ЖЫ́ЛІН (Яўген Ільіч) (н. 20.3.1939, г. Гомель),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1971), выкладаў там у 1972—75. Працуе ў станковай і кніжнай графіцы, жывапісе. Творчасці ўласцівы настальгічная рамантычнасць, багацце колеравай гамы (цыклы «Настальгія», «Мужчына і жанчына», карціны «Сон каралевы», «Красавіцкія мары», усе 1994). Аўтар акварэлей «Лета на Віліі» (1977), «Палескія краявіды» (1980), «Півоні» (1994), «Кветкі ў трох збанах» (1995), літаграфій «Лета» і «Цішыня» (абедзве 1972), «Восеньскі пейзаж» і «Успаміны пра лета» (абедзве 1981), «Поле» (1982), жывапісных твораў «Адыходзячыя ў аблокі» (1993), трыпціха «Дзецям Чарнобыля прысвячаецца» (1993—94), «Выкраданне Еўропы» (1994) і інш. Праілюстраваў каля 70 кніг, многія з якіх адзначаны дыпломамі («Дарункі лесу» К.Цвіркі, 1969, «Такіх кветак не бывае» В.Гарбука, 1971, «Дзівы» І.Васілеўскага, 1972, і інш.).

Я.Жылін. Амазонка. З цыкла «Настальгія». 1994.

т. 6, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)