Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАДАЗБО́Р,

вадазборны басейн, вадазборная плошча, 1) вадазбор паверхневых водаў — тэрыторыя, з якой паверхневыя воды і грунтавыя воды сцякаюць у пэўны вадаём. Абмежаваны водападзеламі. Гідралагічнае значэнне вадазбору — у ператварэнні атм. ападкаў у сцёк. Характарызуецца паказчыкамі гідраграфічнымі (плошча, даўжыня, сярэдняя і найб. шырыня, сярэдні нахіл і вышыня над узр. м., форма, каэфіцыент асіметрыі) і геагр. (геагр. становішча, лясістасць, азёрнасць, забалочанасць, разаранасць, урбанізацыя і інш.). Кожны паказчык уплывае на фарміраванне і велічыню сцёку, які вызначаецца метэаралагічнымі фактарамі, асаблівасцямі геал. будовы тэрыторыі вадазбору, рэльефу, ландшафтаў у яго межах. Найважнейшая характарыстыка вадазбору — плошча. Каля 90% рэк Беларусі маюць малыя плошчы вадазбору (да 200 км²), 8 рэк (Дняпро, Прыпяць, Нараў з Бугам, Нёман, Зах. Дзвіна, Бярэзіна Дняпроўская, Сож і Вілія ў межах Беларусі) — больш за 10 тыс. км²; вадазборы рэк і вадаёмаў Беларусі належаць да бас. Чорнага (65% тэр.) і Балтыйскага мораў. Па форме вылучаюць 5 тыпаў вадазбораў.

2) Вадазбор падземных водаў абмежаваны плошчай тэктанічнай структуры, з паверхні якой адбываецца жыўленне ваданосных гарызонтаў і ваданосных комплексаў. Не заўсёды супадае па плошчы з вадазборам паверхневых водаў. У вузкім сэнсе вадазбор — плошча, з якой адбываецца прыток падземных водаў да водазаборнага збудавання — свідравіны, калодзежа, галерэі.

т. 3, с. 432

ВАДАЗЛІ́Ў,

перашкода (парог), цераз якую пераліваецца паток вады. Бываюць з тонкай сценкай, шырокім парогам або практычнага профілю, збудаванага адпаведна траекторыі ніжняй паверхні свабоднага патоку вады, што пераліваецца цераз тонкую сценку. Вадазлівы, што выкарыстоўваюцца ў лабараторнай і гідраметрычнай практыцы, наз. вымернымі.

Для засяроджвання патокаў у грэбені вадазліву робяць адтуліны прамавугольнай, трохвугольнай або трапецападобнай формы, абмежаваныя з бакоў устоямі або быкамі (прамежкавымі сценкамі). Для засцярогі рэчышча ад размываў, успрымання ўдараў струменяў і змяншэння энергіі патокаў вады за вадазлівам размяшчаюць вадабой (бетонную або драўляную пліту), звычайна ў комплексе з вадабойнымі калодзежамі, вадабойнымі сценамі і інш. Вадазліў гідратэхнічны — тое, што вадаскід.

т. 3, с. 432

Вадалажскі Васіль Аляксандравіч

т. 18, кн. 1, с. 359

ВАДАЛІ́Ў

(лац. Aquarius),

адно з 12 сузор’яў задыяка. Знаходзіцца ў Паўд. паўшар’і неба. Самая яркая зорка 2,9 бачнай зорнай велічыні; 90 зорак ярчэй за 6-ю зорную велічыню. У сузор’і назіраецца самая яркая і вял. на зямным небе планетарная туманнасць (вуглавыя памеры 15′ х 12′, сапраўдны сярэдні папярочнік каля 300 000 а.а.). На тэр. Беларусі відаць з сярэдзіны лета і ўвосень. Гл. Зорнае неба.

т. 3, с. 433

ВАДАЛЮ́БЫ

(Hydrophilidae),

сямейства насякомых атр. жукоў. У сусв. фауне больш за 4 тыс. відаў, пашыраных на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. На Беларусі каля 100 відаў. Жывуць у вадзе, берагавым пяску, у гнаі, у раслінных рэштках. Найб. пашыраны вадалюб вялікі (Hydrous aterrimus), вадалюб чорны (H. piceus), вадалюб малы (Hydrophilus caraboides), вадалюб гноевы (Sphaeridium scrabaeoides).

Даўж. 1—50 мм. Цела пукатае, бліскучае, чорнае, зеленавата-чорнае або з плямістым малюнкам. Некат. добра лятаюць і плаваюць. Водныя формы дыхаюць атм. паветрам. Самкі ўтвараюць яйцавыя коканы, куды адкладваюць да 50 яец. Акукліваюцца сярод водных раслін або ў глебе. Лічынкі драпежныя, дарослыя — расліннаедныя. Шэраг відаў — гаспадары паразітычных чарвей.

т. 3, с. 433

ВАДАМЕ́Р,

расходамер для вызначэння аб’ёмаў выкарыстанай вады.

т. 3, с. 433

ВАДАМЕ́РНЫ ПОСТ,

гл. Гідралагічны пост.

т. 3, с. 433

ВАДАНО́САЎ Мікола

(Мікалай Міхайлавіч; н. 4.1.1923, Мінск),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1982). Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1959). Працаваў тэхнікам на Бел. радыёцэнтры, у выд-вах «Беларусь» і «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1948. Займальны сюжэт, элементы прыгодніцтва ў кн. для дзяцей «Першае знаёмства» (1954), «Апошні вадзянік» (1964), «Хатабыч-малодшы» (1965), «Лясныя прыгоды» (1976), «Скарб Загорскай камяніцы» (1985) і інш. У кнігах апавяданняў і аповесцяў «У Баркоўскай пушчы» (1956), «Надзеі і здзяйсненні» (1963), «Пад чужым паролем» (1971), «Дзень — і ўсё жыццё» (1988) і інш. закранае маральна-этычныя праблемы, паказвае гераізм народа ў час вайны. Выступае і як гумарыст (зб. «Левыя ногі», 1983).

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1983.

т. 3, с. 433

ВАДАНО́СНАСЦЬ РАКІ́,

колькасць вады, якая пераносіцца ракой за год. Звычайна выражаецца праз сярэдні шматгадовы расход вады ці сярэдні шматгадовы аб’ём гадавога сцёку з яе басейна. Сумарная ваданоснасць рэк Беларусі характарызуецца велічынёй расходу каля 1800 м³/с і аб’ёмам гадавога сцёку 57,9 км³.

т. 3, с. 433

ВАДАНО́СНЫ ГАРЫЗО́НТ,

слой або некалькі слаёў водапранікальных горных парод, поры, трэшчыны і інш., пустоты ў якіх запоўнены вадой. Фарміруецца на водатрывалым слоі. Першы ад паверхні ваданосны гарызонт безнапорны, у ім утвараюцца грунтавыя воды. Напорныя гарызонты падземных вод абмежаваны водатрывалымі гарызонтамі (гл. Артэзіянскія воды). Некалькі гідраўлічна звязаных ваданосных гарызонтаў утвараюць ваданосны комплекс.

т. 3, с. 433