Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЯРКО́ЎСКІ МАНЕ́ТНЫ СКАРБ Знойдзены ў 1912 у в. Пяркі Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. Ухаваны ў 1653—54. Утрымліваў 1512 сярэбраных, білонных і медных манет, сярод якіх паўгрошы ВКЛ, грошы польскія, паўтаракі Рэчы Паспалітай. Ад інш. манетных скарбаў 17 ст. на тэр. Беларусі адрозніваецца вял. колькасцю торнераў Шатландыі (48 экз.). Трансільванскі драйпёлькер 1637 зберагаецца ў Эрмітажы, астатнія манеты перададзены для пераплаўкі ў Пецярбургскі манетны двор.

т. 13, с. 157

ПЯРКУ́НАС (літ. Perkū́nas ад Perkū́nija навальніца, лат. Pḗrkons гром),

у стараж. балтыйскай міфалогіі бог грому, маланкі і дажджу. Яго ўяўлялі ў выглядзе раззлаванага чорнабародага мужчыны сярэдніх гадоў, увянчанага полымем, сівога старога на нябеснай калясніцы або конніка на вогненным кані і інш.

П. займаў першае месца сярод балтыйскіх багоў у сферы культу і надзяляўся універсальнымі здольнасцямі, у першую чаргу спрыяў ўрадлівасці. Яго ўмольвалі аб дажджы ў час засухі. У свяцілішчах у гонар П. падтрымлівалася незгасальнае вогнішча, яго культ абслугоўвалі спец. жрацы. У слав. міфалогіі яму адпавядае Пярун.

т. 13, с. 157

ПЯРМЯ́К (Яўген Андрэевіч) (31.10.1902, г. Перм, Расія — 17.8.1982),

рускі пісьменнік. Скончыў Пермскі ун-т (1930). Друкаваўся з 1924. Пісаў казкі (зб-кі «Шчаслівы цвік», 1956; «Дзядуліна скарбонка», 1957; «Замок без ключа», 1962) і навук.-папулярныя кнігі для дзяцей і юнацтва («Кім быць?», 1946; «Ад вогнішча да катла», «Казка пра краіну Тэра-Фера», абедзве 1959; «Сказ пра газ», 1960), у якіх каштоўнасць чалавека сцвярджаецца праз працу. Аўтар раманаў «Казка пра шэрага воўка» (1960), «Апошнія замаразкі» (1962), «Гарбаты мядзведзь» (кн. 1—2, 1965—66), «Царства Ціхай Лутоні» (1970), «Яргарад» (1972), «Чароўнасць цемрай» (1976), у якіх праз казачныя вобразы раскрываў сучасныя праблемы, а таксама аповесцей, апавяданняў, п’ес, публіцыст. кніг («Пра сем асілкаў», 1960; «Азбука нашага жыцця», 1963), кнігі пра П.​Бажова «Даўгавечны майстар» (1974) і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. Свердловск, 1977—79.

Літ.:

Гура В.В. Евгений Пермяк: Очерк творчества. 2 изд. М., 1982.

Л.​В.​Календа.

т. 13, с. 158

ПЯРНА́Ч,

ударная халодная зброя, разнавіднасць булавы. Уяўляў сабой сярэбраную або пазалочаную паліцу ў форме жазла (даўж. да 0,5 м) з пазалочанай галоўкай і ажурнымі гранямі або кольцамі (пярсцёнкамі або пёрамі; адсюль назва). Быў таксама атрыбутам улады военачальнікаў у некат. краінах, у т. л. ў ВКЛ у 15—18 ст.

Суцэльнаметалічны пярнач. Заходняя Еўропа. 16 ст.

т. 13, с. 158

ПЯ́РНУ (Pärnu),

горад у Эстоніі, на р. Пярну, пры ўпадзенні яе ў Рыжскі заліў. Вядомы з 13 ст., у рус. летапісах — Пернава. Да 1917 афіц. назва Пернаў. 54,2 тыс. ж. (2000). Марскі порт і рачная прыстань. Чыг. станцыя. Прам-сць: рыбная, дрэваапр., харч., лёгкая. Маш.-буд. з-д і інш. Драм. тэатр. Музеі: краязн., мемарыяльны паэтэсы Л.​Койдула. Прыморскі кліматычны і гразевы курорт. Турбаза. Арх. помнікі: Чырвоная вежа (14 ст.), Талінскія вароты (17 ст.), ратуша (19 ст.).

т. 13, с. 158

ПЯ́РНУ,

прыморскі кліматычны і гразевы курорт у Эстоніі. Вядомы з 1838, адкрыта водалячэбніца. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага. Асн. лекавыя фактары — клімат і марскія сульфідныя глеевыя гразі. Лечаць органы кровазвароту, стрававання, апоры і руху, нерв. сістэму, гінекалагічныя хваробы. Дробнапясчаны пляж, марскія купанні. Санаторыі, водагразелячэбніца, дамы адпачынку.

т. 13, с. 158

ПЯРО́ ў графіцы,

інструмент для малявання ці пісання вадкім фарбавальным рэчывам (туш, бістр, сепія, чарніла). У старажытнасці найчасцей выкарыстоўвалі птушыныя П., якія дазвалялі мякка змяняць таўшчыню лініі і вар’іраваць метады штрыхоўкі; у народаў Усходу пераважалі трысняговыя П. (калам), якія давалі гнуткую, пластычную лінію, энергічны штрых. З 19 ст. пашырыліся метал. П., што даюць тонкую роўную лінію, з 20 ст. — П. рознай формы і таўшчыні.

т. 13, с. 158

ПЯРО́Ў (Васіль Рыгоравіч) (2 або 4.1.1834, г. Табольск Цюменскай вобл., Расія — 10.6.1882),

рускі жывапісец і графік. Чл.-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак (гл. Перасоўнікі). Акад. жывапісу (1866), праф. (1870). Вучыўся ў Арзамаскай школе жывапісу (1846—49, з перапынкамі), Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1853—61) у С.К.Заранкі, з 1871 выкладчык гэтага вучылішча. На пенсію АМ быў за мяжой (1862—69). У ранніх творах выкрываў недахопы тагачаснага грамадства: «Прыезд станавога на следства» (1857), «Першы чын...» (1860). У пазнейшых творах надаваў амаль гратэскавую сац. характарыстыку носьбітам грамадскага зла ў прыгонніцкай Расіі («Пропаведзь на вёсцы», «Сельскі хрэсны ход на Вялікдзень», абодва 1861; «Чаяванне ў Мыцішчах», 1862; «Прыезд гувернанткі ў купецкі дом», 1866; «Манастырская трапеза», 1865—75). Цяжкае жыццё сялян і гар. беднаты адлюстраваў у творах «Сляпы музыка» (1864), «Праводзіны нябожчыка» (1865), «Тройка» (1866), «Тапельніца» (1867), «Апошні шынок ля заставы» (1868). Стварыў шэраг карцін, у якіх намагаўся перадаць індывідуальнасць чалавека з народа, яго здольнасць глыбока мысліць і адчуваць («Фомушка-сыч», 1868; «Вандроўнік» 1870). Аўтар партрэтаў дзеячаў рус. інтэлігенцыі, у т. л. А.​Астроўскага (1871), У.​Даля, Ф.​Дастаеўскага, М.​Пагодзіна (усе 1872). Пісаў таксама карціны на быт. («Птушкалоў», 1870; «Паляўнічыя на прывале», «Рыбалоў», абедзве 1871) і гіст. («Суд Пугачова», 1875; «Мікіта Пустасвят», 1881) тэмы.

Тв.:

Рассказы художника. М., 1960.

Літ.:

Лапунова Н.Ф. В.​Г.​Перов. М., 1968;

Лясковская О.А. В.​Г.​Перов: особенности творч. пути художника. М., 1979.

Л.​Ф.​Салавей.

В.Пяроў. Чаяванне ў Мыцішчах. 1862.

т. 13, с. 158

ПЯРО́Ў (Дзмітрый Міхайлавіч) (27.10.1915, г.п. Алавяная Чыцінскай вобл., Расія — 27.2.1986),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). На фронце з 1942. Вадзіцель баявой машыны М-13 («кацюшы») вызначыўся 3.2.1944 у баях каля г.п. Езярышча Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл., калі ў час артабстрэлу сваім целам накрыў 2 міны і выкруціў з іх узрывальнікі, чым выратаваў ад узрыву 4 рэактыўныя ўстаноўкі і запас снарадаў. Пасля вайны ў нар. гаспадарцы.

т. 13, с. 158

ПЯРО́ЎСКАЯ (Соф’я Львоўна) (13.9.1853, С.-Пецярбург — 15.4.1881),

дзеяч рэв. руху ў Расіі. Жонка А.І.Жалябава. Яе маці В.​С.​Весялоўская — ураджэнка Магілёўскай губ. У 1869 паступіла на Аларчынскія жан. курсы, увайшла ў гурток народнікаў (гл. Народніцтва). У 1871—72 у ліку арганізатараў т-ва чайкоўцаў, у 1872—73 удзельніца «хаджэння ў народ». У студз. 1874 арыштавана, пасля 6 месяцаў зняволення вызвалена на парукі сям’і. На «працэсе 193-х» (1877—78) апраўдана. Летам 1878 уступіла ў арг-цыю «Зямля і воля». Неўзабаве арыштавана і ў адм. парадку выслана ў Аланецкую губ.; па дарозе ўцякла і перайшла на нелегальнае становішча. З восені 1879 — чл. Выканаўчага к-та, а пазней і Распарадчай камісіі «Народнай волі», актыўная ўдзельніца тэрарыст. барацьбы з самадзяржаўем. Арганізатар забойства імператара Аляксандра II 13.3.1881 у Пецярбургу. 22.3.1881 арыштавана, у ліку інш. «першасакавікоўцаў» засуджана да пакарання смерцю праз павешанне (першая жанчына ў Расіі, пакараная смерцю па паліт. справе).

Літ.:

Сегал Е. Софья Перовская. М., 1962.

т. 13, с. 158