КРАМАТО́РСК,
горад на Украіне, у Данецкай вобл. Узнік у 2-й пал. 19 ст. 194 тыс. ж. (1997). Чыг. вузел. Цэнтр цяжкага машынабудавання і станкабудавання; чорная металургія, коксахім. з-д; вытв-сць пракатнага абсталявання, кандыцыянераў, эмалей, буд. матэрыялаў і інш.; лёгкая і харч. прам-сць. Індустр. ін-т. 2 музеі.
т. 8, с. 446
КРА́МЕР ((Cramer) Габрыэль) (31.7.1704, г. Жэнева, Швейцарыя — 4.1.1752),
швейцарскі матэматык. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1749). З 1724 у Жэнеўскай кальвінісцкай акадэміі (з 1734 праф.). Навук. працы па геаметрыі і тэорыі імавернасцей. Устанавіў і апублікаваў (1750) правіла рашэння сістэмы лінейных ураўненняў з літарнымі каэфіцыентамі (правіла К.), заклаў асновы тэорыі дэтэрмінантаў (вызначнікаў).
т. 8, с. 446
КРА́МЕР ((Cramer) Іаган Баптыст) (24.2. 1771, г. Мангейм, Германія — 16.4. 1858),
нямецкі кампазітар, піяніст. Вучыўся ў М.Клеменці (фп.), К.Ф.Абеля (кампазіцыя). Жыў пераважна ў Лондане. З 1788 выступаў як піяніст у краінах Еўропы. Адзін з заснавальнікаў Лонданскага філарманічнага т-ва (1813), выд-ва «Крамер і К°» (1824, разам з Р.Адысанам і Т.Білам). Яго выканальніцкая манера паўплывала на фарміраванне фп. стылю пач. 19 ст. Аўтар 9 канцэртаў для фп. з аркестрам, камерна-інстр. ансамбляў; фп. п’ес, у т. л. больш за 100 санат, эцюдаў, якія маюць пед. каштоўнасць («Вялікая практычная фартэпіянная школа», 1815).
т. 8, с. 446
КРА́МЕР, Крэймер (Kramer) Стэнлі (н. 29.9.1913, Нью-Йорк), амерыканскі кінарэжысёр і прадзюсер. Скончыў Нью-Йоркскі ун-т (1933). Стваральнік вострасюжэтных фільмаў актуальнай тэматыкі: «Не схіліўшыя галавы» (1958, у пракаце «Скаваныя адным ланцугом»), «На апошнім беразе» (1959), «Пажнеш буру» (1960), «Нюрнбергскі працэс» (1961), «Гэты шалёны, шалёны, шалёны, шалёны свет» (1963), «Карабель дурняў» (1965), «Благаславі звяроў і дзяцей» (1971), «Прынцып «Даміно» (1977), «I спатыкаецца той, хто бяжыць...» (1979) і інш. Фільмы К. адпавядаюць традыц. драматургічным і жанравым схемам, для іх характэрна яснасць думкі. выказанай з максімальнай публіцыст. даступнасцю.
т. 8, с. 447
КРА́МЕР ((Kramer) Тэадор) (1.1.1897, Корнайбург, Аўстрыя — 3.4.1958),
аўстрыйскі паэт. Удзельнік 1-й сусв. вайны. Вучыўся ў Венскім ун-це. З 1937 на нелегальным становішчы, у 1939—57 у Англіі. Друкаваўся з канца 1920-х г. Зб-кі вершаў «На дне» (1928), «Каляндар» (1930), «З гармонікам» (1936), «У шынку» (1946) сац.-крытычнай праблематыкі, у іх адлюстравана гаротнае жыццё абяздоленых, батракоў, беспрацоўных, бадзяг. Аўтар зб-каў вершаў антываен. («Мы ляжалі на Валыні ў балоце», 1931) і антыфаш. («Высланы з Аўстрыі», 1943; «Вена 1938. Зялёныя Кадры», 1946) накіраванасці. У зб-ках «Хвала роспачы», «Аб чорным віне» (абодва 1956) рэаліст. змест песенных мелодый афарбаваны матывамі смутку і адчаю. Асобныя вершы К. пераклаў на бел. мову В.Сёмуха.
Тв.:
Бел. пер. — у кн.: Прыйдзі, стваральны дух: З ням., аўстр., польск., латыш. лірыкі. Мн., 1986;
Рус. пер. — у кн.: Золотое сечение: Австрийская поэзия XIX—XX вв. в рус. переводах. М., 1988.
У.Л.Сакалоўскі.
т. 8, с. 447
КРА́МЕР Фёдар Аляксандравіч, бел. архітэктар канца 18 — пач. 19 ст.; прадстаўнік класіцызму. Мінскі губ. архітэктар. Асн. работы: перабудовы Мінскай ратушы, базыльянскага манастыра пад дваранскае вучылішча (1799), езуіцкай школы пад дом губернатара, езуіцкага калегіума пад адм. будынак, дом віцэ-губернатара (усе 1800), будынак губ. паштовай канторы (каля 1807) — усе ў Мінску; адм. будынак у Пінску; перабудова езуіцкага манастыра пад адм. будынак у Бабруйску (абедзве 1800) і інш.
т. 8, с. 447
КРАМКО́ (Аляксандр Яўгенавіч) (н. 24.12.1961, г. Стоўбцы Мінскай вобл.),
бел. музыкант, выканаўца на нар. інструментах. Засл. арт. Беларусі (1998). Скончыў Мінскі ін-т культуры (1984), з 1990 выкладае ў Бел. ун-це культуры. З 1986 саліст Дзярж. акад. нар. аркестра Беларусі імя І.Жыновіча. Па яго ініцыятыве ў аркестр упершыню ўведзены нар. інструменты акарына, дуда, жалейка, саломка, чаротка (выконвае на іх сола ў аркестры, у т. л. ў складзе квартэта жалеек). Аўтар твораў для аркестра нар. інструментаў («Перагукі-перазвоны», «На вечарынцы», «Кругавыя танцы», «Жалеечны вяночак», «Звіняць цымбалы і гармонік»), апрацовак бел. нар. песень («Чырвоная калінанька», «Ах ты, зорка мая», «Ой, там, на таргу» і інш.; уваходзяць у рэпертуар Дзярж. нар. аркестра), інструментовак цыкла песень С.Манюшкі на словы Я.Чачота.
Л.А.Сівалобчык.
т. 8, с. 447
КРАМКО́ (Яўген Ігнатавіч) (н. 17.9.1920, в. Беражна Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1950). Працаваў рэдактарам раённых газ. на Міншчыне і Гродзеншчыне, у Літ. музеі Я.Купалы, у 1951—70 у Сав. Арміі. Друкуецца з 1950. Аўтар зб-каў апавяданняў, казак і інш. для дзяцей «Звяры таксама плачуць» (1985), «Разам з дзядулем» (1997), дакумент. аповесці «Атрад «Камсамольскі» (1987), кн. «Нёманскія замалёўкі» (1989). Напісаў успаміны пра У.С.Караткевіча, пра дзейнасць партызан у Вял. Айч. вайну на Беларусі (зб-кі «У прынёманскіх лясах», 1975; «За край родны», 1978; абодва ў сааўт.).
т. 8, с. 447
КРАМЛЁЎ (Яўген Паўлавіч) (н. 6.12.1938, в. Тулага Урэнскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1982), праф. (1993). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1962). З 1985 у Гродзенскім с.-г. ін-це, з 1990 у Гродзенскім ун-це (з 1996 заг. кафедры). Навук. працы па экалагічнай таксікалогіі, вывучэнні стану біяцэнозаў зах. рэгіёна Беларусі, стварэнні пралангаваных гарманальных прэпаратаў для лячэння і прафілактыкі эндакрынапатый і стымуляцыі функцыі размнажэння ў жывёл.
Тв.:
Профилактика минеральной и витаминной недостаточности у животных. Калининград, 1986 (разам з У.І.Павасіным;
Л.А.Калінічэнка);
Комплексная программа непрерывного экологического образования и воспитания детей дошкольного и школьного возраста. Гродно, 1996 (у сааўт.).
т. 8, с. 447