МАКА́РАЎ (Мікалай Фёдаравіч) (22.5.1914, г. Сасава Разанскай вобл., Расія — 1988),
расійскі канструктар аўтам. стралковай зброі. Герой Сац. Працы (1974). Скончыў Тульскі мех. ін-т (1941). З 1941 на з-дзе абароннай прам-сці. Стварыў 9-мм пісталет (ПМ-9), 23-мм авіяц. пушку (разам з інш.). Дзярж. прэміі СССР 1952, 1967.
т. 9, с. 529
МАКА́РАЎ (Сцяпан Восіпавіч) (8.1.1849, г. Мікалаеў, Украіна — 13.4.1904),
расійскі флатаводзец, акіянограф, палярны даследчык, вынаходнік. Віцэ-адмірал (1896). Скончыў марское вучылішча ў Нікалаеўску-на-Амуры (1865). З 1869 на Ціхаакіянскім, з 1871 на Балтыйскім, з 1876 на Чарнаморскім флоце. З 1881 даследаваў марскія цячэнні ў праліве Басфор. У 1886—89 на карвеце «Віцязь» і 1894—96 ажыццявіў 2 кругасветныя падарожжы. У 1898—99 і 1901 на першым у свеце ледаколе «Ярмак», пабудаваным паводле яго праекта, вёў даследаванні ў Арктыцы. На пач. рус.-яп. вайны 1904—05 камандаваў Ціхаакіянскай эскадрай у Порт-Артуры, загінуў на браняносцы «Петрапаўлаўск», які падарваўся на міне. Аўтар прац па ваен.-марской тактыцы, караблебудаванні, артылерыі, міннай справе, гідраграфіі. За працу «Віцязь» і Ціхі акіян» (т. 1—2, 1894) прэмія Пецярбургскай АН і залаты медаль Рус. геагр. т-ва.
Літ.:
Деятельность вице-адмирала С.О.Макарова в судостроении: [Очерки]. Л., 1977;
Потапов Ю.П. С.О.Макаров (1848—1904). Л., 1982;
Семанов С.Н. Макаров. 2 изд. М., 1988.
т. 9, с. 529
МАКА́РАЎ (Уладзімір Васілевіч) (н. 21.11.1928, г. Цвер, Расія),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1973), праф. (1974). Скончыў Калінінскі пед. ін-т (1949). З 1964 працуе ў Мінскім лінгвістычным ун-це (у 1964—70 прарэктар, у 1990—95 рэктар). Аўтар прац па раманскім мовазнаўстве, франц. культуры: «Праблемы лексіка-семантычнай дыферэнцыяцыі раманскіх моў» (1972), «Аўтографы лёсу» (1993). У 1978—84 Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА).
т. 9, с. 529
МАКА́РАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА.
У Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 24 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,23 км², даўж. 940 м, найб. шыр. 380 м, найб. глыб. 13,3 м, даўж. берагавой лініі каля 2,3 км. Пл. вадазбору 7,32 км². Схілы катлавіны выш. да 22 м (на Пд 6—8 м), разараныя, у ніжняй ч. пад хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі, на У і 3 нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, на Пн часткова сплавінныя. На 3 забалочаная пойма шыр. да 70 м. Дно да глыб. 1,5 м пясчанае, ніжэй — сапрапелістае.
т. 9, с. 529
МАКА́РАЎЦЫ,
вёска ў Бераставіцкім р-не Гродзенскай вобл., каля р. Свіслач. Цэнтр сельсавета. За 24 км на ПнЗ ад г.п. Вял. Бераставіца, 41 км ад Гродна, 34 км ад чыг. ст. Бераставіца. 264 ж., 98 двароў (1999). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Крыжаўзвіжанскі касцёл (канец 18 ст.).
т. 9, с. 529
МАКА́РАЧКІН (Міхаіл Фёдаравіч) (17.11. 1891, с. Галубкі Навасільскага р-на Арлоўскай вобл., Расія — 5.8.1963),
расійскі і бел. вучоны ў галіне грунтазнаўства і фундаментабудавання. Чл.-кар. Акадэміі буд-ва і архітэктуры СССР (1957). Д-р тэхн. н., праф. (1945). Скончыў Тульскі настаўніцкі ін-т (1915), Маскоўскі ін-т шляхоў зносін (1927). Працаваў у праектных арг-цыях сістэмы шляхоў зносін. З 1953 у БПІ. Навук. працы па пытаннях грунтазнаўства, праектавання і буд-ва фундаментаў з выкарыстаннем мясцовых буд. матэрыялаў.
І.І.Леановіч.
т. 9, с. 529
МАКАРО́ННАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прамысловасці, прадпрыемствы якой выпускаюць макаронныя вырабы. Каля 80% прадукцыі вырабляецца з мукі вышэйшых гатункаў, у некаторыя вырабы дадаюцца малочныя прадукты, яйкі і інш. Атрымала шырокае развіццё ў многіх краінах свету, паколькі макаронныя вырабы пажыўныя і высокакаларыйныя, добра зберагаюцца, хутка і проста гатуюцца. Найбуйнейшыя вытворцы макаронных вырабаў з’яўляюцца Італія (35 кг на 1 чал. за год), Японія (12 кг), Францыя (6 кг), Венгрыя, Германія, Расія, ЗША.
На Беларусі да 1920-х г. вытв-сць макаронных вырабаў вялася пераважна саматужным спосабам. Толькі ў Брэсце працавала паравая макаронная ф-ка (17 рабочых у 1908). Як самастойная галіна М.п. створана ў пач. 1920-х г. У 1931 у Барысаве, на базе дражджавога з-да пабудаваны макаронна-мукамольны камбінат (з 1944 макаронная ф-ка). На базе арцелі ўзнікла макаронная ф-ка ў Віцебску. У 1940 выпушчана 13,5 тыс. т макаронных вырабаў. У 1963 на базе арцелі створана Слуцкая макаронная ф-ка. У 1977 дзейнічала 14 аўтаматычных, 18 механізаваных паточных ліній, комплексна-механізаваны ўчастак; выпушчана 49,1 тыс. т макаронных вырабаў. У 1997 М.п. давала 0,9% валавой прадукцыі харч. прам-сці. У ёй занята 1,2% прамысл. персаналу харч. прам-сці. Вытв-сць макаронных вырабаў склала 41,5 тыс. т, што ў 1,5 раза менш, чым у 1990. Працуюць 57 прадпрыемстваў і вытв-сцей па выпуску макаронных вырабаў, найбуйнейшыя з іх Барысаўская макаронная фабрыка (адкрытае акц. т-ва «Барымак»), ф-кі ў Слуцку і Віцебску, цэх пры Магілёўскім хлебазаводзе. Створаны шэраг сумесных прадпрыемстваў, у т.л. чэшска-бел. прадпрыемства Pastaala у Нясвіжы, якое вырабляе 10 найменняў макаронных вырабаў.
П.І.Рогач.
т. 9, с. 529
МАКАРО́ННЫЯ ВЫ́РАБЫ,
харчовыя вырабы з прэснага, замешанага на вадзе і высушанага да вільготнасці 12,5—13% пшанічнага цеста. Да іх адносяцца макарона, вермішэль, локшына, фігурныя вырабы (ракавінкі, зорачкі) і інш. Вырабляюць з мукі вышэйшых гатункаў, якая багата пратэінамі. Вызначаюцца добрым смакам, высокай пажыўнасцю і каларыйнасцю (1,5 кДж на 100 г М.в.), лёгкасцю прыгатавання; доўга захоўваюцца без страты пажыўных і смакавых якасцей. Гл. таксама Макаронная прамысловасць.
т. 9, с. 529
МАКА́РСКАЯ (па мужу Легрэ) Соф’я
(1769?, в. Быцень Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — ?),
танцоўшчыца. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза. Вучылася ў яго балетнай школе ў Паставах (педагог Ле Ду). Паводле завяшчання Тызенгаўза стала ўласнасцю караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У 1785—94 (з перапынкамі) у складзе балетнай трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» і ў Нац. т-ры ў Варшаве. У 1794—97 у трупе С.Галніцкага і антрэпрызе Т.Трускаляскага. У 1797 па ініцыятыве і за кошт Станіслава Аўгуста Панятоўскага паступіла фігуранткай на імператарскую сцэну ў Пецярбургу (у дакументах за 1797—99 пад імем Максерскай).
Г.І.Барышаў.
т. 9, с. 530