Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КВАНТ ЭНЕ́РГІІ,

вызначаная колькасць энергіі, якую можа вылучыць ці паглынуць мікрасістэма (атамнае ядро, атам, малекула) у элементарным акце ўзаемадзеяння. Гл. таксама Квантаванне, Квантавая механіка.

т. 8, с. 207

КВА́ПІЛ ((Kvapil) Яраслаў) (25.9.1868, Худзеніцы каля г. Клатаві, Чэхія — 10.1.1950),

чэшскі пісьменнік і рэжысёр. Нар. арт. Чэхіі (1940). Скончыў Карлаў ун-т у Празе. У 1900—21 і з 1929 рэжысёр і кіраўнік драм. трупы Нац. т-ра ў Празе, у 1921—28 маст. кіраўнік Дзярж. т-ра на Вінаградах. Аўтар п’ес: «Змрок» (1895), «Вандроўны агеньчык» (1896), «Казка пра прынцэсу Дзьмухавец» (1899), «Аблокі» (1903), «Сірата» (1906), «Андэрсен» (1914) і інш. Сярод пастановак: «Фауст» І.В.Гётэ, «Валенштэйн» Ф.Шылера, «Атэла», «Сон у летнюю ноч», «Макбет», «Гамлет», «Юлій Цэзар» і інш. У.Шэкспіра, «Вайнарка», «Бацька», «Ліхтар», «Ян Гус» А.Ірасека і інш. Аўтар лібрэта да опер А.Дворжака і інш. Перакладаў асобныя п’есы Г.Ібсена.

т. 8, с. 211

КВА́РКІ (англ. quark),

спецыфічныя састаўныя часткі элементарных часціц, якім уласцівы моцныя ўзаемадзеянні (гл. Адроны). Напр., барыёны складаюцца з 3 К., мезоны — з К. і антыкварка. Гіпотэза К. прапанавана амер. фізікамі М.Гел-Манам і Дж.Цвейгам у 1964 для тлумачэння ўласцівасцей адронаў і заканамернасцей у іх спектраскапіі.

Маюць спін 1/2, эл. зарад +2/3 ці - 1/3 ад зараду пратона, барыённы зарад 1/3, а таксама спецыфічныя квантавыя лікі — «водар», «колер» і інш. Вядома 6 «водараў» К., якія маюць розныя назвы і пазначаюцца лац. літарамі u, d, s, c, b, t (масы спакою 5, 8, 100 МэВ і 1,5, 5, 175 ГэВ адпаведна), адпаведныя антыкваркі — u, d, s, c, b, t. Пры гэтым К. u і d утвараюць звычайнае ядз. рэчыва, астатнія нараджаюцца ў якасці кароткажывучага штучнага ядз. рэчыва на паскаральніках зараджаных часціц. К. існуюць толькі ў ядз. рэчыве; эксперыментальна ўскосна выяўлены ў доследах па сутыкненні адронаў, электронна-пазітроннай анігіляцыі ў струменях адронаў і рассеянні лептонаў на нуклонах. Гл. таксама Квантавая хромадынаміка.

Літ.:

Окунь Л.Б. Лептоны и кварки. 2 изд. М., 1990.

І.С.Сацункевіч.

т. 8, с. 211

КВА́РТА ў музыцы,

гл. ў арт. Інтэрвал.

т. 8, с. 211

КВА́РТА (ад лац. quarta чвэрць),

бел. старажытная мера (адзінка) аб’ёму сыпкіх рэчываў і вадкасцей. У сістэме мер ВКЛ 1 К. = 1/4 гарца = 0,7057 л. Адзінка, у 4 разы меншая за К., называлася кватэрка. К. наз. таксама пасудзіна такой ёмістасці (умяшчальнасці). Гл. таксама Гарнец.

т. 8, с. 211

КВАРТА́Л (ад лац. quartus чацвёрты),

1) чвэрць года (3 мес).

2) Частка гар. забудовы, абмежаваная вуліцамі.

3) У Рас. імперыі найменшая адм.-паліцэйская адзінка на чале з квартальным наглядчыкам. Складалася з некалькіх вуліц, уваходзіла ў паліцэйскі ўчастак.

4) У лясной гаспадарцы дзялянка, абмежаваная прасекамі і дарогамі.

т. 8, с. 211

КВАРТДЭ́ЦЫМА,

гл. ў арт. Інтэрвал.

т. 8, с. 211

КВА́РТНІК (ад польск. kwartnik чвэрць),

польская сярэбраная манета, роўная паўгроша, 1/96 польскай грыўні. Чаканіўся з 13 ст., у 14—16 ст. меў некалькі разнавіднасцей: сілезскі (лігатурная Maca 1,7 г, упамінаецца каля 1294 і да 1325—30), кракаўскі (маса 1,6 г, 1337—1403), львоўскі, або рускі (маса 1,6 г, 1340—79), паморскі (маса 0,46 г, чаканіўся ў Шчэціне, пазней у інш. гарадах Зах. Памор’я з 1408 і да 16 ст.). З канца 14 ст. адпавядаў 3 дэнарыям і называўся тэрнарыем, траяком.

т. 8, с. 211

КВАРТЭ́Т (італьян. quartetto ад лац. quartus чацвёрты),

1) ансамбль з 4 выканаўцаў (інструменталістаў ці вакалістаў). Можа быць аднароднага складу (струнны смыковы, драўляных духавых інструментаў, вак. мужчынскі або жаночы) і мяшанага (т. зв. фартэпіянны К. — фп., скрыпка, альт, віяланчэль). З інстр. К. найб. пашыраны струнны смыковы (2 скрыпкі, альт, віяланчэль). Як самаст. тып выканальніцкага калектыву сфарміраваўся ў 2-й пал. 18 ст. На Беларусі вядомы Гарадзецкі прыгонны квартэт У.Г.Кастрыёта-Скандэрбека, Дзяржаўны смыковы квартэт БССР, Квартэт Саюза кампазітараў БССР, вакальныя Беларускі вакальны квартэт, «Купалінка» і інш. 2) Муз. твор для ансамбля з 4 інструментаў або пеўчых галасоў. Струнны смыковы К. з канца 18 ст. — адзін з асн. жанраў камернай музыкі. Яго вызначаюць індывідуалізацыя партый, поліфанічная фактура, санатная цыклічная форма. Класічныя ўзоры К. стварылі І.Гайдн, В.А.Моцарт, Л.Бетховен, Ф.Шуберт, П.Чайкоўскі, А.Барадзін, Б.Бартак, П.Хіндэміт, Дз.Шастаковіч і інш. У бел. музыцы да К. звярталіся М.Аладаў, У.Алоўнікаў, В.Войцік, Г.Гарэлава, С.Картэс, П.Падкавыраў, А.Туранкоў, К.Цесакоў, М.Чуркін, Л.Шлег, В.Яфімаў. Менш пашыраны ў сусв. музыцы фп. К. Вакальныя К. часта ўваходзяць у оперы, кантаты, араторыі. Шэраг нар. песень апрацавалі для вак. К. бел. кампазітары.

Р.М.Аладава.

т. 8, с. 211

КВАРТЭ́Т САЮ́ЗА КАМПАЗІ́ТАРАЎ БССР,

ансамбль інструменталістаў. Існаваў у Мінску ў 1962—90. У першы склад уваходзілі В.Сарока (1-я скрыпка), П.Валадарскі (2-я скрыпка), Л.Ластаўка (альт), М.Шчарбакоў (віяланчэль), у другі — Ю.Гершовіч (з 1965), Т.Боднева, В.Баткіна, Шчарбакоў. У рэпертуары большасць квартэтаў бел. кампазітараў (М.Аладава, В.Войціка, В.Залатарова, Дз.Лукаса, І.Лучанка, П.Падкавырава, Э.Ханка, К.Цесакова, М.Чуркіна), а таксама творы сусв. квартэтнай класікі, сучасных замежных кампазітараў. Выкананне квартэта вызначалі ансамблевая зладжанасць, пачуццё стылю.

Р.М.Аладава.

т. 8, с. 211