ГЛАСІ́Т
(ад грэч. glōssa язык + ...іт),
запаленне языка. Прычыны хваробы: інфекцыі, паталогія ўнутр. органаў, кроваўтваральнай і сардэчна-сасудзістай сістэмы, парушэнні абмену рэчываў. Адрозніваюць гласіт дэскваматыўны, геаграфічны, складкаваты, чорны (валасаты) язык, ромбападобны гласіт.
Пры дэскваматыўным гласіце бывае смыленне, сверб языка, ярка-чырвоныя палосы і плямы. Для геагр. гласіту характэрна чаргаванне на языку ярка афарбаваных участкаў з арагаваннем смакавых сасочкаў (падабенства да геагр. карты). Складкаваты язык — прыроджаная анамалія формы і памераў языка (глыбокія падоўжаныя або папярочныя складкі). Чорны язык найчасцей бывае ў мужчын (на спінцы і ў цэнтры языка ніткападобныя сасочкі падаўжаюцца і набываюць светла-карычневы ці чорны колер). Ромбападобны гласіт (прыроджаная паталогія развіцця языка) — участак слізістай абалонкі языка ромбападобнай формы, не мае смакавых сасочкаў. Лячэнне: устараненне прычын, што выклікаюць гласіт; ромбападобны гласіт і складкаваты язык лячэння не патрабуюць.
т. 5, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)