КУР’Я́Н (Уладзімір Мітрафанавіч) (н. 25.3.1954, Мінск),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1984, клас Дз.Смольскага). З 1984 заг. муз. часткі Нац. акад. т-ра імя Я.​Купалы.

Яго творчасць адметная тэатральнасцю мыслення, спалучэннем сучасных сродкаў выразнасці акад. і масавых жанраў, нац. характэрнасцю, незвычайнымі тэмбрава-каларыстычнымі вырашэннямі. Сярод твораў: рок-опера «Масфан» на ўласнае лібрэта (паст. 1976), опера «Фантазія» паводле Казьмы Пруткова (1984), мюзіклы «Ідылія» паводле В.​Дуніна-Марцінкевіча (паст. 1993) і «Карлік Нос» паводле В.​Гаўфа (паст. 1998), вак.-сімф. паэма «Памяці маці» на словы Р.​Барадуліна (1985), канцэрт для цымбалаў і камернага арк. (1989); сюіта «Капыльскія дудары», паэмы «Жураўліная песня Палесся» і «Курган» для нар. арк., «Вясковая сюіта» для ансамбля нар. інструментаў, варыяцыі «Перазвоны» для цымбалаў, сюіта для фп. і чытальніка «Вясёлая нядзелька», вак. цыкл на вершы Р.​Бёрнса, «Чатыры сны» для голасу і альта, 3 стр. квартэты (1984, 1987, 1990); музыка да драм. спектакляў («Гаральд і Мод» К.​Хігінса і Ж.​К.​Кар’ера, «Ажаніцца — не журыцца» Далецкіх і М.​Чарота, «Тутэйшыя» Я.​Купалы, «Дракон» Я.​Шварца, «Інтымны тэатр Е.​Міровіча»), кінафільмаў і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.

Р.​М.​Аладава.

т. 9, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)