ГРЫГО́Р’ЕЎ Афанасій Рыгоравіч
(21.1.1782, слабада Васільеўская, Тамбоўская вобл., Расія — 13.5.1868),
рускі архітэктар, прадстаўнік маст. ампіру. Да 1804 прыгонны. Вучыўся ў І.Дз.Жылярдзі, у Крамлёўскай арх. школе. З 1808 да 1840-х г. гал. архітэктар маск. Выхаваўчага дома. Сярод работ у Маскве: дамы Селязнёвай (цяпер Музей А.С.Пушкіна, 1814), Лапухіна — Станіцкай (цяпер Музей Л.М.Талстога), царква Вял. Ушэсця каля Нікіцкіх варот (1820-я г.); шэраг сядзібных дамоў у Маскоўскай вобл. У апошнія гады працаваў у духу эклектычнай архітэктуры.
т. 5, с. 477
ГРЫГО́Р’ЕЎ Вісарыён Вісарыёнавіч
(н. 17.4.1907, г. Данкоў Ліпецкай вобл., Расія),
савецкі ваенна-марскі дзеяч. Віцэ-адмірал (1945). Канд. геагр. н. (1965). Скончыў Вышэйшае ваен.-марское вучылішча імя Фрунзе (1930), Ваен.-марскую акадэмію (1940). У ВМФ з 1926. Служыў у Далёкаўсходняй (Амурскай) ваен. флатыліі (1930—37). Нач. штаба Дняпроўскай (1940), Дунайскай (1940—41), Волжскай (1943) ваен. флатылій, Новарасійскай ваен.-марской базы (1941—42). Камандуючы Дняпроўскай ваеннай флатыліяй (1943—45). Удзельнік абароны Ачакава, Мікалаева, Херсона, Керчы, Адэсы, Севастопаля, Каўказа, баявых дзеянняў на Волзе, Беларускай аперацыі 1944, вызвалення Польшчы, штурму Берліна. З 1947 у ледакольным флоце (Зах. Арктыка), у ін-це «СаюзморНДІпраект». Аўтар кніг «І караблі штурмавалі Берлін» (1984), «Дэсант у Берлін» (1989).
Р.К.Паўловіч.
т. 5, с. 477
ГРЫГО́Р’ЕЎ Георгій Сцяпанавіч
(1924, в. Лажкі Мажайскага р-на Маскоўскай вобл. — 20.1.1944),
удзельнік вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза(1944). Вызначыўся ў 1944 у баях каля Віцебска: у вырашальны момант бою цяжка паранены камандзір групы разведчыкаў сяржант Грыгор’еў закрыў сваім целам варожы кулямёт, чым забяспечыў паспяховае выкананне задання.
т. 5, с. 477
ГРЫГО́Р’ЕЎ Даніла, разьбяр па дрэве 2-й пал. 17 ст. Родам з Віцебска. Вучань Іпаліта (Старца). Працаваў у Маскоўскай Аружэйнай палаце. Рабіў іканастасы, клірасы, куфры, шафы, цацкі для царэвічаў. Разам з Я.Анціп’евым і Я.Юр’евым упрыгожыў гербамі і «рознымі вуглавымі слупкамі» царскую карэту.
т. 5, с. 477
ГРЫГО́Р’ЕЎ Павел Васілевіч
(н. 20.3.1923, С.-Пецярбург),
бел. спартсмен і трэнер (вольная барацьба). Майстар спорту (1956). Засл. трэнер Беларусі (1961), засл. трэнер СССР (1963). Засл. дзеяч фіз. культуры Беларусі (1972). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1952). З 1976 дацэнт кафедры спарт. барацьбы Акадэміі фіз. выхавання і спорту. У 1964—76 трэнер зборнай каманды СССР па вольнай барацьбе — пераможцы Алімпійскіх гульняў (1964, 1968, 1972), чэмпіянатаў свету (1970—71, 1973—76), Еўропы (1970—71, 1973—76). Сярод выхаванцаў А.Мядзведзь, Л.Кітоў.
т. 5, с. 477
ГРЫГО́Р’ЕЎ Самуіл
(Самошка),
майстар-цаніннік 2-й пал. 17 ст. Родам з Копысі (Аршанскі р-н). У 1654 узяты патрыярхам Ніканам у Валдайскі манастыр для цаніннай справы, потым на будоўлю Новаіерусалімскага храма ў г. Істра. Працаваў у Аружэйнай палаце ў Маскве. У 1667—68 рабіў кафлі для Каломенскага палаца цара Аляксея Міхайлавіча.
т. 5, с. 477
ГРЫГО́Р’ЕЎ Сяргей Аляксеевіч
(5.7.1910, г. Луганск, Украіна — 9.4.1988),
украінскі жывапісец і графік. Нар. мастак СССР (1974), правадз. чл. АМ СССР (1958). Вучыўся ў Кіеўскім маст. ін-це (1928—32), выкладаў у ім (1934—60; праф. з 1947). Творы на тэмы маралі і выхавання моладзі: «Варатар» (1949), «Абмеркаванне двойкі» (1950), «Вярнуўся» (1954), «Цікавая кніга» (1974), «Мірная зямля» (1975), «Сястра і брат» (1985) і інш. Аўтар партрэтаў І.С.Конева (1947), П.Усенка (1959), П.Панча (1967), М.Бажана (1976) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1950, 1951.
т. 5, с. 477