Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРЫЦЭ́НКА Людміла Іванаўна

(н. 10.3.1956, в. Усадзішча Ленінградскай вобл.),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1979). Працуе на Мінскім маст.-вытв. камбінаце. Сярод твораў: у тэхніках размалёўкі па шоўку — заслоны для Палацаў культуры ў Наваполацку і Чашніках (1980), 2 пано «Беларускія пейзажы» (1985) для музея Ф.Скарыны ў Лондане, батыку — «Маленькі прынц» (1984), «Францыск Скарына» (1986), габелену — трыпціх «Расліны» (1980), «Лянок мой» (1983), «Кветкі ў праталінах» (1985), серыя «Беларускія краявіды» (1987), «Дрэва і ралля» (1997) і інш. Работы вылучаюцца багаццем святлоценявых кантрастаў, эмацыянальнай выразнасцю.

т. 5, с. 487

ГРЫЦЭ́НКА Мікалай Алімпіевіч

(24.7.1912, ст. Ясінаватая Данецкай вобл., Украіна — 8.12.1979),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1964). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна (1940). Працаваў у Т-ры імя Я.Вахтангава. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў: Тарталья («Прынцэса Турандот» К.Гоцы), Мамаеў («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага), Фёдар Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), князь Мышкін («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага). З 1942 здымаўся ў кіно: «Кавалер Залатой Зоркі» (Дзярж. прэмія СССР 1952), «Вялікая сям’я», «Сёстры», «Васемнаццаты год», «Хмарная раніца», «Ганна Карэніна», «Два капітаны» (тэлевізійны) і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1970.

т. 5, с. 487

ГРЫ́ЧЫН,

балота нізіннага тыпу ў Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл. і Салігорскім р-не Мінскай вобл., у вадазборах рэк Лань і Цна. Пл. 32,9 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 18,8 тыс. га. Глыб. торфу да 2 м, сярэдняя 1 м. Часткова асушана: выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць. На неасушаных землях пераважаюць асакова-травяныя чорнаалешнікі.

т. 5, с. 487

ГРЫ́ЧЫНА,

вёска ў Фаніпальскім с/с Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 18 км на ПдУ ад Дзяржынска, 25 км ад Мінска, 3 км ад чыг. ст. Фаніпаль. 450 ж., 130 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. ваеннапалонных. За 1,7 км ад вёскі курганны могільнік 10—11 ст.

т. 5, с. 487

ГРЫ́ЧЫНА-СТАРО́БІНСКАЕ БАЛО́ТА,

на З Салігорскага р-на Мінскай вобл., у вадазборы р. Морач. Нізіннага тыпу. Пл. 21,5 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 17,1 тыс. га. Глыб. торфу да 8 м, сярэдняя 1,8 м. Здабыча торфу на паліва і ўгнаенне. Амаль усё балота асушана, выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць.

т. 5, с. 487

ГРЫШАНО́ВІЧ Валерый Мікалаевіч

(псеўд. Дзедаў Валерый, Баркоўскі-Дзедаў Валерый; н. 3.3.1947, г. п. Халопенічы Крупскага р-на Мінскай вобл.),

паэт, публіцыст. Піша на рус. і бел. мовах. Скончыў Маскоўскі ун-т (1973). З 1969 на камсамольскай, з 1983 на парт. рабоце. У 1987—93 дырэктар выд-ва «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1968. Аўтар зб. вершаў «Стронцый у кроплі расы» (1990), паэм «Вока бездані» (1989), «Беларусь, Хрыстос і маланка» (1993), «Святое прычасце» (1994), кінасцэнарыя (з М.Кацюшэнкам) «Хроніка знаходжання на Зямлі» пра лётчыка-касманаўта У.Кавалёнка (паст. 1980). У творах Грышановіча — роздум над складанымі праблемамі сучаснасці, сутнасцю чалавечага жыцця, боль за бездухоўнасць грамадства.

Тв.:

«Пагоня» вяртаецца на Беларусь. Мн., 1992.

т. 5, с. 487

ГРЫШКАВЕ́Ц Валерый Фёдаравіч

(н. 23.12.1953, г. Пінск Брэсцкай вобл.),

рускі паэт. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1995). Працаваў на з-дзе, у калгасе, матросам, у геолага-развед. атрадзе, на будоўлях Бураціі і Літвы. З 1989 у газ. «Полесская правда» (Пінск). Літ. дзейнасць пачаў у 1968. У лірыцы Грышкаўца (зб-кі «Час адпраўлення», 1981; «Кола буслінае», 1991) роздум над сац. і маральна-этычнымі праблемамі сучаснасці, разнастайнасцю жыцця чалавека з яго радасцямі і засмучэннямі, лёсам роднага краю. Перакладае на рус. мову творы бел. паэтаў.

т. 5, с. 487

ГРЫШКЕ́ВІЧ Аркадзь Іванавіч

(н. 15.4.1925, Мінск),

бел. вучоны ў галіне аўтамабілебудавання. Д-р тэхн. н. (1974), праф. (1979). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1982). Скончыў Акадэмію бранятанкавых і механізаваных войск Сав. Арміі (1951). З 1971 у БПА. Навук. працы па метадах праектавання аўтамабіляў і іх сістэм, аўтаматызацыі працэсаў кіравання аўтамабілем. Распрацаваў аўтаматызаваныя сістэмы кіравання сілавымі агрэгатамі аўтамабіля, метады паскораных выпрабаванняў аўтамабіляў.

Тв.:

Проектирование трансмиссий автомобилей. М., 1984 (у сааўт.);

Автомобили: Теория. Мн., 1986.

т. 5, с. 487

ГРЫШКЕ́ВІЧ Францішак

(Франук; 1904 ці 1906, мяст. Сухаволя Беластоцкага ваяв., Польшча — 1944 ці 1945),

бел. пісьменнік. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1926), літ. ф-т Карлава ун-та ў Празе. Д-р філасофіі. З 1939 узначальваў бел. школы Віленскай школьнай акругі. У 1941—44 дырэктар Віленскай бел. гімназіі. У 1944 арыштаваны, у час следства ў Мінску скончыў жыццё самагубствам. Друкаваўся з 1924. Лепшыя вершы пазначаны тонкім лірызмам, філасафічнасцю, у некат. матывы песімізму (зб. «Веснавыя мелодыі», 1927). Пісаў апавяданні («Куцця ў чужыне», «У калядны вечар»), выступаў як крытык, прапагандыст бел. л-ры ў Чэхаславакіі («Беларускае літаратурнае творства ў расейскім перакладзе», 1927; «Кароткі агляд дзеі ўкраінскае літаратуры», «Літаратурныя запіскі», 1928; рэцэнзіі на кн. паэзіі і прозы В.Адважнага, Н.Арсенневай, М.Багдановіча, М.Зарэцкага, Х.Ільяшэвіча, Я.Коласа, Р.Мурашкі, К.Чорнага і інш.). Аўтар публіцыстычных арт. «Каталіцкая місія на Беларусі» (1925), «Наш вечны сон» (1926), «Аб паходжанні нашае мовы» (1928), «У лабірынце маладое беларускае думкі» (1931). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы І.В.Гётэ, О.Жупанчыча, І.Франко і інш.

І.У.Саламевіч.

т. 5, с. 488

ГРЫШКО́ Міхаіл Сцяпанавіч

(27.2.1901, г. Марыупаль, Украіна — 3.6.1973),

украінскі спявак (драм. барытон). Нар. арт. СССР (1950). Скончыў Адэскае муз. вучылішча (1926). З 1927 саліст Харкаўскага, у 1936—64 — Кіеўскага т-раў оперы і балета. Адзін з буйнейшых майстроў укр. опернай сцэны. Валодаў голасам рэдкай прыгажосці і сілы. Сярод партый: Багдан Хмяльніцкі (аднайм. опера К.Данькевіча), Шыбок, Гарбенка («Мілана», «Арсенал» Г.Майбарады), Астап, Мікола («Тарас Бульба», «Наталка Палтаўка» М.Лысенкі), князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Мазепа («Мазепа» П.Чайкоўскага), Рыгалета («Рыгалета» Дж.Вердзі). Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 5, с. 488