Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАКРАКО́СМАС І МІКРАКО́СМАС,

адна з найб. старажытных філас. канцэпцый пра існаванне прыроднай сувязі паміж космасам, навакольным асяроддзем і чалавекам. У аснове М. і м. як вучэння ляжыць палажэнне аб паралельным існаванні і зменах у Сусвеце і чалавеку. Першай вядомай формай выражэння гэтай канцэпцыі з’яўляецца міфалагема аб прачалавеку, якая знайшла адлюстраванне ў літ. і рэліг. творах стараж. Індыі, Егіпта, Кітая, Грэцыі і інш. Напр., паводле адной з стараж.грэч. міфалагем, стварэнне свету пачалося з пэўнага хаатычнага стану, у якім з’явілася багіня Гея і нарадзіла Урана (неба), Понта (мора), горы; потым з’явіліся інш. багі і людзі. Адносіны паміж багамі капіравалі адносіны ў грамадстве людзей; калі ж багі пераносіліся на неба, то забіралі з сабою і зямныя ўяўленні аб свеце. Адсутнасць яснага размежавання паміж М. і м. мае адным з сваіх важных наступстваў і частыя шматлікія пераходы аднаго пачатку ў другі, і іх пэўную палярызацыю: вялікі свет — космас — або паглынае ў сабе малы свет — чалавека, або чалавек становіцца рухаючай сілай, душой космасу. Філас. тлумачэнне М. і м. дасягнула высокага ўзроўню ў ант. цывілізацыях (Анаксімен, Геракліт, Дэмакрыт, Платон, Сенека). Напр., Геракліт лічыў, што пазнанне свету і божаства ёсць самапазнанне чалавека. У наступныя гіст. перыяды асэнсаванне М. і м. адбывалася ў розных кірунках — ад класічнага да містычнага. Свой росквіт ідэя М. і м. перажывала ў эпоху Адраджэння (Т.Кампанела і Дж.Бруна, Мікалай Кузанскі, Я.Бёме і інш.). У перыяд панавання механіцызму ідэя М. і м. ўступіла ў канфлікт з рацыяналістычнымі ідэямі пабудовы Сусвету і апынулася па-за межамі навукі. З канца 18 і да пач. 20 ст. назіралася ажыўленне цікавасці да ідэі М. і м., якая знайшла свой адбітак у ням. неагуманізме (І.Гердэр, І.В.Гётэ), рамантызме, філас. поглядах А.Шапенгаўэра, Ф.Ніцшэ, а таксама ў тэасофскіх канцэпцыях свету і чалавека.

В.І.Боўш.

т. 9, с. 541

МАКРАЛІ́ТЫ (ад макра.. + грэч. lithos камень),

буйныя (у адрозненне ад дробных мікралітаў) прылады працы, якія выраблялі з крэменю ў эпоху палеаліту. Матэрыялам для М. служылі вял. (8—20 см) крамянёвыя абломкі, пліткі, жаўлакі або нуклеусы, што апрацоўваліся спосабам грубага аббівання, нанясення буйной рэтушы. Сярод М. вылучаюць сякерападобныя прылады, цёслы, адбойнікі, грубыя скоблі і скрабкі, разцы, шырокія нажы, трохгранныя прылады тыпу пік. Вытворчасць М. панавала і ў эпоху мезаліту ў некат. абласцях Еўропы (Францыя, Паўн. Германія, паўд.-ўсх. і зах. Беларусь, паўн.-ўсх. Украіна, а таксама вярхоўі Дняпра і Волгі).

У.Ф.Ісаенка.

т. 9, с. 541

МАКРАМАЛЕ́КУЛА (ад макра... + малекула),

малекула палімера. Складаецца з аднолькавых або розных структурных адзінак — састаўных звёнаў (атамаў ці груп атамаў), злучаных паміж сабой кавалентнымі сувязямі ў ланцуг, які характарызуецца колькасцю звёнаў (ступенню полімерызацыі) ці адноснай малекулярнай масай (гл. таксама Высокамалекулярныя злучэнні).

Асн. стэрэахім. характарыстыкай М. з’яўляецца канфігурацыя. Пэўнай канфігурацыі М. адпавядае набор канфармацый, што ўзнікаюць з-за мікраброўнаўскага цеплавога руху ў выніку абмежаванага вярчэння атамаў (груп атамаў) адносна простых валентных сувязей. Ступень свабоды гэтага вярчэння вызначае гібкасць М. — адну з асн. характарыстык, з якой звязаны каўчукападобная эластычнасць, здольнасць палімераў да ўтварэння надмалекулярных структур, многія фіз. і хім. ўласцівасці палімераў. Лінейныя М. складанай будовы здольныя да ўтварэння другасных структур (упарадкаваны стан М., які ўзнікае ў выніку спецыфічных між- і ўнутрымалекулярных узаемадзеянняў), якія дасягаюць высокай ступені дасканаласці і спецыфічнасці ў М. важнейшых біяпалімераў — бялкоў і нуклеінавых кіслот.

М.Р.Пракапчук.

т. 9, с. 541

МАКРАМАЛЕ́КУЛЫ БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ тое, што біяпалімеры.

т. 9, с. 541

МАКРАМЭ́ (араб. тасьма, карункі, махры),

вырабы, створаныя ў тэхніцы вузельчыкавага ручнога пляцення; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Для М. выкарыстоўваюць тоўстыя суровыя ніткі, сінт. або шаўковы шнур і інш., іх часам дапаўняюць драўлянымі, керамічнымі пацеркамі, зашчэпкамі, скуранымі і інш. дэкар. дэталямі. Асновай для пляцення могуць служыць драўляныя, метал., пластмасавыя кольцы. Вырабляюць побытавыя і маст. рэчы: сумкі, кулоны, паясы, кашпо, абажуры, пано, абрусы, сурвэткі, кашалькі, футаралы і інш. Як від маст. творчасці М. пашырана з 15 ст. ў Італіі, Паўн. Еўропе, з 18 ст. ў Расіі. На Беларусі тэхнікай М. выраблялі ў 19 ст. карункі ручнікоў, паясы, галаўныя ўборы. Асаблівую папулярнасць М. набыло ў 1970—80-я г. ў творчасці самадзейных майстроў і майстроў ф-к маст. вырабаў.

Літ.:

Соколовская М.М. Макраме Мн., 1983.

Я.М.Сахута.

Макрамэ. Кулоны.

т. 9, с. 541

МАКРА́Н,

горы ў Пакістане і Іране, тое, што Мекран.

т. 9, с. 541

МАКРА́НКА,

рака ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток р. Дняпро. Даўж. 21 км. Пл. вадазбору 161 км². Пачынаецца за 1,5 км на ПнУ ад в. Клятное. Асн. прыток — р. Забава (злева). Рэчышча каналізаванае.

т. 9, с. 541

МАКРАНУ́КЛЕУС (ад макра... + лац. nucleus ядро),

вялікае саматычнае ядро ў інфузорыі ў адрозненне ад малога (генератыўнага) мікрануклеуса. Фізіялагічна актыўнае, звязана амаль з усімі працэсамі жыццядзейнасці інфузорыі. У ім фарміруюцца шматлікія ядзерцы. Пры палавым працэсе (кан’югацыі) разбураецца і замяняецца новым — з прадуктаў дзялення мікрануклеуса.

А.С.Леанцюк.

т. 9, с. 541

МАКРА́НЫ,

вёска ў Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Брэст—Ковель (Украіна). Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на У ад горада і чыг. ст. Маларыта, 41 км ад Брэста. 777 ж., 288 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Царква. Брацкія магілы сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. За 2 км на ПдУ ад вёскі Курган Славы.

т. 9, с. 542

МАКРАРЭЛЬЕ́Ф (ад макра... + рэльеф),

буйныя формы рэльефу (горныя хрыбты, пласкагор’і, раўніны, нізіны), што ўтвораны пераважна эндагеннымі працэсамі і вызначаюць асн. асаблівасці прыроды вял. рэгіёнаў. Для раўнінных ландшафтаў характэрна занальна-сектарная дыферэнцыяцыя, для горных — вышынная пояснасць.

т. 9, с. 542