Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КУСКО́ВА,

архітэктурна-мастацкі ансамбль 18 ст. ў Маскве. Былая загарадная рэзідэнцыя графаў Шарамецевых, з 1960 у межах Масквы. Уключае класіцыстычныя драўляны палац (1769—75, пад кіраўніцтвам арх. К.І.Бланка, у інтэр’еры больш за 60 мармуровых статуй і бюстаў 18 ст.), рэгулярны парк з дэкар. скульптурай і павільёнамі — «Галандскі» (1749—51) і «Італьянскі» (1754—55, арх. Ю.І.Калагрываў, Ф.С.Аргуноў) домікі, «Грот» (1755—75), «Аранжарэя» (1761—64, абодва арх. Аргуноў), «Эрмітаж» (1765—67, пры ўдзеле арх. Бланка) і інш. З 1918 музей (з 1938 Музей керамікі і «Сядзіба Кускова XVIII стагоддзя»).

Літ.:

Баранова О. Кусково: Иллюстрированный очерк. М., 1982.

Вялікая каменная аранжарэя ў Кускове.

т. 9, с. 57

КУСТ,

шматгадовая дрэвавая расліна, якая ў адрозненне ад дрэва разгаліноўваецца каля паверхні глебы. Гал. ствол маюць маладыя расліны, потым ён губляецца сярод новых стволікаў, якія ўтвараюцца са спячых пупышак каля асновы парасткаў. Выш. К. 0,8—6 м, працягласць жыцця — да некалькіх соцень гадоў. Пашыраны ва ўсіх раслінных зонах. У лясах умеранага пояса звычайна ўтвараюць падлесак. Форму К. могуць набываць дрэвы ў неспрыяльных кліматычных і глебава-прыродных умовах. Многія К. лек. (напр., бузіна, каліна, шыпшына), харч. (напр., агрэст, барбарыс, ляшчына, парэчкі), дэкар. (напр., бружмель, брызгліна, жарновец) расліны.

т. 9, с. 57

КУ́СТАВЫЯ ПЕ́СНІ,

від веснавых песень, якія выконваліся ў час веснавога земляробчага свята сёмухі. Спяваліся пераважна на Палессі. Суправаджалі абрад ваджэння «куста» (прыбранай у зялёныя галінкі і кветкі дзяўчыны), што ўвасабляў жыватворныя сілы прыроды і быў нібыта здольны перадаваць іх зямлі, полю, а таксама служыў сімвалам роду і сувязі са светам продкаў, ад якіх «залежаў» ураджай. Падзяляюцца на рытуальныя, заклінальныя і велічальныя. Рытуальныя адлюстроўваюць гал. моманты абраду — паход дзяўчат у лес, дзе самую прыгожую прыбіралі «кустом», шэсце «дзявоцкага войска» з кустом па вёсцы, віншаванне гаспадароў з заканчэннем веснавых работ з просьбай надарыць «куст». Заклінальныя песні былі прызначаны магічным шляхам забяспечыць добры ўраджай. Песні, прысвечаныя хлопцу і дзяўчыне, закліналі каханне, шчаслівы лёс. Велічальныя песні ўхваляюць «зеляненькі куст», узвышаюць удзельніц свята, «дзявоцкае войска», якое «ніхто не б’е, не ваюе», услаўляюць шчодрых гаспадароў. К.п. завяршаецца веснавы цыкл каляндарна-абрадавых песень.

Публ.: Веснавыя песні. Мн., 1979.

Літ.:

Беларускі фальклор у сучасных запісах. Мн., 1973.

Р.М.Кавалёва.

т. 9, с. 57

КУСТАНА́Й.

горад у Казахстане, цэнтр Кустанайскай вобл., на р. Табол. Засн. ў 1883, у 1893—95 наз. Нікалаеўск. 233,9 тыс. ж. (1995). Чыг. вузел. Прам-сць: металаапр., хім. (хімвалакно), лёгкая, харч., мэблевая; вытв-сць буд. матэрыялаў. Здабыча жал. руды (Кустанайскі жалезарудны раён). 2 ВНУ. Драм. т-р. Краязнаўчы музей.

т. 9, с. 57

КУСТАНА́ЙСКІ ЖАЛЕЗАРУ́ДНЫ РАЁН,

у Казахстане. Адкрыты ў 1930-я г. Уключае радовішчы магнетытавых, лептахларытавых і гідрагётытавых жал. руд. Прымеркаваны да ніжнекарбонавых вулканагенна-асадкавых парод (туфы, андэзітавыя парфіры, вапнякі і інш.). Разведаныя і папярэдне ацэненыя запасы жал. руд 14,7 млрд. т, у т.л. лёгкаабагачальных магнетытавых руд з колькасцю жалеза 45—47% — 5 млрд. т. Здабыча адкрытым (97%) і падземным спосабамі. Цэнтры здабычы — гарады Кустанай, Рудны, Лісакоўск, г.п. Качар.

т. 9, с. 57

КУСТАРЭ́З,

машына для расчысткі тэрыторыі ад хмызняку і драбналесся (дрэў дыяметрам да 25 см). Бываюць адвальна-нажавыя, вальцава-нажавыя і нажавыя.

Найб. пашыраныя адвальна-нажавыя К. складаюцца са штурхальнай рамы, навешанай на гусенічны трактар, клінападобнага адвала з гарыз. нажамі, канатна-блочнай ці гідраўл. сістэмы кіравання. Выкарыстоўваюцца пры асваенні новых зямель (пры выкананні культуртэхнічных работ), буд-ве і эксплуатацыі дарог, пракладцы газаправодаў, каналаў, прасек і інш.

І.І.Леановіч.

Кустарэз: 1 — адвал; 2 — агараджэнне трактара; 3 — гідрацыліндр; 4 — штурхальная рама; 5 — нож.

т. 9, с. 57

КУСТО́ (Cousteau) Жак Іў

(11.6.1910, г. Сент-Андрэ-дэ-Кюбзак, Францыя — 25.6.1997),

французскі даследчык, акіянограф. Контр-адмірал. Чл. Франц. АН (1989). З 1952 кіраўнік падводнымі даследаваннямі на судне «Каліпсо», з 1985 — на турбапарусным судне «Алкіёна». З 1957 дырэктар Акіянаграфічнага музея ў Манака. Кіраўнік праграмы «Каншэльф» (даследаванні кантынентальнага шэльфа: умоў жыцця і працы людзей у падводным асяроддзі). Вынаходнік (разам з Э.Ганьянам) акваланга (1943), падводных дамоў, апарата «ныраючы сподак»; прыстасаваў кінакамеру для падводных кіназдымак. Займаўся пытаннямі аховы падводнага асяроддзя. Аўтар кніг і каля 90 дакументальных фільмаў, сярод якіх «Свет маўчання» (1956), «Залатая рыба» (прэмія «Оскар» 1960) і «Свет без сонца» (прэмія «Оскар» 1965).

Тв.:

Рус. пер.В мире безмолвия. Живое море. М., 1976 (у сааўт.).

Ж.І.Кусто на судне «Каліпсо».

т. 9, с. 58

КУСТО́ДА

[ад лац. custos (custodis) вартавы],

у рукапісных кнігах — абазначэнне парадкавага нумара сшытка на 1-й і апошняй яго старонках. У старадруках К. — 1-е слова (або частка слова) наступнай старонкі, якое змешчана ў ніжнім правым радку папярэдняй старонкі. К. выкарыстоўваліся, каб аблегчыць чытанне, а таксама забяспечыць правільнасць падбору аркушаў і сшыткаў у час пераплёту кнігі. У сучаснай кнізе К называюць змешчаныя ў верхняй частцы старонак гранічныя тэрміны развароту энцыклапедыі або слоўніка.

т. 9, с. 58

КУСТО́ДЗІЕЎ Барыс Міхайлавіч

(7.3.1878, г. Астрахань, Расія — 26.5.1927),

расійскі жывапісец, графік і тэатр. мастак. Скончыў Пецярбургскую АМ (1903), дзе вучыўся ў І.Рэпіна. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1909). Чл. Саюза рус. мастакоў (э 1907), аб’яднання «Свет мастацтва» (з 1911), Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1923). У 1905—07 супрацоўнічаў з сатыр. часопісамі. З 1906 пісаў карціны на тэмы святочнага сял. і мяшчанскага побыту («Кірмаш», «Сялянскія святы», «Масленіцы», «Балаганы»), якія вызначаліся яркай шматколернасцю, жыццёвай дакладнасцю, блізкасцю да мадэрну. Стварыў збіральныя вобразы-тыпы купецкай Расіі: «Купчыхі» (1912), «Прыгажуня» (1915), «Купчыха за гарбатай» (1918) і інш. Распрацаваў жанр партрэта-карціны (аўтапартрэт, 1912; партрэты А.І.Анісімава, 1915; Ф.Шаляпіна, 1922). Аўтар інтымна-лірычных партрэтаў І.Кустодзіевай, Ю.Кустодзіевай з дачкой (абодва 1906) і інш. Звяртаўся да сав. тэматыкі («Бальшавік», 1920) і інш. Аўтар літаграфій, лінарытаў, кніжных ілюстрацый. Афармляў тэатр. спектаклі. У Нац. маст. музеі Беларусі 11 жывапісных і 16 графічных твораў К.

Л.Ф.Салавей.

Б.Кустодзіеў. Партрэт Ф.І. Шаляпіна. 1922.

т. 9, с. 58

КУСТО́ЎНІК

(Nasturtium),

род кветкавых раслін сям. крыжакветных. 6 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. і Усх. Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — К. лекавы, або вадзяны крэс (N. officinale). Трапляецца па берагах рэк, на балотах, часам у вадзе.

Шматгадовыя травяністыя расліны. Лісце перыстарассечанае. Кветкі дробныя, белыя, у кароткіх тронках. Плод — стручок. К. лекавы — харч. расліна (ужываецца як прыправа і для салатаў). Культывуюць у Зах. Еўропе і ЗША.

Кустоўнік лекавы.

т. 9, с. 58