Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛАЎР (Laurus),

род кветкавых раслін сям. лаўровых. 2 віды. Пашыраны ў Міжземнамор’і і на астравах Атлантычнага ак. Са стараж. часоў у культуры Л. высакародны (L. nobilis); лаўровы вянок і лаўровая галінка — сімвал славы, доблесці і перамогі. На Беларусі культывуюць у пакоях, аранжарэях.

Вечназялёныя дрэвы ці кусты. Лісце чаргаванае, скурыстае, суцэльнакрайняе. Кветкі белавата-жоўтыя, дробныя, у парасонападобных суквеццях. Плод — сіне-чорная касцянка. Лісце выкарыстоўваюць у кансервавай і кандытарскай прам-сці, з пладоў атрымліваюць эфірны алей, драўніна ідзе на дробныя вырабы. Дэкар. расліны.

Лаўр высакародны. Галінкі расліны: 1 — жаночай; 2 — мужчынскай; 3 — ліст з верхняга боку.

т. 9, с. 158

ЛА́ЎРА (грэч. laura літар. гарадская вуліца, квартал),

назва найбольш буйных і ўплывовых правасл. мужчынскіх манастыроў. Вядомы з 4—6 ст.: Л. наз. манастыры св. Феадосія каля Іерусаліма (Палесціна), св. Афанасія на Афоне (Грэцыя). У Рас. імперыі статус Л. мелі Кіева-Лячэрская лаўра (з 1598), ТроіцаСергіева лаўра (з 1744), Аляксандра-Неўская лаўра (з 1797), Пачаеўская, цяпер у Цярнопальскай вобл. на Украіне (з 1833; у ансамблі барочны Успенскі сабор, 1771—83, арх. Г.Гофман, класіцыстычная званіца, 1861, Троіцкі сабор, 1906, арх. А.Шчусеў). Да 18 ст. Л. падначальваліся непасрэдна патрыярху, з 1721 — сіноду. Карыстаюцца асаблівымі правамі, колькасць манахаў у Л. не абмяжоўваецца. Кіруюць Л. намеснікі ў сане архімандрыта.

Да арт. Лаўра. Успенскі сабор Пачаеўскай лаўры ў Цярнопальскай вобл. (Украіна). 1771—83.

т. 9, с. 159

ЛАЎРАВІ́ШНЯ (Laurocerasus),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Еўразіі і Амерыкі. Культывуецца Л. лекавая (L. officinalis).

Вечназялёныя дрэвы і кусты. Лісце цэльнае, часцей скурыстае. Кветкі белыя, дробныя, духмяныя, у вузкіх гронках. Плод — сакаўная касцянка, у некат. відаў — ядомая. Насенне ядавітае (мае сінільную к-ту). Драўніна выкарыстоўваецца ў дрэваапрацоўчай прам-сці. Дэкар., лек. і пладовыя расліны.

Лаўравішня лекавая.

т. 9, с. 159

ЛАЎРА́ЗІЯ [ад назвы Лаўрэнцьеўскі шчыт (цяпер Канадскі шчыт) + Азія],

старажытны суперкантынент, што аб’ядноўваў мацерыкі Паўн. паўшар’я — Паўн. Амерыку, Еўропу і Азію. Стварыўся ў палеазоі ў выніку пераўтварэння Атлантычнага, Урала-Мангольскага, Арктычнага і Міжземнаморскага геасінклінальных паясоў у складкавыя, якія паступова звязалі стараж. платформы паўн. рада; Канадскую (Лаўрэнцію), Усх.-Еўрапейскую, Сібірскую, а таксама Калымскі масіў. У канцы сілуру — пачатку дэвону (канец эпохі каледонскай складкавасці) паўн. ч. Атлантычнага геасінклінальнага пояса перайшла ў стадыю арагенезу і злучыла Паўн.-Амерыканскую і Усх.-Еўрапейскую платформы ў адзіны кантынентальны масіў — Лаўрусію. З сярэдзіны карбону б.ч. Урала-Ахоцкага і Міжземнаморскага геасінклінальных паясоў пачала пераўтварацца ў складкавыя, што ў позняй пярмі—сярэдзіне трыясу прывяло да аб’яднання Лаўрусіі з Сібірскай платформай у Лаўразію. Л. размяшчалася бліжэй да экватара і шырокім марскім басейнам ак. Тэціс аддзялялася ад суперкантынента Паўд. паўшар’я Гандваны. Паводле геал. даных вызначана сувязь паміж зах. часткамі Л. і Гандваны (усх. часткі былі больш раз’яднаныя). Пазней, але таксама ў пярмі — сярэдзіне трыясу Л. і Гандвана разам з Кітайска-Карэйскай платформай і Паўднёва-Кітайскай платформай былі адзіным звышкантынентам, якому А.Вегенер (гл. Вегенера гіпотэза) даў назву Лангея. Распад Пангеі, а разам з ёй Л. і Гандваны пачаўся 200 млн. гадоў назад (у канцы трыясавага — пачатку юрскага перыяду мезазойскай эры). У сярэдзіне мезазою Л. распалася на 2 часткі — Паўн. Амерыканскую і Еўразіяцкую, з утварэннем паміж імі Атлантычнага акіяна. У выніку дрэйфу кантынентаў каля 10 млн. гадоў назад Паўн. Амерыка і Еўразія занялі сучаснае становішча.

Р.Р.Паўлавец.

т. 9, с. 159

ЛАЎРА́НГАС (Lavrangas),

Лаўранга Дыянісіяс (17.10.1860 або 1864, г. Аргастоліян, Грэцыя — 18.7.1941), грэчаскі кампазітар, дырыжор, педагог. Вучыўся ў кансерваторыях Неапаля (1882—85) і ў Парыжы (з 1885) у Л.Дэліба, Ж.Маснэ і інш. Працаваў у вандроўных франц. оперных трупах, оперны дырыжор у Турыне і Венецыі. У 1894—96 кіраўнік Філарманічнага т-ва ў Афінах. Адзін з арганізатараў Нац. опернага т-ра («Лірыкі скіні», 1939). У 1901—05 праф. Афінскай кансерваторыі. У ліку першых грэч. кампазітараў звярнуўся да інстр. музыкі, у творчасці выкарыстоўваў нар. тэмы. Сярод твораў: 9 опер, у т.л. «Два браты» (паст. 1900), «Чарадзейка» (паст. 1901), «Дыдона» (паст. 1909), «Факанапас» (паст. 1950); балет «Персефона» (паст. 1936); 5 аперэт, у т.л. «Белы волас» (паст. 1917); сімф. паэма для аркестра «Пяцібор’е» (1896, для першых міжнар. Алімп. гульняў у Афінах); хары, песні; музыка да драм. спектакляў.

т. 9, с. 159

ЛАЎРАНЁЎ (Барыс Авдрэевіч) (17.7. 1891, г. Херсон, Украіна — 7.1.1959),

расійскі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1915). Дэбютаваў у 1911 вершамі, у якіх адчуваўся ўплыў эгафутурызму. Раннія апавяданні і аповесці «Вецер», «Сорак першы» (абедзве 1924; паводле апошняй аднайм. кінафільмы 1927 і 1956), «Апавяданне пра простую рэч» (1925) прысвечаны падзеям Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны, якія пададзены ў лірыка-паэтычным стылі, рамантызавана. Тэма рус. інтэлігенцыі ў аповесцях «Сёмы спадарожнік» (1927), «Гравюра на дрэве» (1928). Адзін з пачынальнікаў сав. гіст.-рэв. драмы («Разлом», нап. 1927; паст. т-рам імя Я.Коласа 1928, Дзярж. рус. драм. т-рам Беларусі 1951). П’есы «Песня аб чарнаморцах» (1943), «За тых, хто ў моры!» (1945; паст. т-рам імя Я.Купалы 1947) пра гераізм народа ў Вял. Айч. вайну. Аўтар раманаў «Крушэнне рэспублікі Ітль» (1925), «Буйное жыццё» (1927), «Сіняе і белае» (1933), аповесцей «Свет у шклечку» (1928), «Стратэгічная памылка» (1934), «Чарцёж Архімеда» (1937), зб. апавяданняў «Людзі простага сэрца» (1943), паліт. драмы «Голас Амерыкі» (1949; паст. т-рам імя Я.Купалы 1950), навел, памфлетаў, фельетонаў і інш. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі В.Каваль, Г.Шаранговіч, Т.Гарэлікава. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1950.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—8. М., 1995;

Бессменная вахта: Неизданная публицистика. М., 1973;

Седьмой спутник. М., 1991.

Літ.:

Кардин В. Борис Лавренев. М., 1981.

Л.В.Календа.

т. 9, с. 159

ЛАЎРО́НКА (Яўген Міхайлавіч) (23.2. 1900, г. Чугуеў Харкаўскай вобл., Украіна — 1987),

расійскі геабатанік. Акад. АН СССР (1968, чл.-кар. 1946). З 1931 праф. Харкаўскага с.-г. ін-та, з 1934 у Бат. ін-це АН СССР. Навук. працы па тэорыі біягеацэналогіі, расліннасці стэпаў і пустынь Еўразіі і Паўн. Афрыкі, раянаванні і картаграфаванні расліннасці, ахове прыроды.

Тв.:

Степи СССР // Растительность СССР. М.; Л., 1940. Т. 2.

т. 9, с. 161

ЛАЎРО́Ў (Георгій Лаўрэнцьевіч) (10.1. 1896, в. Балахнята Сафонаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 24.5.1967),

расійскі і бел. архітэктар. Скончыў Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні ў Маскве (1926). Працаваў у Маскве, у 1928—34 у Мінску. Работы на Беларусі: гал. корпус і карпусы ф-таў БДУ (1928—31), клінічны гарадок (1931), Бібліятэка нацыянальная Беларусі, Беларуская політэхнічная акадэмія, лабараторны корпус і друкарня імя Ф.Скарыны Нац. АН Беларусі (1934) — усе ў Мінску, інтэрнат і навук. корпус Бел. с.-г. акадэміі ў г. Горкі Магілёўскай вобл. (1930—33), будынак кінатэатра ў Оршы (1932). Сярод інш. работ: кінастудыі ў г. Алматы, Ашгабаце, Бішкеку (1956—59, у сааўт.), кінатэатры ў Бухарэсце (1956), Сафіі (1958) і інш.

А.А.Воінаў.

т. 9, с. 159

ЛАЎРО́Ў (Георгій Сцяпанавіч) (22.4. 1910, в. Заполле Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 2.11.1993),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў драм. курсы ў Мінску (1932). У 1932—41 працаваў у БДТ-3, т-рах юнага гледача імя Крупскай, Палескім абл. драматычным. З 1945 акцёр Белдзяржэстрады. У 1956—70 у Магілёўскім абл. т-ры муз. камедыі. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, выконваў характарныя, драм. і камед. ролі: Пытляваны («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Гарошка («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Бяссудны і Беркутаў («На бойкім месцы» і «Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Ягор Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Астраў («Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Папандопула («Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава), Ілья («Пяць вечароў» А.Валодзіна).

Г.Р.Герштэйн.

т. 9, с. 159

ЛАЎРО́Ў (Кірыл Юр’евіч) (н. 15.9.1925, Кіеў),

расійскі акцёр, тэатр. дзеяч. Нар. арт. СССР (1972). Герой Сац. Працы (1985). З 1950 працаваў у Кіеўскім рус. драм. т-ры, з 1955 у Санкт-Пецярбургскім Вял. драм. т-ры (з 1989 яго маст. кіраўнік). Для Л.-акцёра характэрны паглыблены драматызм, дакладнасць сац.-псіхал. аналізу ролі. Выступае пераважна ў амплуа станоўчага героя. Выконвае і дваістыя, супярэчлівыя натуры: Малчалін («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Ніл («Мяшчане» М.Горкага), Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Прэзідэнт («Каварства і каханне» Ф.Шылера) і інш. Здымаецца ў кіно: «Жывыя і мёртвыя» (1964), «Браты Карамазавы» (1969), «Утаймаванне агню» (1972, прэмія Усесаюзнага кінафестывалю 1973; Дзярж. прэмія Расіі 1974), «Акіян» (1974), «Мой ласкавы і пяшчотны звер» (1978) і інш. У 1986—92 старшыня праўлення Саюза тэатр. дзеячаў СССР, з 1992 прэзідэнт Міжнар. канфедэрацыі тэатр. саюзаў. Дзярж. прэмія СССР 1978, Ленінская прэмія 1982 за тэатр. работы.

Літ.:

Яснец Э.Я. К.Лавров. Л., 1977.

т. 9, с. 160