Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЯТРА́ЕЎ (Яўген Пятровіч) (н. 11.11.1931, г. Алматы, Казахстан),

бел. вучоны ў галіне радыяцыйнай хіміі і радыяхіміі. Д-р хім. н. (1974), праф. (1976). Скончыў Ленінградскі ун-т (1954). З 1954 у Радыевым ін-це (г. Ленінград). У 1968—95 у БДУ (заг. кафедры, адначасова ў 1981—85 прарэктар, з 1986 заг. лабараторыі радыяхіміі). Навук. працы па радыяцыйнай хіміі арган. злучэнняў, геахіміі радыеактыўных элементаў, радыеэкалогіі, у т. л. па праблемах наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Распрацаваў метад вызначэння каниэнтрацыі «гарачых» часціц (дробнадысперснага ядз. паліва) у лёгкіх чалавека і ўстанавіў яе карэляцыю з забруджанасцю тэрыторыі плутоніем.

Тв.:

Радиационно-химическая очистка сточных вод и выбросных газов. Мн., 1985 (разам з В.​І.​Уласавай, І.​А.​Савушкіным);

Радиационная химия бифункциональных органических соединений. Мн., 1986 (разам з А.​І.​Шадырам).

А.А.Пятраеў.

т. 13, с. 165

ПЯТРА́НАЎ-САКАЛО́Ў (Ігар Васілевіч) (18.6.1907, с. Вял. Якшань Ніжагародскай вобл., Расія — 19.5.1996),

расійскі фізікахімік. Акад. Рас. АН (1966, чл.-кар. 1953). Герой Сац. Працы (1971). Скончыў Маскоўскі ун-т (1930). З 1929 у Фіз.-хім. ін-це імя Л.​Я.​Карпава, адначасова (з 1947) праф. Маскоўскага хіміка-тэхнал. ін-та, гал. рэдактар час. «Химия и жизнь» (з 1964). Навук. працы па фізікахіміі аэрадысперсных сістэм. Распрацаваў метады даследавання аэразоляў (1933—39), даследаваў законы іх фільтрацыі. Прапанаваў метад атрымання і тэхналогію вытв-сці прынцыпова новых звышэфектыўных тонкавалакністых фільтравальных матэрыялаў (фільтры П.; 1936—38), а таксама матэрыялы для засцярогі ад вытв. і бытавога шумаў. Ленінская прэмія 1966. Дзярж. прэмія СССР 1941.

Тв.:

Волокнистые фильтрующие материалы ФП. М., 1968 (у сааўт.).

І.В.Пятранаў-Сакалоў.

т. 13, с. 165

ПЯТРА́ЎСКАС ((Petrauskas) Кіпрас) (22.12.1882, с. Цэйкіняй Уценскага пав., Літва — 17.1.1968),

літоўскі спявак (лірыка-драм. тэнар), муз. дзеяч. Брат М.Пятраўскаса. Нар. арт. СССР (1950). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1911). У 1898—1901 разам з братам працаваў арганістам у в. Гервяты (Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.). Як саліст дэбютаваў у 1906 у оперы «Бірутэ» М.​Пятраўскаса ў Вільні. З 1911 саліст Марыінскага т-ра. З 1920 адзін з арганізатараў і саліст першага літ. опернага т-ра (г. Каўнас). У 1925—28 з Ф.​Шаляпіным гастраліраваў у Германіі, Іспаніі, Францыі, Італіі. У 1944—58 саліст Літ. т-ра оперы і балета, з 1949 адначасова выкладаў у Літ. кансерваторыі (з 1951 праф.). Выканаў каля 80 партый, сярод іх: Альфрэд («Травіята» Дж.​Вердзі), Герман («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Грышка («Паданне пра нябачны горад Кіцеж» М.​Рымскага-Корсакава), Каніо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Тангейзер («Тангейзер» Р.​Вагнера), Іонтак («Галька» С.​Манюшкі), Рудольф («Багема» Дж.​Пучыні), Дзмітрый («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Лютаўрас, Іонушас («Гражына», «Радвіла Пяркунас» Ю.​Карнавічуса), Жыльвінас («Эгле — каралева вужоў» Пятраўскаса і І.​Дамбраўскаса). Сярод вучняў В.Нарэйка, В.​Адамкявічус, Э.​Саўлявічутэ. Дзярж. прэмія СССР 1951.

А.​А.​Карпілава.

т. 13, с. 165

ПЯТРА́ЎСКАС ((Petrauskas) Мікас) (19.10.1873, пас. Палушэ Уценскага пав., Літва — 23.3.1937),

літоўскі кампазітар, спявак (лірычны тэнар), дырыжор. Брат К.Пятраўскаса. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1906). З 1906 у Швейцарыі, з 1907 і ў 1922—23, 1926—28 у ЗША, дзе стварыў муз. школы, хар. калектывы. У 1920—21, 1924—25 і з 1928 у Літве. Сярод твораў: оперы «Бірутэ» (паст. 1906), «Эгле — каралева вужоў» (у сааўт., паст. 1924), каля 20 аперэт, у т. л. «Трубачыст і мельнік», «Адам і Ева» (абедзве паст. 1903); харавыя і сольныя песні на словы літ. паэтаў, дуэты, апрацоўкі нар. песень.

А.​А.​Карпілава.

т. 13, с. 165

ПЯТРА́ ВЯЛІ́КАГА ЗАЛІ́Ў,

заліў у Японскім м., каля берагоў Прыморскага краю, Расія. Даўж. 80 км, шыр. на Пд каля 200 км, глыб. менш за 200 м. Берагі парэзаныя, утвараюць залівы: Амурскі, Усурыйскі, Пасьета, Стрэлак, Усход, Находка, Амерыка. Зімой укрыты лёдам. На беразе Амурскага зал. — г. Уладзівасток, у зал. Амерыка — порт Находка. Далёкаўсходні марскі запаведнік.

т. 13, с. 165

ПЯТРА́ ДЗЯЛЯ́НА ПАЎСТА́ННЕ,

паўстанне супраць візант. панавання на тэр. гіст. Македоніі і прылеглых зямель Балканскага п-ва ў 1040—41. Непасрэдная падстава — узмацненне падатковага цяжару. Гал. кіраўнік — Пётр Дзялян, які назваў сябе ўнукам цара Зах.-Балг. царства (заваявана Візантыяй у 1018) Самуіла і быў абвешчаны царом. Захапіўшы гарады Бялград, Ніш і Скопле, Пётр падначаліў сабе атрады паўстанцаў у Албаніі. Візант. імператар Міхаіл VI скарыстаў міжусобную барацьбу сярод паўстанцаў (сын балг. цара Івана Уладзіслава Алусіян асляпіў Пятра і ўцёк да візантыйцаў) і ў 1041 задушыў паўстанне.

т. 13, с. 165

ПЯТРА́ ПЕ́РШАГА ХРЫБЕ́Т.

У Зах Паміры, у Таджыкістане, паміж рэкамі Сурхоб і Абіхінгоў (бас. р. Амудар’я). Даўж. 200 км. Выш. да 6785 м (пік Масква). Складзены гал. ч. з пясчанікаў і кангламератаў. Пераважае высакагорны рэльеф. Ва ўсх. ч. шмат буйных ледавікоў (Сагран, Гандо і інш.). На ніжніх схілах зах. ч. хрыбта — участкі арэхавых і кляновых лясоў змяняюцца рэдкалессем, высакатраўем, высакагорнымі лугамі.

т. 13, с. 165

ПЯТРО́, Пятра, Пятрок,

у беларусаў і інш. слав. народаў стараж. земляробчае свята. Адзначалася 29 чэрв. ст. стылю. З’яўлялася своеасаблівым працягам Купалля. Назва язычніцкага свята, да якога царква прымеркавала свята апосталаў Пятра і Паўла, не захавалася. У бел. фальклоры П. — апякун хлеба і хлебаробаў. Калі спрыяла надвор’е, з П. пачыналі сенакос. З гэтага свята звычайна пачыналіся т.зв. пятроўскія карагоды, якія працягваліся да Спаса. У час святкавання спявалі пятроўскія песні, адбывалася кумаванне дзяўчат з хлопцамі, якому ў старажытнасці папярэднічала кумаванне дзяўчат паміж сабой (абмяняўшыся пярсцёнкамі або чым-небудзь з вопраткі, яны на працягу года лічыліся кумамі). Пасля П. дзень ішоў на спад, лета хілілася на восень.

т. 13, с. 165

ПЯТРО́ВА (Кацярына Васілеўна) (21.11.1904, г. Алатыр, Чувашская Рэспубліка, Расія — 26.1.1985),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1956), праф. (1958). Скончыла Казанскі зоавет. ін-т (1934). У 1946—73 у Віцебскім вет. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па вет. фармакалогіі і таксікалогіі лек. рэчываў.

Тв.:

Влияние тиаргена на организм при лечении бабезиеллоза крупного рогатого скота // Ветеринария. 1953. №9;

Фармакология гемоспоридина и его применение при бабезиеллозе крупного рогатого скота // Протозойные болезни сельскохозяйственных животных. М., 1955.

т. 13, с. 166

ПЯТРО́ВА (Людміла Іванаўна) (н. 8.2.1947, в. Паўлаўка Магілёўскага р-на),

бел. літаратуразнавец. Канд. філал. н. (1992). Засл. дз. культуры Беларусі (1997). Скончыла БДУ (1971). З 1971 працавала ў выд-ве «Навука і тэхніка» (з 1995 — гал. рэдактар). З 1996 дырэктар выд-ва «Беларуская навука». Аўтар прац па праблемах тэатразнаўства, гісторыі бел. драматургіі, тэорыі і практыкі кнігавыдання. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

Тв.:

Рамантыкі пранікнёнае святло: Бел. драматургія 20—30-х гг. Мн., 1987;

Выданне малатыражнай навуковай літаратуры ў арганізацыях НАН Беларусі // Весці НАН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 2001. №2;

Аўтарскае права ў кантэксце выдання навуковай літаратуры // Там жа. №3.

т. 13, с. 166