якасці гідраўлічных вадкасцей, гідрафабізатараў, змазак і інш. Гл. таксама Крэмнійарганічныя палімеры.
т. 8, с. 539
КРЭМНІЙАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
рэчывы, малекулы якіх маюць атамы крэмнію (Si), злучаныя з атамам вугляроду непасрэдна або праз атам інш. элемента. Падзяляюць на манамерныя (у малекуле адзін ці некалькі атамаў Si) і высокамалекулярныя — крэмнійарганічныя палімеры.
Вядомы розныя групы К з.: з адным атамам Si (звычайна іх разглядаюць як вытворныя сілану SiH4) — арганагалагенсіланы [напр., (CH3)3SiCl трыметылхлорсілан], алкоксісіланы [напр., (C2H5O)3SiH трыэтоксісілан], арганасіланолы [напр., (C6H5)2Si(OH)2 дыфенілсіландыол] і інш.; з некалькімі атамамі Si — арганасілаксаны ці сілаксаны [напр., (CH3)3SiOSi(CH3)3 гексаметылдысілаксан], маюць у малекуле групоўку Si—O—Si, арганасілазаны з групоўкай Si—N—Si у малекуле [напр., (CH3)3SiNHSi(CH3)3 гексаметылдысілазан] і інш.; крэмнійэлементаарганічныя злучэнні — К.з., у малекуле якіх ёсць сувязь Si—M i Si—Y—M, дзе M — атам металу ці неметалу (напр., літый, алюміній, бор, фосфар), Y — група, якая мае атам вугляроду, кіслароду, азоту, серы, злучаны з Si. Большасць К.з. — бясколерныя вадкасці; дыэлектрыкі. Раствараюцца ў арган. растваральніках, некат. (напр., арганасіланолы) — і ў вадзе. Біялагічна актыўныя рэчывы. Выкарыстоўваюць у сінтэзе крэмнійарган. палімераў, лек. сродкаў, вытв-сці крэмнійарган. вадкасцей і каўчукоў, смол і лакаў, у якасці гідрафабізатараў, антыадгезіваў, напаўняльнікаў пластмас, цепланосьбітаў (да 400 °C) і інш.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 8, с. 539
КРЭМНІЙАРГАНІ́ЧНЫЯ КАЎЧУКІ́, сіліконавыя каўчукі, сілаксанавыя каўчукі,
крэмнійарганічныя палімеры, якія пасля вулканізацыі ператвараюцца ў гуму; каўчукі сінтэтычныя спец. прызначэння.
Прамысл. К.к. адносяцца да класа поліарганасілаксанаў, маюць агульную ф-лу [—Si5(R2)—O—] малекулярную масу (3—8)105, шчыльн. 960—980 кг/м³. Для К.к. характэрны малая вязкасць, нізкія т-ры шклавання (ад -110 да -130 °C), цеплаправоднасць і дыэл. пранікальнасць. Вулканізуюцца К.к. арган. пераксідамі (напр., бензаілу пераксід), у гумавыя сумесі для атрымання гумы з добрымі мех. ўласцівасцямі дадаюць узмацняльны напаўняльнік (высокадысперсны крэмнію дыаксід). Гума на аснове К.к. вызначаецца высокімі дыэл. ўласцівасцямі і марозаўстойлівасцю, устойлівая да тэрмічнага старэння, уздзеяння кліматычных і біял. фактараў, фізіял. інертная. Гуму выкарыстоўваюць у эл.-тэхн. прам-сці як электраізаляцыйны матэрыял, у авіябудаванні (ушчыльняльнікі для дзвярэй, ілюмінатараў, амартызатары), у медыцыне для вырабу эндапратэзаў (напр., суставаў, штучных артэрый, клапанаў сэрца); нізкамалекулярныя К.к. — для вырабу герметыкаў (гл. Вадкія каўчукі).
Я.І.Шчарбіна.
т. 8, с. 539
КРЭМНІЙАРГАНІ́ЧНЫЯ ПАЛІМЕ́РЫ,
сінтэтычныя высокамалекулярныя злучэнні, якія маюць атамы крэмнію (Si) у манамерным звяне. Найб. даследаваны і шырока выкарыстоўваюцца ў прам-сці поліарганасілаксаны ці сіліконы.
Поліарганасілаксаны — К.п. агульнай ф-лы [—Si(R,Ŕ′)—O—]n, у якіх асн. ланцуг макрамалекулы складаецца з атамаў Si, што чаргуюцца з атамамі кіслароду, і непасрэдна злучаны з атамамі вугляроду бакавых груп R, R — арган. радыкалаў (напр., метыл CH3-, этыл C2H5-, феніл C6H5-груп), якія абрамляюць асн. ланцуг. Лінейныя і разгалінаваныя К.п. з невысокай малекулярнай масай — вязкія бясколерныя вадкасці (гл. Крэмнійарганічныя вадкасці); высокамалекулярныя лінейныя — эластамеры (гл. Крэмнійарганічныя каўчукі) а сшытыя і разгалінаваныя — цвёрдыя, шклопадобныя, крохкія рэчывы. Вызначаюцца высокай тэрмастойкасцю, добрымі электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі, гідрафобнасцю, устойлівасцю да ўздзеяння кіслот і шчолачаў, фізіял інертнасцю. Выкарыстоўваюць у якасці сувязнага ў вытв-сці пластмас, напр., шклопластыкаў, прызначаных для работы пры павышаных т-рах.
М.Р.Пракапчук.
т. 8, с. 539
КРЭ́МНІЮ ДЫАКСІ́Д, крэменязём,
хімічнае злучэнне крэмнію з кіслародам, SiO2. У крышт. форме бясколернае цвёрдае рэчыва, існуе ў некалькіх паліморфных мадыфікацыях (у прыродзе сустракаюцца ў выглядзе мінералаў): кварц (tпл 1610 °C), трыдыміт (tпл 1680 °C), крыстабаліт (tпл 1723 °C); пры высокім ціску ўтвараюцца кітыт, каэсіт і сцішавіт (шчыльн. 4350 кг/м³, β-кварц мае шчыльн. 2530 кг/м³). Акрамя крышталічнага характэрныя і інш. формы існавання прыроднага крэменязёму: скрытакрышт. (халцэдон), аморфная (апал), тонкадысперсная (трэпел). Расплаўлены SiO2 пры астыванні пераходзіць у шклопадобны стан (гл. Кварцавае шкло).
К.д. не раствараецца ў вадзе, к-тах (акрамя плавікавай), арган. растваральніках. Хімічна ўстойлівы: узаемадзейнічае з фторам і фторыстым вадародам пры награванні (250—400 °C), са шчолачамі і многімі аксідамі пры сплаўленні ўтварае сілікаты. Прыродны К.д. выкарыстоўваюць у вытв-сці сілікатнага шкла, керамікі, абразіваў, бетону, для атрымання крэмнію; сінт. (т. зв. «белая сажа») — як напаўняльнік для гумы; монакрышталі кварца — у радыётэхніцы, акустаоптыцы і акустаэлектроніцы, ювелірнай справе (паўкаштоўныя камяні). Працяглае ўдыханне крэменязёмнага пылу выклікае сілікоз лёгкіх.
т. 8, с. 539
КРЭ́МНІЮ КАРБІ́Д, карбарунд,
хімічнае злучэнне крэмнію з вугляродам, SiC.
Бясколерныя крышталі з алмазным бляскам (пры наяўнасці прымесей мае зялёны, цёмна-шэры ці чорны колер). Тугаплаўкі (tпл 2830 °C, плавіцца з раскладаннем); па цвёрдасці саступае толькі алмазу і карбіду бору; паўправаднік. Хімічна ўстойлівы: не ўзаемадзейнічае з к-тамі (акрамя канцэнтраваных плавікавай і азотнай), растворамі шчолачаў. Атрымліваюць узаемадзеяннем дыаксіду крэмнію з вугалем пры 1600—2800 °C, крэмнію з вугляродам пры т-ры вышэй за 1150 °C. Выкарыстоўваюць як абразіўны матэрыял для шліфавальных кругоў, брускоў, як кампанент вогнетрывалых матэрыялаў, для вырабу варыстараў, паўправадніковых дыёдаў і фотадыёдаў.
т. 8, с. 540
КРЭМПАВЕ́ЦКІ ((Krępowiecki) Тадэвуш Шыман) (1798, Варшава — 5.1.1847),
польскі рэв. дзеяч. У час вучобы ў Варшаўскім ун-це (1819—20) удзельнічаў у патрыят. гуртках. У час паўстання 1830—31 лідэр левага крыла Патрыятычнага таварыства; выступаў супраць дыктатуры Ю.Хлапіцкага; патрабаваў вызвалення сялян ад прыгону і далучэння іх да рэв. руху. У эміграцыі адзін з заснавальнікаў (1832) Пальскага дэмакратычнага таварыства (ПДТ). У 1833—35 кіраваў т-вам польскіх карбанарыяў; абвінавачваў шляхту ў паражэнні паўстання і эксплуатацыі сялян, выступаў за спалучэнне нац. вызвалення з агр. рэвалюцыяй. У 1833 выключаны з ПДТ у выніку канфлікту з яго кіраўніцтвам. Адзін з арганізатараў (1835) і гал. ідэолаг рэв.-дэмакр. арг-цыі «Люд польскі», чл. Аб’яднання польскай эміграцыі. З 1846 зноў у ПДТ.
Н.К.Мазоўка.
т. 8, с. 540
КРЭН (ал галанд. krengen класці судна на бок),
нахіл набок судна або лятальнага апарата. У судна К. узнікае пры несіметрычнай загрузцы і ўздзеянні хваль у час бартавой качкі, вымяраецца крэнометрам; у лятальнага апарата К. узнікае пры разваротах і інш. манеўрах, вымяраецца авіягарызонтам.
т. 8, с. 540
КРЭ́НКЕЛЬ (Эрнст Тэадоравіч) (24.12.1903, г. Тарту, Эстонія — 8.12.1971),
савецкі палярнік. Д-р геагр. навук (1938). Герой Сав. Саюза (1938). З 1969 дырэктар НДІ гідраметэаралагічнага прыладабудавання. Радыст на палярных станцыях Матаччын Шар (1924—25, 1927—28), бухта Ціхая (1929—30), мыс Алавяны (1935—36), в-аў Дамашні (1936). Удзельнік арктычных экспедыцый на дырыжаблі «Граф Цэпелін» (1931), суднах «Сібіракоў» (1932), «Чэлюскін» 1933—34); радыст першай дрэйфуючай станцыі «Паўночны полюс» (1937—38). У 1927 здзейсніў радыёсувязь на кароткіх хвалях, устанавіў сусв. рэкорд далёкай радыёсувязі паміж Зямлёй Франца-Іосіфа і Антарктыдай.
т. 8, с. 540
КРЭ́ПАВЫЯ ТКАНІ́НЫ, крэп,
група тканін з дробнай шурпатасцю на паверхні. Вырабляюць з нітак вялікай (крэпавай) круткі палатняным, дробнаўзорыстым ці спец. (крэпавымі) перапляценнямі. Найб. пашыраны шаўковыя К.т. — крэпдэшын, крэп-шыфон, крэп-жаржэт, крэп-сацін. Бываюць таксама шарсцяныя, баваўняныя, са штучных і сінт. нітак. Крэп добра драпіруецца і мала змінаецца. Выкарыстоўваюць для шыцця жаночых сукенак і касцюмаў.
т. 8, с. 540