ВАНЬКО́ВІЧ Ян
(Ян Эдвард) Валенцьевіч (23.10.1834, маёнтак Слянянка, цяпер у межах г. Мінска — 2.8.1899),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі. З роду Ваньковічаў. Сын В.М.Ваньковіча. Скончыў лясны ін-т у Пецярбургу (1856). Прыхільнік «чырвоных». З 1861 чл. Гродзенскай рэв.-дэмакр. арг-цыі. У час паўстання пад псеўд. Ляліва змагаўся ў атрадах на Падляшшы, быў паранены. У маі 1863 узначаліў Брэсцкі паўстанцкі атрад і з Кобрынскім атрадам Р.Траўгута зрабіў рэйд на Піншчыну. У ліп. 1863 выехаў у Польшчу, працаваў у паўстанцкай арг-цыі ў Галіцыі. У сак. 1864 арыштаваны аўстр. ўладамі. Пасля жыў у Парыжы, Кракаве.
Г.В.Кісялёў, Я.Я.Янушкевіч.
т. 3, с. 506
ВАНЬКО́ВІЧЫ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, род герба «Ліс». Вядомы з 1499. Напачатку праваслаўныя, з пач. 17 ст. католікі. У 19—20 ст. валодалі маёнткамі Калюжыца (Бярэзінскі р-н), Волма (Дзяржынскі р-н), Дзевялтова і інш. Найб. вядомыя:
Юхна, дваранін каралеўскі (1-я пал. 16 ст.); Пётр, падкаморы віленскі; Адам, староста краснасельскі, дэпутат Гал. літ. трыбунала (1639); Уладзіслаў, войскі, суддзя земскі мінскі, дэпутат Гал. літ. трыбунала (1684, 1688); Тэадор Антоній, стольнік і падстароста судовы мінскі, староста падусвяцкі, кашталян мінскі, дэпутат Гал. літ. трыбунала (1682, 1686, 1691, 1701, 1709); Уладзіслаў Тадэвуш, мечнік мінскі, староста рушоўскі, сеймавы пасол, дэпутат Гал. літ. трыбунала (1711, 1717, 1722, 1726); Матэвуш, суддзя земскі мінскі (1778); Юзаф, пісар гродскі мінскі (1788), прадвадзіцель дваранства Мінскага пав. (1795—1800, 1802—08); Станіслаў, барысаўскі павятовы прадвадзіцель дваранства (1797—1802); Антон, ігуменскі павятовы прадвадзіцель дваранства (1805—08); Апалінарый, мінскі павятовы прадвадзіцель дваранства (1814—17); Валенцій Мельхіёравіч, гл. Ваньковіч В.М.; Ян Валенцьевіч, гл. Ваньковіч Я.В.; Мельхіёр, гл. Ваньковіч М.
А.П.Грыцкевіч.
т. 3, с. 506
ВАН-ДЭР-ВА́АЛЬС (van der Vaals) Ян Дыдэрык, гл. Ваальс Ян Дыдэрык ван дэр.
т. 3, с. 502
ВАН-ДЭР-ВА́АЛЬСА СІ́ЛЫ,
сілы ўзаемадзеяння паміж электрычна нейтральнымі малекуламі ці атамамі. Маюць эл. прыроду. Складаюцца з сіл адштурхоўвання і прыцяжэння: на вельмі малых адлегласцях паміж малекуламі дзейнічаюць сілы адштурхоўвання, якія з павелічэннем адлегласці змяняюцца сіламі прыцяжэння. Вызначаюць існаванне вадкасцяў і малекулярных крышталёў, адрозненне рэальных газаў ад ідэальных; праяўляюцца ў розных фіз. з’явах. Гл. Міжмалекулярнае ўзаемадзеянне.
т. 3, с. 502
ВАН-ДЭР-ВА́АЛЬСА ЎРАЎНЕ́ННЕ , адно з першых ураўненняў стану рэальнага газу. Прапанаваў Я.Д. ван дэр Ваальс (1873). Улічвае канечнасць аб’ёму малекул і сілы ўзаемадзеяння паміж імі.
Для моля газу аб’ёмам V пры т-ры T і ціску p мае выгляд (p + a / V2) (V-b) = RT, дзе R — універсальная газавая пастаянная, a і b — эксперыментальныя канстанты для кожнага асобнага газу, абумоўленыя адхіленнем уласцівасцей рэальнага газу ад ідэальнага (a улічвае прыцяжэнне малекул у выніку міжмалекулярнага ўзаемадзеяння, b — адштурхоўванне малекул на блізкіх адлегласцях). Пры вял. V (моцна разрэджаны газ) Ван-дэр-Ваальса ўраўненне пераходзіць ва ўраўненне стану ідэальнага газу (гл. Клапейрона—Мендзялеева ўраўненне).
т. 3, с. 502
ВАН-ДЭ-ГРА́АФА ГЕНЕРА́ТАР,
электрастатычны генератар пастаяннага высокага напружання (да 20 МВ) з гнуткім транспарцёрам з дыэлектрычнай стужкі. Выкарыстоўваецца ў лінейных паскаральніках і слабатокавай высакавольтнай тэхніцы.
т. 3, с. 502
ВАН АНЬШЫ́, Ван Цзэфу (1021—86),
дзяржаўны дзеяч Кітая, вучоны, пісьменнік. У 1069 саветнік пры двары, у 1070—74 і 1075—76 — 1-ы міністр. Увёў новы кадастр з мэтай упарадкавання падатковай сістэмы, дзярж. крэдытавання сялян пад ураджай, рэкруцкі набор, спрабаваў рэгуляваць рыначныя цэны. Рэформы адпавядалі інтарэсам дробных і сярэдніх памешчыкаў, часткова сялян. У выніку супрацьстаяння буйных феадалаў большая ч. рэформаў Ван Аньшы ў 1085 была скасавана. Аўтар прац па тэалогіі, гісторыі кіт. літаратуры.
т. 3, с. 500
ВАН ВЭЙ, Моцзе (699 або 701, г. Таюань, Кітай — 759 або 761),
кітайскі паэт, жывапісец, каліграф і музыкант. Атрымаў канфуцыянскую адукацыю. Служыў пры імператарскім двары. Аўтар паэтычнай пейзажнай лірыкі (цыкл «Рака Ванчуань», вершы «Чырвоныя бабы», «Сцежка сярод акацый» і інш.), твораў на гіст. тэмы («Удава князя Сі», «Бань Цзеюй»). Пачынальнік кіт. манахромнага пейзажнага жывапісу, заснаванага на выкарыстанні танальных магчымасцяў тушы. Выконваў размалёўкі на шоўку і насценныя. У лірычных пейзажах ствараў узвышаныя абагульняльныя вобразы прыроды. Творы захаваліся ў копіях: «Рака пад снегам», «Праясненне пасля снегападу», «Партрэт Фу Шэна з Цзінаня» і інш.
Тв.:
Рус. пер. — Стихотворения. М., 1979.
т. 3, с. 501
ВАН ВЭЙК (van Wijk) Нікалас, гл. Вэйк Нікалас ван.
т. 3, с. 501
ВАН ГОГ (van Gogh) Вінсент, гл. Гог Вінсент ван.
т. 3, с. 501