КУРЭ́ННЕ тытуню,

адна з найбольш распаўсюджаных шкодных прывычак чалавека — удыханне дыму тлеючага тытуню; від бытавой наркаманіі. Тытунь завезены Х.Калумбам у Іспанію і Партугалію з Амерыкі ў канцы 15 ст.; выкарыстоўваўся як дэкар. расліна, пазней — для К. У 16 ст. распаўсюдзіўся ў Францыі (падараваны каралеве як лек. сродак паслом у Партугаліі Ж.Ніко — адсюль «нікацін»); у Расію завезены ў пач. 17 ст. К. праследавалася ўладамі ў Англіі, Італіі, Расіі і інш. краінах. Пётр I дазволіў продаж тытуню і наклаў пошліну на карысць дзяржавы. Да сярэдзіны 19 ст. К. стала бытавой заганай.

Цвёрдая ч. тытунёвага дыму складаецца з дзёгцю і інш. пухлінагенных рэчываў, газавая мае ў сабе аксіды вугляроду, нікацін, альдэгіды, эфіры, фенолы, сінільную к-ту і інш. Вуглевадароды ў тытунёвым дыме могуць правакаваць развіццё ракавых пухлін, радыеактыўны палоній-210 садзейнічае з’яўленню хранічных бранхітаў, злаякасных пухлін лёгкіх, мачавога пузыра, страўніка, нырак і інш. Таксічнасць тытунёвых вырабаў вызначаецца колькасцю нікаціну (0,7—2,5%). Паступовае атручэнне арганізма пры К. вядзе да заўчаснага развіцця захворванняў, скарачае працягласць жыцця у сярэднім на 5—7 гадоў, зніжае фіз. і інтэлектуальныя здольнасці чалавека; тытунёвы дым шкодны для навакольных; найб. небяспечнае К. для дзяцей і падлеткаў, пры цяжарнасці. Лячэнне: псіхатэрапія і псіхапрафілактыка, медыкаментознае.

А.М.Петрыкаў.

т. 9, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)