Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЖЫЖЭ́НКА (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 23.1.1931, г. Дарагабуж, Расія),

бел. перакладчык. Скончыў БДУ (1953). Настаўнічаў. З 1953 у Дзярж. выд-ве БССР, з 1964 на Бел. радыё, у 1969—94 у час. «Нёман». Друкуецца з 1953. Пераклаў на рус. мову раманы М.Лобана «Гарадок Устронь» (1972), Л.Арабей «Іскры ў папялішчы» (1973), А.Васілевіч «Пачакай, затрымайся...» (1975), Б.Сачанкі «Вялікі Лес» (1986), В.Адамчыка «Голас крыві брата твайго» (1990), І.Чыгрынава «Вяртанне да віны» (1993), аповесць М.Гарэцкага «Дзве душы» (1991) і інш.

т. 6, с. 463

ЖЫ́ЛА ў геалогіі,

пласцінападобнае геал. цела, якое ўтварылася ў выніку запаўнення трэшчыны мінер. рэчывам або з прычыны метасаматычнага замяшчэння ім горнай пароды ўздоўж трэшчыны. Адрозніваюць простыя рудныя Ж. — адзінокія трэшчыны, і складаныя — пучкі трэшчын зон драблення ці рассланцавання. Даўж. ад некалькіх метраў да 200 км. З Ж. звязаны многія радовішчы розных відаў мінер. сыравіны (золата, свінцова-цынкавыя руды, вальфрам, ртуць і інш.).

т. 6, с. 464

ЖЫЛЕ́ ((Gillet) Нікала Франсуа) (2.3.1709, г. Мец, Францыя —7.2.1791),

французскі скульптар. Вучыўся ў Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Парыжы (да 1745), у Франц. акадэміі ў Рыме (1746—52). Выкладаў ў Пецярб. АМ (1758—77), значна паўплываў на развіццё рас. скульптуры; сярод вучняў Ф.І.Шубін, М.І.Казлоўскі, Ф.Ф.Шчадрын, Х.П.Пракоф’еў і інш. Удзельнічаў у аздабленні Зімняга палаца ў Пецярбургу (1758—77). У 1778 вярнуўся ў Парыж. Працаваў у станковай і арнаментальна-дэкар. скульптуры, дзе спалучаў рысы ракако з асобнымі элементамі класіцызму («Парыс з яблыкамі», 1757, партрэт вял. кн. Паўла Пятровіча, 1765, і інш.).

т. 6, с. 464

ЖЫЛІБЕ́Р ((Gilibert) Жан Эмануэль) (21.6.1741, г. Ліён, Францыя — 2.9.1814),

французскі і бел. натураліст, хірург і анатам. Д-р медыцыны (1763). Скончыў ун-т у г. Манпелье і працаваў у Ліёнскім калежы (1763—74). У 1775—81 арганізаваў і кіраваў Гродзенскай медыцынскай акадэміяй. Заснавальнік акушэрскай і вет. школ у Гродне, клінічнага шпіталя (1775—81), бат. сада. У 1781—83 праф. натуральнай гісторыі мед. ф-та Гал. школы ВКЛ (пазней Віленскі ун-т), дзе заснаваў бат. сад. З 1783 у Францыі. Навук. працы па флоры Беларусі, Літвы, Польшчы, па эпідэміялогіі эндэмічных хвароб у гэтых краінах.

Ж.Э.Жылібер.

т. 6, с. 464

ЖЫ́ЛІН (Павел Андрэевіч) (18.3.1913, с. Вараб’ёўка Варонежскай вобл., Расія — 6.2.1987),

расійскі ваенны гісторык. Чл.-кар. АН СССР (1968), ген.-лейт. (1968). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1946). У Вял. Айч. вайну ўдзельнічаў у бітве пад Масквой, вызваленні Беларусі. З 1958 нам. гал. рэдактара «Военно-исторического журнала», з 1964 прарэктар Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС, з 1966 нач. Ін-та ваен. гісторыі Мін-ва абароны СССР. Асн. працы: «Гібель напалеонаўскай арміі ў Расіі» (1968), «Фельдмаршал М.І.Кугузаў» (3-е выд., 1987), «Айчынная вайна 1812 г.» (3-е выд., 1988) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1952, Ленінская прэмія 1982.

т. 6, с. 464

ЖЫ́ЛІН (Яўген Ільіч) (н. 20.3.1939, г. Гомель),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1971), выкладаў там у 1972—75. Працуе ў станковай і кніжнай графіцы, жывапісе. Творчасці ўласцівы настальгічная рамантычнасць, багацце колеравай гамы (цыклы «Настальгія», «Мужчына і жанчына», карціны «Сон каралевы», «Красавіцкія мары», усе 1994). Аўтар акварэлей «Лета на Віліі» (1977), «Палескія краявіды» (1980), «Півоні» (1994), «Кветкі ў трох збанах» (1995), літаграфій «Лета» і «Цішыня» (абедзве 1972), «Восеньскі пейзаж» і «Успаміны пра лета» (абедзве 1981), «Поле» (1982), жывапісных твораў «Адыходзячыя ў аблокі» (1993), трыпціха «Дзецям Чарнобыля прысвячаецца» (1993—94), «Выкраданне Еўропы» (1994) і інш. Праілюстраваў каля 70 кніг, многія з якіх адзначаны дыпломамі («Дарункі лесу» К.Цвіркі, 1969, «Такіх кветак не бывае» В.Гарбука, 1971, «Дзівы» І.Васілеўскага, 1972, і інш.).

Я.Жылін. Амазонка. З цыкла «Настальгія». 1994.

т. 6, с. 464

ЖЫ́ЛІНА (Žilina),

горад на ПнЗ Славакіі, на р. Ваг. Каля 100 тыс. ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: маш.-буд., тэкст., швейная, цэлюлозна-папяровая, хімічная. Музей транспарту. У 15 ст. адзін з цэнтраў гусіцкага руху. Касцёлы: раманскі св. Стэфана (13 ст.), раманска-гатычны (15—16 ст.). Турысцкі цэнтр сярэднягорнага раёна Малой Фатры.

т. 6, с. 464

ЖЫЛІНСКА́ЙТЭ ((Žilinskaité) Вітаўтэ) (н. 13.12.1930, г. Каўнас, Літва),

літоўская пісьменніца. Засл. дз. культ. Літвы (1980). Скончыла Вільнюскі ун-т (1955). У кнігах апавяданняў, фельетонаў, літ. пародый «Не з першага погляду» (1962), «Анёл над горадам» (1967), «Парадоксы» (1973), «Карціна» (1981), «Дурман» (1984) і інш. высмейвае заганнасць маральна-быт. і грамадскіх з’яў жыцця, адзначае складанасць і супярэчлівасць праблем сучаснай цывілізацыі. Сатырыка-гумарыстычным творам уласцівы неверагодныя кантрасты, гіпербалы, парадоксы, іронія. За дакумент. аповесць «Мая нянавісць мацнейшая» (1964) і лепшыя творы сатыры і гумару Дзярж. прэмія Літвы 1972. Аўтар казак і п’ес для дзяцей, пабудаваных на фантастыцы і ўмоўнасцях (кн. «Робат і матылёк», 1978, Дзярж. прэмія Літвы 1979, «Ледзяная фея», 1979, «Падарожжа ў Тандадрыку», 1984, і інш.). На бел. мову асобныя творы Ж. пераклалі М.Базарэвіч, У.Казбярук.

т. 6, с. 464

ЖЫЛІ́НСКІ (Іосіф Іпалітавіч) (20.4.1834, Віленская губ. — 1916),

расійскі і бел. геадэзіст. Скончыў Пецярб. ін-т інжынераў шляхоў зносін (1854). У 1863—73 кіраваў градусным вымярэннем дугі паралелі 52° паўн. ш. (на Беларусі прыкладна па лініі Брэст—Пінск—Мазыр—Гомель). У 1881—93 нач. трыянгуляцыі зах. тэр. Расіі. У 1873—98 узначальваў Заходнюю экспедыцыю па асушэнні балот Палесся, пазней — забалочаных зямель Маскоўскай, Разанскай, Уладзімірскай губ. Удзельнічаў у астр.-геад. работах за мяжой.

Тв.:

Очерк работ Западной экспедиции по осушению болот (1873—1898). СПб., 1899.

т. 6, с. 464

ЖЫЛІ́НСКІС ((Žilinskis) Арвідс) (31.3.1905, в. Саука Екабпілскага р-на, Латвія — 31.10.1993),

латышскі кампазітар, піяніст, педагог. Нар. арт. Латвіі (1965), нар. арт. СССР (1983). Праф. (1967). Скончыў Латвійскую кансерваторыю па класах фп. (1927) і кампазіцыі (1933, клас Я.Вітала). З 1927 педагог Рыжскай нар. кансерваторыі, з 1937 — Латв. дзярж. кансерваторыі (з 1992 Латв. муз. акадэмія). Заснавальнік лат. аперэты: «У краі блакітных азёр» (1954), «Шэсць маленькіх барабаншчыкаў» (.1955), «Хлопцы з бурштынавага берага» (1964), «Тайна чырвонага мармуру» (1969), «Толькі ружы» (1977). Сярод інш. твораў: оперы «Залаты конь» (1965), «Ветрык, вей!» (1970), «Мая і Пая» (1980); дзіцячыя балеты «Спрыдытыс» (1968), «Чыпаліна» і «Чароўная птушка Лаліты» (1979), «Кошчын млын» (1986); кантаты; канцэрты з арк., у т.л. для фп. (1948, 1983), для валторны (1985); больш за 800 хар. і сольных песень; музыка да драм. спектакляў і інш. Дзярж. прэмія Латвіі 1967.

т. 6, с. 464