КСЕРАТЫЗА́ЦЫЯ (франц. xérotisation ад грэч. xēros сухі),
паступовае памяншэнне ступені ўвільгатнення глебы і агульнае нарастанне сухасці ў экасістэмах, ландшафтах і інш. Прычыны — уздзеянне чалавека на глебавае покрыва (абязлесенне тэрыторый, адпампоўванне падземных вод для прамысл. мэт, знішчэнне расліннасці, утварэнне рухомых пяскоў на пашах і інш.). Прычынамі К. сушы могуць быць і прыродныя з’явы, напр., агульнае падняцце раўнінных і інш. участкаў паверхні Зямлі, змена напрамку руху паветраных патокаў (антыцыклонаў, цыклонаў, мусонаў), цыклічныя Змены клімату, абумоўленыя сонечнай актыўнасцю. К. вядзе да змяншэння біял. прадуктыўнасці экасістэм, астэпавання і апустыньвання тэрыторый, перавагі ў фітацэнозах ксерафітаў і інш.Напр., пл. Сахары павялічваецца штогод на 100 тыс.га. Працэсы К. абарачальныя пры ажыццяўленні прыродаахоўных мерапрыемстваў: полеахоўнага лесаразвядзення, павышэння ўрадлівасці глебы, падтрымання воднага балансу ў глебах, арашэння і абваднення, глебаахоўнай агратэхнікі і інш.
сухалюбы, расліны і жывёлы, прыстасаваныя да сухіх месцапражыванняў. Вызначаюцца развітымі механізмамі рэгуляцыі воднага абмену, здольнасцю затрымліваць ваду ў тканках, могуць працяглы час існаваць без яе папаўнення. Найб. тыповыя К. пашыраны ў зонах пустынь, паўпустынь, сухіх стэпаў і лесастэпаў. Гл. таксама Ксерафіты.
Сярод К.-жывёл вылучаюць прадстаўнікоў розных груп: саранчовыя, паўзуны, дрофы, саксаульная сойка, многія грызуны, вярблюды, тушканчыкі, дробныя драпежнікі. Сярод жывёл Беларусі рысамі ксерафільнасці вылучаюцца многія насякомыя (напр., жукі-чарнацелкі, шкодная чарапашка), большасць паўзуноў, некат. птушкі (валасянкі) і звяры.
расліны засушлівых мясцін, здольныя з дапамогай некат. прыстасаванняў (гл.Ксерамарфізм) пераносіць перагрэў і абязводжванне. Сукуленты маюць мясістае лісце, паверхневую каранёвую сістэму, утрымліваюць у клетках значную колькасць звязанай вады (напр., алоэ, кактусы, скочкі, расходнік і інш.). У геміксерафітаў добра развіта каранёвая сістэма, якая дасягае грунтавых вод, інтэнсіўныя транспірацыя і абмен рэчываў (вярблюджая калючка, шалфей і інш.). Эўксерафіты — апушаныя расліны з нізкаінтэнсіўным абменам рэчываў, маюць неглыбокую (50—60 см) каранёвую сістэму (калматка палявая, некат. віды палыну, цмен пясчаны і інш.). Пайкілаксерафіты пры значным абязводжванні пераходзяць у анабіёз, маюць у сабе 2—5% вады, але арганізацыя клеткі не парушаецца ў выніку захоўвання энергет. паўнацэннасці дыхання (некат. мхі, лішайнікі).
КСЕРАФТАЛЬМІ́Я (ад грэч. xēros сухі + ophthalmos вока),
пашкоджанне вока, якое характарызуецца сухасцю кан’юнктывы і рагавіцы. Бывае пры парушэннях слёзавыдзялення, слізістых залоз кан’юнктывы і рэзкім парушэнні абмену рэчываў у рагавіцы, гіпа- і авітамінозе А, у дзяцей — іншы раз пры страўнікава-кішачных хваробах. Найчасцей прычына К. — трахома, апёкі вачэй і інш. Праяўляецца сухасцю і рэзямі ў вачах; кан’юнктыва сухая, шурпатая, цьмяная, з матава-белымі плямамі; рагавіца без бляску, мутная, прарастае сасудамі; вастрыня зроку паступова зніжаецца. Лячэнне тэрапеўтычнае, іншы раз — хірургічнае.
КСЕРКС I (стараж.-перс. Хшаяршан, грэч. Xerxēs; ? — 465 да н.э.),
старажытнаперсідскі цар [486—465 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў. Сын Дарыя I (гл.Дарый) і Атосы, дачкі Кіра ІІ. Задушыў паўстанне егіпцян (486—484 да н.э.). Пасля пачатку ў 482 паўстання вавіланян разбурыў г. Вавілон, а Вавілонію ператварыў у перс. сатрапію (правінцыю). Няўдачы К. ў грэка-персідскіх войнах (паражэнні каля Саламіна ў 480, Мікале ў 479, Платэяў у 479) аслабілі магутнасць Ахеменідаў дзяржавы. Каб умацаваць цэнтралізацыю дзяржавы, правёў рэліг. рэформу. Забіты ў выніку дварцовай змовы.
КСІЛА..., КСІЛО... (ад грэч. xylon ссечанае дрэва), першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на сувязь з дрэвам, драўнінай як матэрыялам, напр., ксілафон, ксілометр.
арганізмы, якія жывуць у драўніне. Найб. характэрныя прадстаўнікі — сярод насякомых (дрэвагрызы, караеды), грыбоў (дрэваразбуральныя і дрэвафарбавальныя грыбы). Пры пэўных умовах шкодзяць лясной гаспадарцы, драўляным пабудовам. Супраць К. апрацоўваюць драўніну антысептыкамі, інсектыцыдамі. Аздараўленню лесу ад шкодных відаў жывёльных К. спрыяюць насякомаедныя птушкі (асабліва дзятлы).
штучны буд. матэрыял з сумесі магнезіяльнага вяжучага рэчыва, пілавіння і драўнянай мукі з дабаўленнем тонкадысперсных мінер. рэчываў і пігментаў. Выкарыстоўваецца пераважна для пакрыццяў бясшвовых падлог і асноў пад падлогі з сінт. матэрыялаў.
самагучальны ўдарны муз. інструмент. Складаецца з храматычна настроеных драўляных брусочкаў рознай даўжыні, размешчаных вертыкальна ў 4 рады на жгутах з саломы (рагожы, гумы). Іграюць на К. драўлянымі палачкамі з патаўшчэннямі на канцах. Шырока вядомы ў многіх народаў свету. У еўрап. сольную канцэртную практыку ўведзены ў 1830-я г. М.Гузікавым, у сімф. аркестр — у канцы 19 ст. Сучасны аркестравы К. мае да 49 брусочкаў, размешчаных звычайна ў 2 рады (накшталт фп. клавіятуры) і прымацаваных да спец. рамы. Асн. разнавіднасці — марымба (з рэзанатарамі — меднымі гільзамі, прымацаванымі пад брусочкамі) і тубафон (з трубкамі замест брусочкаў). Дыяпазон да 4 актаў (ад с1).