ЖЫЛІНСКА́ЙТЭ ((Žilinskaité) Вітаўтэ) (н. 13.12.1930, г. Каўнас, Літва),
літоўская пісьменніца. Засл. дз. культ. Літвы (1980). Скончыла Вільнюскі ун-т (1955). У кнігах апавяданняў, фельетонаў, літ. пародый «Не з першага погляду» (1962), «Анёл над горадам» (1967), «Парадоксы» (1973), «Карціна» (1981), «Дурман» (1984) і інш. высмейвае заганнасць маральна-быт. і грамадскіх з’яў жыцця, адзначае складанасць і супярэчлівасць праблем сучаснай цывілізацыі. Сатырыка-гумарыстычным творам уласцівы неверагодныя кантрасты, гіпербалы, парадоксы, іронія. За дакумент. аповесць «Мая нянавісць мацнейшая» (1964) і лепшыя творы сатыры і гумару Дзярж. прэмія Літвы 1972. Аўтар казак і п’ес для дзяцей, пабудаваных на фантастыцы і ўмоўнасцях (кн. «Робат і матылёк», 1978, Дзярж. прэмія Літвы 1979, «Ледзяная фея», 1979, «Падарожжа ў Тандадрыку», 1984, і інш.). На бел. мову асобныя творы Ж. пераклалі М.Базарэвіч, У.Казбярук.
т. 6, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)