КРЭМПАВЕ́ЦКІ ((Krępowiecki) Тадэвуш Шыман) (1798, Варшава — 5.1.1847),

польскі рэв. дзеяч. У час вучобы ў Варшаўскім ун-це (1819—20) удзельнічаў у патрыят. гуртках. У час паўстання 1830—31 лідэр левага крыла Патрыятычнага таварыства; выступаў супраць дыктатуры Ю.Хлапіцкага; патрабаваў вызвалення сялян ад прыгону і далучэння іх да рэв. руху. У эміграцыі адзін з заснавальнікаў (1832) Пальскага дэмакратычнага таварыства (ПДТ). У 1833—35 кіраваў т-вам польскіх карбанарыяў; абвінавачваў шляхту ў паражэнні паўстання і эксплуатацыі сялян, выступаў за спалучэнне нац. вызвалення з агр. рэвалюцыяй. У 1833 выключаны з ПДТ у выніку канфлікту з яго кіраўніцтвам. Адзін з арганізатараў (1835) і гал. ідэолаг рэв.-дэмакр. арг-цыі «Люд польскі», чл. Аб’яднання польскай эміграцыі. З 1846 зноў у ПДТ.

Н.К.Мазоўка.

т. 8, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)