ЖУКО́ЎСКІ (Станіслаў Юльянавіч) (13.5.1875, в. Ендрыхаўцы Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. — жн. 1944),
жывапісец. Акад. жывапісу (з 1907). Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1901), дзе вучыўся ў І.Левітана, В.Сярова. Быў чл.Т-ва перасоўных выставак (з 1903), Саюза рус. мастакоў (з 1907). З 1917 у Польшчы, у 1920 адкрыў прыватную школу жывапісу ў Варшаве. Пісаў пейзажы, інтэр’еры, нацюрморты. Сярод твораў: «Нёман» (1895), «Веснавая вада» (1898), «Месячная ноч» (1899), «Першыя прадвеснікі вясны. Пралескі» і «Стары маёнтак» (абодва 1910), «Радасны май» (1912), «Зімовая ноч» (1919), «Рака на Палессі» (1928), «Інтэр’ер. Пакой мастака на вуліцы Кошыкавай у Варшаве» (1930), «Крыгаход на Нёмане» (1931), «Рака Вілейка» (1932). У Нац.маст. музеі Беларусі каля 40 карцін Ж., у т. л. «Возера Сенеж» (1902), «Старая сядзіба» (1910), «Інтэр’ер» (1916) і інш.