КРАМКО́ (Аляксандр Яўгенавіч) (н. 24.12.1961, г. Стоўбцы Мінскай вобл.),
бел. музыкант, выканаўца на нар. інструментах. Засл. арт. Беларусі (1998). Скончыў Мінскі ін-т культуры (1984), з 1990 выкладае ў Бел. ун-це культуры. З 1986 саліст Дзярж. акад. нар. аркестра Беларусі імя І.Жыновіча. Па яго ініцыятыве ў аркестр упершыню ўведзены нар. інструменты акарына, дуда, жалейка, саломка, чаротка (выконвае на іх сола ў аркестры, у т. л. ў складзе квартэта жалеек). Аўтар твораў для аркестра нар. інструментаў («Перагукі-перазвоны», «На вечарынцы», «Кругавыя танцы», «Жалеечны вяночак», «Звіняць цымбалы і гармонік»), апрацовак бел. нар. песень («Чырвоная калінанька», «Ах ты, зорка мая», «Ой, там, на таргу» і інш.; уваходзяць у рэпертуар Дзярж. нар. аркестра), інструментовак цыкла песень С.Манюшкі на словы Я.Чачота.
Л.А.Сівалобчык.
т. 8, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)