Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЖУКО́ЎСКІ Міхал, бел. гравёр 18 ст. Працаваў у г. Львоў (Украіна) і Нясвіжы пры двары кн. М.К.Радзівіла Рыбанькі. Стварыў медзярыты на тэмы пастановак Нясвіжскага прыдворнага т-ра У.Радзівіл, якія былі выкарыстаны ў кнізе «Камедыі і трагедыі...» (1754, с. Жоўква, цяпер г. Несцераў, Украіна).

т. 6, с. 448

ЖУКО́ЎСКІ (Пётр Міхайлавіч) (22.1.1888, Кішынёў — 2.10.1975),

савецкі батанік і раслінавод. Акад. УАСГНІЛ (1935), чл.-кар. (1955) і ганаровы д-р (1967) Герм. акадэміі с.-г. навук. Скончыў Новарасійскі ун-т (Адэса, 1911). З 1920 дырэктар Бат. сада, з 1923 праф. Політэхнічнага ін-та ў Тбілісі; у 1934—52 праф. Маскоўскай с.-г. акадэміі імя К.А.Ціміразева; у 1951—60 дырэктар Усесаюзнага н.-д. ін-та раслінаводства, з 1962 праф. Ленінградскага ўн-та. Навук. працы па паходжанні, эвалюцыі, геаграфіі культ. раслін, марфалогіі і генетыцы. Аўтар падручніка «Батаніка» (5 выд., 1982). Дзярж. прэмія СССР 1943. Прэмія імя М.І.Вавілава АН СССР 1967.

т. 6, с. 448

ЖУКО́ЎСКІ (Станіслаў Юльянавіч) (13.5.1875, в. Ендрыхаўцы Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл.жн. 1944),

жывапісец. Акад. жывапісу (з 1907). Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1901), дзе вучыўся ў І.Левітана, В.Сярова. Быў чл. Т-ва перасоўных выставак (з 1903), Саюза рус. мастакоў (з 1907). З 1917 у Польшчы, у 1920 адкрыў прыватную школу жывапісу ў Варшаве. Пісаў пейзажы, інтэр’еры, нацюрморты. Сярод твораў: «Нёман» (1895), «Веснавая вада» (1898), «Месячная ноч» (1899), «Першыя прадвеснікі вясны. Пралескі» і «Стары маёнтак» (абодва 1910), «Радасны май» (1912), «Зімовая ноч» (1919), «Рака на Палессі» (1928), «Інтэр’ер. Пакой мастака на вуліцы Кошыкавай у Варшаве» (1930), «Крыгаход на Нёмане» (1931), «Рака Вілейка» (1932). У Нац. маст. музеі Беларусі каля 40 карцін Ж., у т. л. «Возера Сенеж» (1902), «Старая сядзіба» (1910), «Інтэр’ер» (1916) і інш.

С.Жукоўскі. Стары маёнтак. 1910.

т. 6, с. 448

ЖУКО́ЎСКІ,

горад у Расіі, у Маскоўскай вобл., на р. Масква. 101,3 тыс. ж. (1992). Чыг. ст. Буйны цэнтр праектавання і выпрабавання самалётаў. Маш.-буд. прам-сць (з-ды: маш.-буд., мантажных загатовак), дрэваапрацоўчы і домабуд. камбінаты; ф-ка папяровых вырабаў і інш. Цэнтр. аэрагідрадынамічны ін-т (ЦАГІ), Лётна-даследчы ін-т, ф-т аэрамеханікі і лятальнай тэхнікі Маскоўскага фіз.-тэхн. ун-та (пры ЦАГІ) і інш. Названы ў гонар рас. вучонага М.Я.Жукоўскага.

т. 6, с. 448

ЖУКО́ЎСКІ-ЗІ́ЛЬБЕР (Меер Шоламавіч) (23.8.1907, г. Брэст — 7.3.1985),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. З 1924 кіраваў «тэхнікай» (друкарняй) Брэсцкага акругкома КСМЗБ, з 1928 — «цэнтральнай тэхнікай» КПЗБ. Адзін з арганізатараў падп. друкарняў КПЗБ у Гродне, Вільні, Беластоку, Брэсце, Варшаве. У 1936 арыштаваны і засуджаны на 10 гадоў (вызвалены ў час паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь у вер. 1939). З 1941 на гасп. рабоце ва ўсх. абласцях СССР. Аўтар успамінаў «Цэнтральная тэхніка КПЗБ» (у кн. «У суровыя гады падполля», 1958).

М.П.Клімец.

т. 6, с. 448

ЖУКО́ЎШЧЫНА,

вёска ў Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., каля аўтадарогі Дзятлава—Ліда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 11 км на Пд ад г.п. Дзятлава, 154 км ад Гродна, 24 км ад чыг. ст. Наваельня. 405 ж., 132 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 6, с. 448

ЖУКО́ЦІН, Джукетаў,

горад Балгарыі Волжска-Камскай (цяпер гарадзішча каля г. Чыстапаль у Татарстане).

Узнік у дамангольскі перыяд. У залатаардынскія часы (канец 13—14 ст.) багацейшы горад Волжскай Балгарыі. Разбураны ў 1-й пал. 15 ст. На гарадзішчы знойдзена шмат манет, у т. л. скарбы. У 1923 знойдзены т.зв. Джукетаўскі скарб залатых і сярэбраных упрыгожанняў канца 14 ст., які сведчыць пра высокае майстэрства балг. рамеснікаў-ювеліраў.

т. 6, с. 448

ЖУК-ГРЫШКЕ́ВІЧ (Вінцэнт Антонавіч) (23.2.1903, в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 14.2.1989),

дзеяч бел. эміграцыі, педагог, літаратуразнавец, гісторык. Д-р філасофіі (1952). Муж Р.М.Жук-Грышкевіч. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1922), Пражскі ун-т (1927). У 1927—39 настаўнічаў у Вільні. Пасля заняцця горада Чырв. Арміяй (1939) арыштаваны органамі НКУС, засуджаны на 8 гадоў і зняволены ў Печлаг (Комі АССР). У 1942 вызвалены па амністыі, у складзе Андэрса арміі ваяваў супраць ням. фашыстаў. У 1945—49 выкладаў у вайск. школах у Італіі, потым у Англіі. Адзін з заснавальнікаў і першы старшыня Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі (1946), рэдактар час. «Беларус на чужыне», «На шляху». З 1950 у г. Таронта (Канада), з 1954 у Мюнхене (ФРГ), арганізаваў і вёў бел. секцыю радыё «Вызваленне». З 1956 у Канадзе: арганізаваў і ўзначаліў Каардынацыйны к-т беларусаў (1966) і Беларускі інстытут навукі і мастацтва (1967). З 1968 1-ы нам. старшыні, у 1970—82 старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі на эміграцыі. Аўтар кн. «25 сакавіка» (1978).

М.М.Міцкевіч.

т. 6, с. 445

ЖУК-ГРЫШКЕ́ВІЧ (Раіса Мікалаеўна) (н. 22.10.1919, г. Пружаны Брэсцкай вобл.),

дзеяч бел. эміграцыі, пісьменніца. Жонка В.А.Жук-Грышкевіча. Скончыла Пружанскую польск. гімназію (1938), настаўнічала на Пружаншчыне. У Вял. Айч. вайну вывезена на прымусовыя работы ў Германію. Пасля вызвалення жыла ў бел. лагеры для перамешчаных асоб у Ватэнштэце. З 1949 у г. Таронта (Канада), скончыла ун-т (1954). З 1954 працавала ў г. Мюнхене (ФРГ), у Канадзе. З 1965 сакратар, рэферэнт па культуры, старшыня Гал. управы Згуртавання беларусаў Канады, заснавала Згуртаванне беларускіх жанчын Канады. З 1967 сябра, сакратар-скарбнік Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Канадзе; з 1973 скарбнік-сакратар Выдавецкага к-та пры Каардынацыйным к-це беларусаў Канады (ККБК), з 1989 старшыня ККБК. Аўтар кн. «Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча» (1993).

М.М.Міцкевіч.

т. 6, с. 446

Жук Аляксандр Іванавіч

т. 18, кн. 1, с. 385