Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ПАЛЕААНТРАПАЛО́ГІЯ (ад палеа... + антрапалогія),

раздзел антрапалогіі, які вывучае змены фіз. тыпу чалавека ад першапачатковых стадый яго існавання (архантрапы) да канчатковага сфарміравання вял. рас сучаснага чалавецтва (неаантрапы). П. цесна звязана з палеанталогіяй, палеабатанікай, археалогіяй, геалогіяй антрапагену. Звесткі П. выкарыстоўваюць пры вывучэнні суадносін антрапа- і сацыягенезу, гісторыі фарміравання, рассялення, узаемадзеяння і ўзаемаўплыву расавых тыпаў і ў сувязі з некат. пытаннямі антрапагенезу і этнагенезу.

т. 11, с. 542

ПАЛЕАА́НТРАПЫ (ад палеа... + грэч. anthrōpos чалавек),

выкапнёвыя людзі, якія жылі ў эпоху ніжняга (ранняга) і сярэдняга палеаліту (150—35 тыс. г. назад). Гл. Неандэртальцы.

т. 11, с. 542

ПАЛЕАБАТА́НІКА (ад палеа... + батаніка),

фітапалеанталогія, навука пра выкапнёвыя расліны; раздзел палеанталогіі і батанікі. Вывучае драўніны (палеаксілалогія), насенне, плады, дыяспоры (палеакарпалогія, або палеадыяспаралогія), пылок і споры (палеапаліналогія), эпідэрму і вусцейкавы апарат выкапнёвых раслін (палеастаматаграфія), адбіткі і рэшткі іх лістоў, сцёблаў і інш. ч. (іхнафіталогія), выкапнёвыя водарасці (палеаальгалогія, або палеафікалогія) і грыбы (палеамікалогія). Асн. кірункі даследаванняў: марфал., сістэм. (філагенет.), фларыстычны (палеафларыстыка), экалагічны (палеаэкалогія раслін), вывучэнне пашырэння раслін геал. мінулага (палеафітагеаграфія). Цесна звязана з гіст. геалогіяй, палеагеаграфіяй, палеакліматалогіяй, эвалюц. вучэннем і інш. Мае важнае значэнне для геал. разведкі.

Знаходкі рэшткаў выкапнёвых раслін упаміналіся з 7—6 ст. да н.э. (Ксенафан і інш.). Як навука П. сфарміравалася ў пач. 19 ст. (А.Браньяр, ням вучоны Э.Шлотгайм, чэш. — К.М.Штэрнберг). Уклад у яе развіццё зрабілі Ф.Унгер, англ. вучоныя В.Ланг, Дз.Г.Скот, У.Чаланер, Д.Эдвардс, ням. — Г.Вайланд, В.Готан, Р.Кройзель, амер. — Дж.Аксельрад, Х.Банкс, Ф.Х’юбер, рас. — А.Л.Тахтаджан, Х.Ф.Шмальгаўзен, М.Дз.Залескі, Я.Р.Зямбніцкі, А.М.Крьштафовіч, С.В.Меен, К.Я.Мерклін, К.В.Навік, М.Ф.Нейбург, І.У.Палібін, Э.І.Эйхвальд, А.Л.Юрына і інш.

На Беларусі пытанні П. вывучаюць з пач. 20 ст. (У.С.Дактуроўскі, У.М.Сукачоў). Шырокія даследаванні (пераважна сістэм. і фларыстычныя ў галіне палеапаліналогіі, палеакарпалогіі і дыятомавага аналізу) вядуцца з 1950—60-х г. (Ф.Ю.Велічкевіч, Н.А.Махнач, Г.І.Кеда, Э.А.Крутавус, С.С.Маныкін, Г.К.Хурсевіч, Т.В.Якубоўская, Я.К.Яловічава і інш.). Навук. цэнтры: Ін-т геал. навук. Нац. АН Беларусі і Бел. геолагаразведачны НДІ.

Літ.:

Криштофович А.Н. История палеоботаники в СССР. М., 1956;

Палеокарпологические исследования кайнозоя. Мн, 1982;

Мейен С.В. Основы палеоботаники. М., 1986.

Т.Р.Абухоўская.

т. 11, с. 542

ПАЛЕАБІЯГЕАГРА́ФІЯ (ад палеа... + біягеаграфія),

навука аб пашырэнні і размеркаванні арганізмаў і іх згуртаванняў у геал. мінулым; раздзел палеанталогіі. На падставе выяўленых спосабаў жыцця і ўмоў існавання выкапнёвых арганізмаў, асаблівасцей намнажэння і залягання іх рэшткаў і інш. высвятляе фізіка-геагр. становішча былых геал. эпох, што выкарыстоўваецца пры складанні палеагеагр. і прагнозных карт. Звязана з гіст. біягеаграфіяй і геалогіяй, палеагеаграфіяй, палеаэкалогіяй, стратыграфіяй, тафаноміяй і інш. На Беларусі асобным пытанні П. вывучаюцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі і Бел. геолагаразведачным НДІ.

Літ.:

Палеонтология, палеобиогеография и мобилизм. Магадан, 1981.

П.Ф.Каліноўскі.

т. 11, с. 542

ПАЛЕАБІЯЦЭНО́З (ад палеа... + біяцэноз),

палеацэноз, прыродная сукупнасць выкапнёвых арганізмаў, якія жылі разам і стваралі пэўны біяцэноз. Ад сучаснага біяцэнозу адрозніваецца адсутнасцю рэшткаў бесшкілетных арганізмаў, якія не маглі зберагчыся ў выкапнёвым стане, і наяўнасцю рэшткаў арганізмаў, якія выпадкова занесены ў месцы пахавання. Рэканструкцыя П. праводзіцца шляхам палеаэкалагічнага аналізу арыктацэнозу (комплекс акамянеласцей) і тафацэнозу (збор рэшткаў жывёл і раслін, што захаваліся і пакрыліся асадкамі). Вынікі вывучэння П. выкарыстоўваюцца пры складанні палеагеагр. карт. На Беларусі вывучэнне П. праводзіцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі і Бел. геолагаразведачным НДІ. Гл. таксама Танатацэноз.

А.М.Петрыкаў.

т. 11, с. 542

ПАЛЕАГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,

карты, якія адлюстроўваюць фізіка-геагр. ўмовы геал. мінулага: размеркаванне сушы і мора, рачную і азёрную сетку, характар рэльефу мацерыкоў і ложа акіянаў, пашырэнне зледзяненняў, становішча межаў прыродных зон і г.д. Выкарыстоўваюцца для прагнозу карысных выкапняў, планавання і правядзення геолага-пошукавых работ, навук. мэт і інш. Вылучаюць П.к. адпаведных перыядаў, эпох і інш. раздзелаў геахраналагічнай шкалы, палеатэктанічныя, палеагеамарфалагічныя, палеакліматычныя, палеабатанічныя і інш. Для тэр. Беларусі складзены П.к. розных тэматык для многіх геал. эпох і больш дробных адрэзкаў геал. часу. Гл. таксама Палеагеаграфія.

І.В.Клімовіч.

т. 11, с. 542

ПАЛЕАГЕАГРА́ФІЯ (ад палеа... + геаграфія),

навука пра фізіка-геагр. ўмовы мінулых геал. эпох; частка гіст. геалогіі і адначасова фіз. геаграфіі. Асн. пытанні П. — размеркаванне сушы і мора ў стараж. эпохі, вобласці зносу і намнажэння асадкаў, рэльеф сушы і дна мораў, фіз.-хім. і дынамічныя асаблівасці марскіх басейнаў, клімат і інш. Метады П. грунтуюцца на вывучэнні горных парод (пашырэнне і магутнасці, структурныя і тэкстурныя асаблівасці, мінер. і хім. састаў, характар і ўмовы залягання, ізатопы кіслароду і вугляроду і інш.), а таксама арган. рэштак у іх, якія адлюстроўваюць умовы асяроддзя пры асадканамнажэнні. На аснове палеагеагр. даследаванняў складаюцца палеагеаграфічныя карты. П. цесна звязана з вучэннем аб фацыях, літалогіяй, палеанталогіяй, стратыграфіяй, геахіміяй, кліматалогіяй, геатэктонікай, геафізікай і інш. Падзяляецца на агульную П., якая вывучае асн. заканамернасці змены геагр. абалонкі Зямлі, і рэгіянальную П., якая даследуе фіз.-геагр. ўмовы пэўных тэрыторый у асобныя геал. перыяды.

П. ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. пасля распрацоўкі адноснай геахраналагічнай шкалы на аснове звестак біястратыграфіі, з’яўлення вучэння аб фацыях (швейц. геолаг А.Грэслі) і абгрунтавання метаду актуалізму (англ. геолаг Ч Лаель). У самаст. галіну вылучылася ў пач. 20 ст., калі палеагеагр. рэканструкцыі сталі перадумовай пошуку карысных выкапняў. Уклад у развіццё П. зрабілі рас. і сав. вучоныя М.І.Андрусаў, А.П.Карпінскі, А.Дз.Архангельскі, Дз.В.Наліўкін, М.М.Страхаў, Л.Б.Рухін, К.К.Маркаў і інш.

На Беларусі палеагеагр. даследаванні пачаліся ў 1-й пал. 20 ст. (П.А.Туткоўскі, Ф.В.Лунгерсгаўзен, М.Ф.Бліадухо). У 1950—60-я г. складзены палеагеагр. карты верхняга пратэразою, палеазою, мезазою, кайназою (В.С.Акімец, Л.М.Вазнячук, В.К.Галубцоў, С.С.Маныкін, А.С.Махнач, І.В.Міцяніна, М.М.Цапенка і інш.), вывучаны этапы развіцця расліннасці ў дэвоне-карбоне (Г.І.Кеда), антрапагене (Н.А.Махнач), даследаваны стараж. палеарэкі (Г.І.Гарэцкі). Даследаванні па праблемах карысных выкапняў абагульнены ў працах Л.Ф.Ажгірэвіч, Я.І.Аношкі, У.Я.Бардона. М.В.Вераценнікава, Э.А.Высоцкага, Г.У.Зінавенкі, С.А.Кручака, М.М.Лявых, Э.А.Ляўкова, К.М.Манкевіча, В.А.Масквіча, А.А.Махнача, А.В.Мацвеева, І.І.Ур’ева, У.І.Шкурагава і інш).

Літ.:

Рухин Л.Б. Основы общей палеогеографии. 2 изд. Л. 1962;

Геология СССР. Т. 3. Белорусская ССР. Геологическое описание. М., 1971.

С.А.Кручак.

т. 11, с. 542

ПАЛЕАГЕ́НАВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), палеаген,

першая сістэма кайназойскай эратэмы (групы) агульнай стратыграфічнай шкалы, адпавядае першаму перыяду кайназойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі мелавой сістэмы (перыяду), папярэднічае неагенавай сістэме (перыяду). Пачалася каля 65 млн. г. назад, доўжылася больш за 40 млн. гадоў. Назву ўвёў ням. геолаг К.Наўман (1866). У самастойную сістэму вылучана ў 1960, да таго лічылася падсістэмай (аддзелам) трацічнай сістэмы. Падзяляецца на 3 аддзелы (эпохі): палеацэн (ранняя), эацэн (сярэдняя) і алігацэн (позняя). На Беларусі палеаген, паводле прынятай схемы ў Зах. Еўропе, падзяляецца на ярусы (вякі): дацкі і танецкі (ніжні аддзел), лютэцкі, бартонскі і прыабонскі (сярэдні), рупельскі і хацкі (верхні). Паводле характэрных комплексаў выкапнёвых фарамініфераў, нанапланктону і рэшткаў раслін вылучана 7 світ: сумская, канеўская, бучацкая, кіеўская, харкаўская, страдубская, крупейская.

У палеагене сфарміраваліся складкавыя структуры альпід і ўзніклі восевыя часткі сучасных Пірэнеяў, Альпаў, Карпат, Крыма, Каўказа, Паміра, Гімалаяў і інш. Платформы неаднойчы зведалі марскія трансгрэсіі і рэгрэсіі. Адклады палеагену пашыраны на ўсіх кантынентах і прадстаўлены пераважна марскімі, радзей кантынентальнымі ўтварэннямі. З імі звязаны радовішчы нафты, газу, бурых вуглёў, жал. і марганцавых руд і інш. У флоры панавалі пакрытанасенныя, паступова з’яўляліся віды, больш падобныя на сучасныя. У жывёльным свеце для марской фауны характэрны нумуліты, сярод наземных жывёл — млекакормячыя. У эацэне з’явіліся драпежнікі, капытныя, грызуны, рукакрылыя, у алігацэне — першыя хобатныя, чалавекападобныя малпы. У канцы эацэну адбылося глабальнае пахаладанне клімату, пачалося фарміраванне ледавіковага шчыта Антарктыды.

На Беларусі адклады П.с.(п.) пашыраны на Пд і ў цэнтр. частцы. Палеацэн — раннеалігацэнавы час прадстаўлены марскімі адкладамі (пяскі кварцавыя, глаўканіт-кварцавыя, алеўрыты, пясчанікі, гліны, мергелі, апокі і інш.); позні алігацэн — кантынентальнымі адкладамі (пяскі, гліны, месцамі вуглістыя). Агульная магутнасць да 80 м. Залягаюць на глыб. 30—220 м, па далінах р. Дняпро і яе прытокаў месцамі выходзяць на паверхню. З адкладамі П.с. (п.) звязаны радовішчы фасфарытаў, глаўканіту, тугаплаўкіх і вогнетрывалых глін, бурых вуглёў, праяўленні бурштыну і тытан-цырконіевых россыпаў. Макс. трансгрэсія (харкаўскае мора — апошняе на Беларусі) ахапіла да 60% тэрыторыі. 3 сярэдзіны алігацэну (каля 30 млн. г. назад) асадканамнажэнне праходзіла ў далінах палеарэк, азёрах і забалочаных нізінах. Інтэнсіўна развіваўся карст. Флора была субтрапічная: вечназялёныя і цвердалістыя пароды з дамешкамі шыракалістых лістападных форм і голанасенных раслін. На працягу палеагену клімат змяніўся ад трапічнага да субтрапічнага, блізкага да цеплаўмеранага.

Літ.:

Маныкин С.С. Палеоген Белоруссии. Мн., 1973.

Л.І.Мурашка.

т. 11, с. 543

ПАЛЕАГЕ́Я (ад палеа... + gē зямля),

біягеаграфічнае царства. Займае ў асн. трапічныя раёны Усх. паўшар’я. Уключае Інда-Малайскую біягеаграфічную вобласць, Мадагаскарскую біягеаграфічную вобласць, Палінезійскую біягеаграфічную вобласць і Эфіопскую біягеаграфічную вобласць. Для флоры і фауны П. характэрны расліны і жывёлы стараж. Гандваны, у т.л. дваякадыхальныя рыбы, чарапахі (паходзяць з міяцэну і пліяцэну), страусы, хобатныя, чалавекападобныя малпы і інш.

т. 11, с. 543

ПАЛЕАГРА́ФІЯ (ад палеа... + ...графія),

1) спецыяльная гісторыка-філал. дысцыпліна, якая вывучае стараж. рукапісныя і друкаваныя помнікі з мэтай іх правільнага прачытання, вызначэння аўтарства, часу і месца стварэння, выяўлення іх сапраўднасці, аўтэнтычнасці. На аснове вонкавых прыкмет рукапісу даследуе пісчыя матэрыялы, прылады, тып пісьма, асаблівасці спосабаў запісу, аздабленне (арнамент, мініяцюры), афармленне пераплётаў, вадзяныя знакі на паперы і г.д. Цесна звязана з гісторыяй, эпіграфікай, геральдыкай, сфрагістыкай, дыпламатыкай, храналогіяй, археалогіяй, нумізматыкай, мовазнаўствам, літаратуразнаўствам, музыказнаўствам і інш. Асобная галіна П. — крыптаграфія. Паводле сістэмы пісьма, алфавіта і мовы адрозніваюць П. грэч., лац., слав., араб., кіт., груз., індыйскую і інш. Слав. П. вывучае стараж. помнікі беларусаў, рускіх, украінцаў, балгараў, сербаў, напісаных пераважна кірыліцай, а таксама глаголіцай, пэўнымі тыпамі пісьма (уставам, паўуставам і скорапісам), дэкаратыўным пісьмом (вяззю).

П. як навука ўзнікла ў 17 ст. ў Францыі і спачатку лічылася галіной дыпламатыкі. Тэрмін «П.» ўпершыню ўжыў франц. вучоны Б.Манфакон (навук. праца «Грэчаская палеаграфія», 1708, на лац. мове) і вылучыў яе ў самаст. навук. дысцыпліну. У Расіі зарадзілася ў 1-й чвэрці 18 ст. Вял. роля ў распрацоўцы слав. кірыліцкай П. належыць І.І.Сразнеўскаму, А.І.Сабалеўскаму, В.М.Шчэпкіну, В.Ягічу і інш. Пачынальнік бел. П. — Я.Ф.Карскі, які найб. дэталёва вызначыў і апісаў крыніцы палеагр. назіранняў з улікам іх складу, месца захоўвання рукапісаў у працы «Славянская кірылаўская палеаграфія» (1928, факсімільнае выданне 1979), апісаў таксама матэрыялы рукапісаў, іх вонкавае афармленне, прылады пісьма. Помнікі пісьменнасці, створаныя на Беларусі, вывучалі І.І.Грыгаровіч, А.Турчыновіч, М.В.Каяловіч, І.М.Даніловіч, М.К.Любаўскі, М.К.Баброўскі, М.Я.Нікіфароўскі, М.В.Доўнар-Запольскі, А.П.Сапуноў, Дз.І.Даўгяла, У.І.Пічэта, М.М.Улашчык, В.І.Баркоўскі, А.П.Ігнаценка, В.І.Мялешка, В.Ф.Шматаў і інш. Апісанне некалькіх тысяч помнікаў пісьменнасці даў В.Ю.Ластоўскі ў сваёй манаграфіі «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» (1926). Пра наяўнасць асобнай бел. разнавіднасці кірылічнага пісьма пісаў Л.У.Чарапнін у працы «Руская палеаграфія» (1956). Бел. мовазнавец А.М.Булыка ў манаграфіі «Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы» (1970) разгледзеў напісанне асобных кірылічных літар у бел. пісьме на розных этапах яго развіцця. Эвалюцыю бел. пісьма ў сувязі з развіццём літ. мовы вывучалі А.І.Жураўскі і Л.М.Шакун. Бел. славіст М.А.Паўленка ў працы «Гісторыя пісьма» (2-е выд. 1987) раскрыў асн. этапы развіцця бел. пісьма. Палеаграфічнае апісанне Баркулабаўскага летапісу зрабіла Н.Т.Вайтовіч. На прыкладзе Судовай (актавай) кнігі Каўнаскага земскага суда 1566—67 літ. вучоны А.К.Антановіч выявіў асаблівасці бел. скорапісу 2-й пал. 16 ст. Яму належыць таксама палеаграфічнае апісанне унікальных па сваёй значнасці бел. тэкстаў, напісаных араб. пісьмом («Беларускія тэксты, напісаныя арабскім пісьмом...», 1968). Літоўскі гісторык Э.Лаўцявічус у працы «Папера ў Літве ў XV—XVIII стст.» (1979) сабраў звесткі пра паперні ў Вільні, Слуцку, Паставах, Гальшанах, Смаргоні і інш. Разгляду асаблівасцей бел. пісьма прысвяціў сваю працу польскі вучоны Т.Рот-Жаброўскі («Гісторыя рускага пісьма», 1987). Пячаткі стараж.-бел. дакументаў апісаў у сваёй працы «Пячаткі старажытнай Беларусі» (1993) бел. гісторык А.К.Цітоў, стараж. прылады пісьма (пісалы) — археолагі Ф.Д.Гурэвіч, Я.Г.Звяруга, А.М.Мядзведзеў. Палеаграфічныя здымкі шматлікіх дагэтуль невядомых стараж. рукапісаў апісаў рас. кнігазнавец М.В.Нікалаеў (кн. «Палата кнігапісная», 1993). Падрыхтаваны і выдадзены першы вучэбны дапаможнік «Беларуская палеаграфія» (1996).

2) П. ў музыцы — прыкладная музыказнаўчая дысцыпліна, якая вывучае стараж. сістэмы муз. натацыі, метады іх транскрыпцыі на сучасную натацыю і даследаванне рукапісных помнікаў муз. пісьменнасці, эвалюцыю муз. знакаў. Выконвае крыніцазнаўчыя функцыі — выяўляе, апісвае, сістэматызуе, расшыфроўвае і перакладае муз. помнікі на сучасную натацыю. Выкарыстоўвае метады даследавання пеўчай і агульнай П. Вылучаюць муз. П. візантыйскую (грэч.), лац. (грыгарыянскую), армянскую, славяна-рускую і інш.

Як навука пачала складвацца ў 1850-я г. Яе асн. палажэнні выкладзены ў працах Ш.Э.А.Кусмакера, а таксама І.Вольфа («Гісторыя мензуральнай натацыі ад 1250 да 1460», т. 1—3, 1904—65; «Даведнік натацый», т. 1—2, 1913—19). Уклад у вывучэнне пеўчай натацыі зрабілі Г.Рыман, О.Фляйшэр, П.І.Вагнер, П.Ферэці, Ж.Хандшын, Э.Ямерс. У Францыі выдадзены збор помнікаў неўменнага пісьма «Палеаграфія музычная» (т. 1—19, 1889—1950). Асаблівасцям візант. натацыі прысвечаны працы А.Гастуэ і Ж.Б.Цібо на мяжы 19—20 ст., у 1920—30-я г. — даследаванні Э.Велеса, Г.Тыльярда і К.Хёга. Славяна-рус. пеўчая П. ўключае рус., бел., укр., балг., сербскія, часткова харвацкія рукапісныя муз. помнікі 10—20 ст., знаменныя сістэмы натацыі — кандакарную, стаўпавую (знаменную, крукавую), дзямественную, пуцявую, казанскую і інш., а таксама квадратную лінейную, што на Беларусі вядома з 15 ст., і знаменна-лінейныя дваязнаменныя рукапісы. Найб. раннія даследаванні належаць В Ундольскаму (1846) і І.Сахараву (1849). Муз. П. цікавіліся У.Адоеўскі, У.Стасаў. Вял. ўклад у распрацоўку муз. П. зрабілі Дз.Разумоўскі, С.Смаленскі, В.Металаў, А.Праабражэнскі, І.Вазнясенскі, пазней да яе звярталіся В.Бяляеў, М.Успенскі. Заснавальнік сучаснай муз. П і школы муз. медыявістыкі — М.Бражнікаў (аўтар прац «Руская пеўчая палеаграфія», «Курс лекцый па старажытнарускай музыцы і палеаграфіі», абедзве 1971, рукапісы). У галіне славяна-рус. П. працавалі замежныя даследчыкі Э.Ара, І.Гарднер, Э.Кошмідэр, М.Веліміровіч, Р.Палікарава-Вердэй, О.Странк, К.Флорас, К.Леві, Б.Карастаянаў і інш.

На Беларусі ў галіне муз. П. працуюць даследчыкі-медыявісты Л.Касцюкавец (аўтар курсу) у Бел. акадэміі музыкі, Т.Ліхач і інш. Гл. таксама Нотнае пісьмо, Царкоўная музыка.

Літ.:

Соболевский А.И. Славянорусская палеография: Лекции. 2 изд. СПб., 1908;

Карский Е.Ф. Белорусы: Язык бел. народа. Вып. 1. М., 1955;

Жуковская Л.П. Развитие славяно-русской палеографии. М., 1963;

Тихомиров М.Н., Муравьев А.В. Русская палеография. М., 1966;

Фридрих И. История письма: Пер с нем. М., 1979;

Разумовский Д.В. О нотных безлинейных рукописях церковного знаменного пения. М., 1863;

Смоленский С.В. Азбука знаменного пения: Извещение о согласнейших пометах старца Александра Мезенца. Казань, 1888;

Яго ж. О древнерусских певческих нотациях. СПб., 1901;

Металлов В.М. Русская семиография. М., 1912;

Преображенский А.В. О сходстве русского музыкального письма с греческим в певческих рукописях XI—XII вв. СПб., 1909;

Никишов Г.А Сравнительная палеография кондакарного письма XI—XIV вв. // Musica antiqua. Bydgoszcz, 1975;

Христофор. Ключ знаменной. 1604. М., 1983 (Памятники рус. муз. искусства. Вып 9);

Проблемы дешифровки древнерусских нотаций: (Сб.) Л., 1987.

У.М.Свяжынскі (літаратура), Л.П.Касцюкавец (музыка).

т. 11, с. 543