ГЛАСА́РЫЙ
(ад лац. glossarium слоўнік глос),
1) у мінулым слоўнік рэдкаўжывальных, незразумелых слоў (глос), якія трапляліся ў пісьмовых помніках, з іх тлумачэннем або перакладам. Узніклі ў 5 ст. да н.э.; іх стваральнікамі былі каментатары паэм Гамера, стараж.-індыйскіх Ведаў і інш. На Беларусі развіццё кніжнай справы і пашырэнне скарынаўскай традыцыі тлумачэння незразумелых слоў з дапамогай глос прывялі да з’яўлення ў канцы 16 ст. Гласарый «Лексисъ съ толкованіемъ словенскихъ мовъ просто», «Лексеконъ в кротцѣ албо рѣчникъ выборных речей к словещизнѣ закрытыхъ» і інш. Асаблівасць бел. гласарыяў у тым, што яны складаліся на аснове глос з царкоўных кніг, да якіх служылі дадаткамі, таму мелі назву «прыточнікі». Менавіта гласарыі сталі правобразам больш позніх тлумачальных і перакладных слоўнікаў.
2) Спецыяльна падрыхтаваны слоўнік для электронна-выліч. машыны пры аўтам. перакладзе.
М.Р.Суднік.
т. 5, с. 286
ГЛАСЕМА́ТЫКА
(ад грэч. glōssa мова + sēma знак),
лінгвістычная тэорыя, адна з плыней структуралізму. Заснавана на вучэнні Ф. дэ Сасюра. Распрацавана ў 1930—50-х г. дацкімі вучонымі Л.Ельмслевым і Х.Ё.Ульдалем як агульная дэдуктыўная тэорыя мовы. Стваралася як сродак апісання і тлумачэння любых канкрэтных моў і моўных фактаў. Гласематыка — адна з першых спроб злучыць мовазнаўства з фармальнай логікай і матэматыкай, што ўдасканальвала дакладныя метады даследавання мовы. Пашырэння не атрымала, але асобныя яе паняцці і тэрміны выкарыстоўваюцца ў некат. іншых лінгвістычных канцэпцыях.
Літ.:
Ельмслев Л. Пролегомены к теории языка: Пер. с англ. // Новое в лингвистике. М., 1960. Вып. 1;
Ульдалль Х.И. Основы глоссематики // Там жа.
А.М.Рудэнка.
т. 5, с. 286
ГЛА́СІС
(франц. glacis),
ахоўны земляны насып перад абарончым ровам замка; элемент абарончых збудаванняў. Уключалі прамежкавыя і вонкавыя ўмацаванні, за якімі хаваліся стралкі, што абаранялі падыходы да замка, і атрады, што рабілі раптоўныя набегі на ворага. Часам перад гласісам будавалі абарончыя сухія або вадзяныя равы. Пад прыкрыццём гласісу размяшчалася спец. дарога для перамяшчэння воінаў у час аблогі.
т. 5, с. 286
ГЛАСІ́Т
(ад грэч. glōssa язык + ...іт),
запаленне языка. Прычыны хваробы: інфекцыі, паталогія ўнутр. органаў, кроваўтваральнай і сардэчна-сасудзістай сістэмы, парушэнні абмену рэчываў. Адрозніваюць гласіт дэскваматыўны, геаграфічны, складкаваты, чорны (валасаты) язык, ромбападобны гласіт.
Пры дэскваматыўным гласіце бывае смыленне, сверб языка, ярка-чырвоныя палосы і плямы. Для геагр. гласіту характэрна чаргаванне на языку ярка афарбаваных участкаў з арагаваннем смакавых сасочкаў (падабенства да геагр. карты). Складкаваты язык — прыроджаная анамалія формы і памераў языка (глыбокія падоўжаныя або папярочныя складкі). Чорны язык найчасцей бывае ў мужчын (на спінцы і ў цэнтры языка ніткападобныя сасочкі падаўжаюцца і набываюць светла-карычневы ці чорны колер). Ромбападобны гласіт (прыроджаная паталогія развіцця языка) — участак слізістай абалонкі языка ромбападобнай формы, не мае смакавых сасочкаў. Лячэнне: устараненне прычын, што выклікаюць гласіт; ромбападобны гласіт і складкаваты язык лячэння не патрабуюць.
т. 5, с. 286
ГЛАСКО́ Восіп Восіпавіч
(Хлашко Юзаф; 1856, маёнтак Пераселянцы Полацкага пав. — 14.7.1934),
дзеяч народніцкага і польск. грамадска-паліт. руху, журналіст. Стрыечны брат І.А.Гласко. З 1876 вучыўся ў мед.-хірург. акадэміі ў Пецярбургу. У 1878 і 1879 за ўдзел у студэнцкіх выступленнях і паездкі да рэвалюцыянераў быў арыштаваны. Удзельнічаў у стварэнні польск. сацыяліст. гміны ў Пецярбургу, прадстаўнік яе ў «Народнай волі». Паступова адышоў ад народніцтва ў бок нац. сацыялізму. У 1881 арыштаваны і высланы на 5 гадоў у г. Енісейск. У 1888—93 у Варшаве, супрацоўнік штотыднёвіка «Glós» («Голас»), Далучыўся да нац. дэмакратаў (эндэкаў). У 1894 асуджаны па справе «Лігі Нарадовай» (арг-цыі эндэкаў), высланы на 5 гадоў у Валагодскую губ. З 1897 у Смаленску, Пераселянцах, Львове. З 1906 у Вільні рэдагаваў час. «Дзённік Віленьскі». З 1915 у Пецярбургу разам з лідэрамі эндэцыі выдаваў штотыднёвік «Sprawa polska» («Польская справа»), пазней у Маскве заснаваў штотыднёвік «Gazeta polska» («Польская газета»). З 1918 у Варшаве.
В.М.Чарапіца.
т. 5, с. 286
ГЛАСКО́ Іван Антонавіч
(літ. псеўд. Рапацкі; 8.2.1855, Полацкі павет — ліп. 1881),
дзеяч рэв. руху, публіцыст. Скончыў Мінскую гімназію. Вучыўся ў Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі. У пач. 1873 увайшоў у народніцкую рэв. групу Пецярбурга. У 1874 заснаваў у Пецярбургу польска-беларускі сацыяліст. гурток, які наладзіў сувязі з народніцкімі гурткамі на Беларусі, з рэв. арг-цыямі Масквы, Кіева, Варшавы, Львова. У чэрв. 1876 у Лондане наладзіў кантакт з групай рас. рэв. эмігрантаў, аб’яднаных вакол газ. «Вперед». Змясціў у ёй вял. карэспандэнцыю «З Беларусі» пра грамадска-паліт. рух на радзіме. Пасля вяртання ў Пецярбург арыштаваны, потым знаходзіўся пад наглядам паліцыі. Удзельнік рус.-тур. вайны 1877—78. З вер. 1878 у Варшаве, за ўдзел у рэв. руху арыштаваны і зняволены, у 1880 высланы ў Сібір, дзе і памёр.
В.М.Чарапіца.
т. 5, с. 286
ГЛА́СТАНБЕРЫ
(англ. Glastonbury),
помнік археалогіі, умацаванае паселішча апошніх вякоў да н.э. на аднайм. возеры ў графстве Сомерсет (Англія). Размяшчалася на драўлянай платформе, замацаванай у торфе, было абкружана драўляным частаколам. У выніку раскопак выяўлена больш за 60 круглых жытлаў з глінянай і драўлянай падлогай. Добра захаваліся драўляныя вырабы: кошыкі, выдзеўбаны човен, фрагменты колаў са спіцамі, келіхі, зробленыя на такарным станку, кадушкі, арнаментаваныя ў стылі латэн. Ёсць звесткі пра ткацкую, керамічную, кавальскую вытворчасць.
А.В.Іоў.
т. 5, с. 287
ГЛА́ЎБЕР
(Glauber) Іаган Рудольф (1604, г. Карлштат, Германія — 10.3.1670),
нямецкі хімік і ўрач. З 1648 працаваў у Галандыі. Асн. працы па алхіміі і хім. тэхналогіі. Прыгатаваў шэраг солей, якія выкарыстоўваліся ў якасці лек. сродкаў, у прыватнасці сульфат натрыю (Na2SO4·10H2O; наз. яго імем — глаўберава соль). Атрымаў чыстыя азотную і серную к-ты, вадкае шкло.
Літ.:
Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.
т. 5, с. 287
ГЛА́ЎБЕРАВА СОЛЬ
(ад імя ням. вучонага І.Р.Глаўбера),
тое, што мірабіліт.
т. 5, с. 287
ГЛА́ЎБІЦ
(Glaubitz, Hlaubicz) Іаган (Ян) Крыштоф (1700 ?, Сілезія — 3.3.767 3.3.1767),
бел. і літоўскі архітэктар. Прадстаўнік віленскага барока і ракако. У 1737—67 працаваў у Вільні, аднаўляў храмы, што згарэлі ў час пажару ў Вільні ў 1737, і будаваў новыя: касцёлы Ёнаса (1737), евангелістаў (1737—38), Казіміра (1741—57), Катрыны (1741 — 73), візітак, Рафала (абодва 1751), дамініканцаў на кальварыі; капліцу Барбары; браму кляштара базыльян (1761); ратушу; палац езуітаў і інш. Пабудаваў на Беларусі: Сталовіцкую царкву Іаана Хрысціцеля, царкву Магілёўскага Спаскага манастыра, Беразвецкі кляштар базыльян, Глыбоцкі касцёл і кляштар кармелітаў, Магілёўскі архірэйскі палац, касцёл базыльян і палац мітрапаліта Ф.Грабніцкага ў в. Струнь каля Полацка (1748—49), амбон, спавядальню і алтары Слонімскага касцёла бернардзінак (1751—65), касцёл дамініканцаў у в. Валынец Верхнядзвінскага р-на (1756; разбураны ў канцы 1940-х г.), інтэр’ер Лідскага Крыжаўзвіжанскага касцёла; перабудаваў Полацкі Сафійскі сабор. Мяркуюць, што Глаўбіц удзельнічаў у буд-ве Віцебскай ратушы, Дзятлаўскага касцёла Успення Багародзіцы, Быстрыцкага Крыжаўзвіжанскага касцёла, вежы Гродзенскага касцёла бернардзінцаў, палаца ў в. Лявонпаль Міёрскага р-на (1750), плябаніі (1757) пры Гайцюнішскай капліцы і інш.
т. 5, с. 287