Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЗО́РНЫЯ СКО́ПІШЧЫ,

сукупнасці (групы) зорак, якія маюць агульнае паходжанне і звязаны паміж сабой сіламі ўзаемнага прыцягнення. Для сфарміраваных З.с. характэрна наяўнасць цэнтр. згушчэння (ядра), абкружанага менш шчыльнай каранальнай вобласцю. У залежнасці ад знешняга выгляду, памераў, узросту і хім. складу адрозніваюць рассеяныя і шаравыя З.с.

Рассеяныя З.с. (напр., Гіяды, Плеяды) у Галактыцы канцэнтруюцца ў плоскасці сіметрыі Млечнага Шляху і маюць найб. скорасці адносна Сонца; узрост да 1 млрд. гадоў. Пры назіранні ў слабы тэлескоп раздзяляюцца на асобныя зоркі. Шаравыя З.с. (напр., скопішча M3 у сузор’і Гончых Псоў, M13 у сузор’і Геркулеса) маюць вял. колькасць кампактна размешчаных зорак у выглядзе сферычнай або эліптычнай сістэмы; з цяжкасцю раздзяляюцца на асобныя зоркі нават у моцных тэлескопах. Утвараюць у Галактыцы сферычную падсістэму і канцэнтруюцца ў яе цэнтры; маюць узрост ад 5 да 15 млрд. гадоў. Наяўнасць пераменных зорак (напр., тыпу RR Ліры) дазваляе вызначаць адлегласці да скопішчаў.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 7, с. 113

ЗО́РНЫЯ СУ́ТКІ,

прамежак часу паміж дзвюма паслядоўнымі аднайм. кульмінацыямі пункта вясенняга раўнадзенства на адным і тым жа геагр. мерыдыяне; прамежак часу, роўны перыяду вярчэння Зямлі адносна зорак. Гл. таксама Суткі.

т. 7, с. 113

ЗО́РНЫ ГАРАДО́К,

горад у Расіі, у Маскоўскай вобл. Засн. ў 1960. У З.г. знаходзіцца Цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў.

т. 7, с. 113

ЗО́РНЫ ГОД,

гл. ў арт. Год.

т. 7, с. 113

ЗО́РНЫ ДОЖДЖ,

з’яўленне шматлікіх метэораў за кароткі прамежак часу. Адбываецца пры сустрэчы Зямлі з метэорным патокам.

т. 7, с. 113

ЗО́РНЫ ЧАС,

сістэма адліку часу, у якой працягласць сутак вызначаецца па кульмінацыях пункта вясенняга раўнадзенства ў месцы назірання (гл. Зорныя суткі). Роўны прамому ўзыходжанню (у гадзіннай меры) нябеснага свяціла ў момант яго верхняй кульмінацыі. Выкарыстоўваецца ў астраноміі.

т. 7, с. 113

ЗО́РЫН (сапр. Табашнікаў) Мікалай Анфілохіевіч

(н. 25.12.1917, ст. Чарняўская Чэлябінскай вобл., Расія),

бел. артыст эстрады. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў тэатр. студыю Чэлябінскага драм. т-ра (1939). Працаваў у філармоніях Чэлябінска, Арла, Бранска. У 1948—81 чытальнік Бел. філармоніі. Творчай манеры ўласціва высокая патэтыка. Рэжысёр і выканаўца літ. кампазіцый: «Вецер з Волгі» А.​Вялюгіна, «Паэзія роднага краю» (П.​Броўкі, А.​Куляшова, П.​Панчанкі, М.​Танка), «Кніга пра байца» (па творах А.​Твардоўскага), «Паэты ўсміхаюцца і смяюцца» (па творах А.​Пушкіна, М.​Лермантава, У.​Маякоўскага) і інш.

т. 7, с. 113

ЗО́РЫН (Усевалад Уладзіміравіч) (1893—1942),

бел. жывапісец, педагог. Вучыўся ў вучылішчы тэхн. малявання Штыгліца ў Пецярбургу (1910-я г.). Жыў і працаваў у Гомелі, выкладаў у сярэдніх навуч. установах (1919—40) і Доме нар. творчасці (1930-я г.). Аўтар твораў «Эцюд» (1927), «Піянеры» (1930), «Дрэва» (1937), «Нацюрморт» (1940).

т. 7, с. 113

ЗО́РЫЧЫ,

вёска ў Вяляціцкім с/с Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 32 км ад Барысава, 103 км ад Мінска, 8 км ад чыг. ст. Прыяміна. 588 ж., 193 двары (1997). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — царква (мяжа 19—20 ст.).

т. 7, с. 114

Зорыч Сямён Гаўрылавіч

т. 18, кн. 1, с. 392