ПЯКА́РСКІ (Аляксандр Антонавіч) (н. 30.5.1952, в. Буда Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),
бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1991), праф. (1993). Скончыў БДУ (1975). З 1982 у Гродзенскім ун-це, з 2000 у Бел. тэхнал.’ ун-це. Навук. працы па тэорыі функцыі рэчаіснай і комплекснай пераменных. Даказаў прамыя і адваротныя тэарэмы рацыянальнай апраксімацыі ў класічных функцыян. прасторах.
Тв.:
Чебышевские рациональные приближения в круге, на окружности и на отрезке // Матем. сб. Нов. сер. 1987. Т. 133, №1;
Hardy space niethods in rational approximation // Grundlehren der matheniatischen Wissenschaften. Berlin etc., 1996. Bd. 304.
т. 13, с. 156
ПЯКА́РСКІ (Эдуард Карлавіч) (25.10.1858, в. Пятровічы Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. —29.6.1934),
расійскі этнограф, географ, мовазнавец, фалькларыст. Чл.-кар. (1927), ганаровы акад. (1931) АН СССР. Вучыўся ў Мінскай, Мазырскай і Чарнігаўскай гімназіях, Харкаўскім вет. ін-це (1877—88). За ўдзел у народніцкім руху арыштаваны (1879) і сасланы ў Якуцію. Удзельнік экспедыцый Усх.-Сібірскага аддзялення Рус. геагр. т-ва (РГТ, 1894—96) і Аяна-Нельканскай (1903). З 1905 працаваў у музеях Пецярбурга, з 1911 у Музеі антрапалогіі і этнаграфіі Рас. АН, з 1914 сакратар этнагр. аддзела РГТ, у апошнія гады жыцця ў у Ін-це усходазнаўства АН СССР. Аўтар артыкулаў па геаграфіі, этнаграфіі, лінгвістыцы і фальклору якутаў і тунгусаў. Асн. праца — «Слоўнік якуцкай мовы» (вып. 1—13, 1907—30; у сааўт.).
Літ.:
Э.К.Пекарский: (К 100 летию со дня рождения). Якутск, 1958;
Грыцкевіч В. Эдуард Пякарскі: Біягр. нарыс. Мн., 1989.
В.А.Ярмоленка.
т. 13, с. 156
ПЯКО́ТКА,
адчуванне пякучага болю ў страваводзе. Звязана з закідваннем кіслага змесціва страўніка ў стрававод, таксама з парушэннем маторыкі стрававода, страўніка і дванаццаціперснай кішкі. Бывае пры гастрыце, халецыстыце, язвавай і жоўцекамянёвай хваробах, пасля аперацый на страўніку, пры цяжарнасці, таксама ўзнікае пры непераноснасці некат. харч. прадуктаў. Лячэнне накіравана на асн. захворванне.
т. 13, с. 156
ПЯЛЁСТАК,
ліст расліны, які эвалюцыйна трансфармаваўся; частка вяночка кветкі. Мае пераважна яркую афарбоўку.
т. 13, с. 156
ПЯЛІ́КША (Пелікша) Карнель Ігнатавіч [1823, в. Сталовічы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 12.7 (паводле інш. звестак 12.3). 1872], адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на тэр. Беларусі, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Слуцку, у дваранскім ін-це ў Вільні. Да паўстання жыў у сваім маёнтку Горкі пад Мінскам, дзе адкрыў школу і бальніцу, сабраў багатую б-ку. З вясны 1863 паўстанцкі цывільны начальнік Мінскага ваяв. Садзейнічаў разгортванню паўстання на Міншчыне, у вер. — кастр. 1863 дапамог пасланцу К.Каліноўскага І.М.Яманту рэарганізаваць у Мінску паўстанцкую адміністрацыю. Потым з ведама Каліноўскага выехаў за мяжу. Завочна асуджаны царскімі ўладамі да пакарання смерцю з канфіскацыяй маёмасці. У эміграцыі жыў у Францыі, Італіі, Румыніі, Галіцыі. У 1872 ахвяраваў музею кн. Любамірскіх у Львове каштоўны габелен Карэліцкай мануфактуры Радзівілаў 18 ст. «Бітва пад Славечна» (цяпер у гіст. музеі ў Львове).
Г.В.Кісялёў.
т. 13, с. 156
ПЯЛЮ́ШКА, гарох палявы, гарох пясчаны,
адзін з падвідаў гароху пасяўнога. Часам П. вылучаюць у самастойны від (Pisum arvense). Культывуецца на зялёны корм, сена, сілас.
Аднагадовая травяністая расліна. Корань стрыжнёвы. Сцёблы павойныя, выш. да 2 м. Лісце складанае, парнаперыстае, з зубчастымі прылісткамі. Кветкі чырв.-фіялетавыя або пурпуровыя. Плод — шматнасенны струк. У пасевах харч. гароху расце як пустазелле. Зерне П. дрэнна разварваецца, надае ежы цёмную афарбоўку і непрыемны смак. Кармавая расліна.
В.М.Прохараў.
т. 13, с. 156
ПЯНДЖ,
рака на мяжы Таджыкістана і Афганістана, левая састаўляючая Амудар’і. Даўж. 921 км, пл. басейна 114 тыс. км². Утвараецца ад сутокаў рэк Памір і Вахандар’я. Цячэ пераважна ў вузкай даліне. Гал. прытокі: Гунт, Бартанг, Язгулем, Ванч, Кызылсу. Сярэдні расход вады 1032 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная на 118 км ад вусця. Па даліне П. праходзіць аўтатракт Душанбе — Харог. На П. — гарады Харог, Пяндж (Таджыкістан).
т. 13, с. 156
ПЯНДЖЫКЕ́НТ, Пенджыкент,
руіны стараж. сагдыйскага горада на паўд.-усх. ускраіне сучаснага г. П. (Таджыкістан). Інтэнсіўнае жыццё тут адбывалася ў 6 — сярэдзіне 8 ст. У 1-й чвэрці 8 ст. горад разбураны арабамі. У час археал. раскопак (з 1946) выяўлены сеткі вуліц, пабудовы ў выглядзе храмаў даісламскага часу, жылыя будынкі, рамесныя майстэрні і крамы; шматлікія помнікі выяўл. мастацтва, эпіграфікі (на сагдыйскай і араб. мовах), знойдзена некалькі тысяч бронзавых і сярэбраных манет (у т. л. мясц. чаканкі), манетныя скарбы, побытавыя рэчы з гліны, металаў і інш. Некропаль складаўся з невял. скляпоў (наусаў), куды ў асуарыях змяшчалі косці нябожчыкаў.
Літ.:
Скульптура и живопись древнего Пянджикента. М., 1959.
т. 13, с. 156
П’ЯНКО́Ў (Аляксей Пятровіч) (16.3.1901, г. Перм, Расія — 12.11.1987),
бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1949), праф. (1950). Скончыў Пермскі ун-т (1925). У 1937—41 і 1945—50 заг. кафедры, дэкан гістфака, прарэктар па навук. рабоце БДУ, заг. сектара Ін-та гісторыі АН БССР, з 1950 у Магілёўскім, у 1954—78 у Мінскім пед. ін-тах. Аўтар прац па гісторыі ранняга феадалізму, Стараж. Русі, становішча бел. сялян у 17—18 ст. Адзін з аўтараў «Гісторыі БССР» (вып. 1, 1946), «Гісторыі БССР» (т. 1, 1955).
Тв.:
Происхождение белорусского народа. Мн., 1948;
Происхождение общественного и государственного строя Древней Руси. Мн., 1980.
А.І.Валахановіч.
т. 13, с. 156