Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРЫ́БІНА,

вёска ў Круглянскім р-не Магілёўскай вобл. Падпарадкоўваецца Круглянскаму пасялковаму Савету. Цэнтр калгаса. За 6 км на ПнЗ ад г.п. Круглае, 68 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст. Славені. 339 ж., 105 двароў (1997). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 5, с. 470

ГРЫБКО́ВЫЯ ХВАРО́БЫ СКУ́РЫ,

дэрматамікозы, хваробы скуры і слізістых абалонак, выкліканыя патагеннымі грыбкамі. Крыніца хваробы — хворыя людзі ці жывёлы (цяляты, каты, пацукі). Прычыны: наяўнасць хранічных інфекц. і неінфекц. хвароб (туберкулёз, цукровы дыябет, злаякасныя пухліны і інш.), хранічныя інтаксікацыі (наркаманія, алкагалізм, таксікаманія), пашкоджанні скуры і слізістых абалонак, ужыванне доўгі час антыбіётыкаў, цытастатычных і кортыкастэроідных прэпаратаў, прамянёвая тэрапія і інш. Падзяляюцца на 4 групы: кератамікозы, дэрматафітыі, кандыдозы, глыбокія мікозы.

Кератамікозы (вотруб’епадобны лішай) мала заразныя. Узбуджальнікі іх паразітуюць у паверхневым слоі скуры, запаленне яе не выклікаюць. Дэрматафітыя (трыхафітыя, мікраспарыя, эпідэрмафітыя, фавус) выклікае хваробы скуры, валасоў, пазногцяў, а кандыдоз, акрамя таго, слізістых абалонак. Пры глыбокіх мікозах (какцыдыяідоз, гістаплазмоз, хромамікоз і інш.) пашкоджваюцца не толькі скура і слізістая абалонкі, але і ўнутр органы, нерв. сістэма і касцявы апарат. Лячэнне: прэпараты з фунгістатычным і фунгіцыдным дзеяннем, анілінавыя фарбы.

М.З.Ягоўдзік.

т. 5, с. 470

ГРЫБКО́ЎСКІ Віктар Паўлавіч

(н. 30.4.1932, в. Асташкавічы Дубровенскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. фізік. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1977), д-р фіз.-матэм. н. (1973), праф. (1979). Скончыў БДУ (1956). З 1956 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі, адначасова ў 1975—85 нам. старшыні Савета па каардынацыі навук. дзейнасці пры прэзідыуме Нац. АН Беларусі. Навук. працы па нелінейнай оптыцы, лазернай фізіцы, люмінесцэнцыі, фізіцы стрымерных разрадаў у паўправадніках. Развіў тэорыю люмінесцэнцыі і паглынання святла пры інтэнсіўным узбуджэнні, увёў паняцце параметра нелінейнасці, вызначыў заканамернасці эфектаў насычэння ў паўправадніках і асн. характарыстыкі аптымальнага рэжыму генерацыі паўправадніковых лазераў. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.

Тв.:

Введение в теорию люминесценции. Мн., 1963 (разам з Б.І.Сцяпанавым);

Теория поглощения и испускания света в полупроводниках. Мн., 1975;

Полупроводниковые лазеры. Мн., 1988.

т. 5, с. 470

ГРЫ́БНА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свіна, за 46 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,8 км², даўж. 1,83 км, найб. шыр. 700 м, найб. Глыб. 1,2 м, даўж. берагавой лініі 5,4 км. Пл. вадазбору 19,6 км².

Схілы катлавіны выш. 4—5 м (на Пн да 11 м), параслі лесам і хмызняком, на ПнЗ разараныя. Берагі забалочаныя, сплавінныя, на Пн пясчаныя. Пойма шыр. да 200 м, забалочаная, тарфяністая. Дно выслана сапрапелем. Поўнасцю зарастае падводнай расліннасцю. Упадае ручай з воз. Званае, выцякае ручай у воз. Клетнае.

т. 5, с. 471

ГРЫБНА́Я КАПУ́СТА,

спарасіс кучаравы (Sparassis crispa), базідыяльны грыб з роду спарасіс сям. рагацікавых. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляецца рэдка, занесены ў Чырв. кнігу. Расце ў хвойных лясах, каля асновы ствалоў, радзей на свежых пнях. Выклікае жоўта-бурую гніль каранёў і асновы ствалоў хвоі. Малавядомы ядомы грыб. Пладаносіць у жн. — лістападзе.

Пладовае цела дыям. 10—35 см, масай да 10 кг, круглаватае, моцнагалінастае, мясістае, падобнае да галоўкі цвятной капусты (адсюль назва); у маладых грыбоў белаватае, у старых вохрыстае, светла-карычневае. Тканка белая, валакністая, смакам і пахам нагадвае грэцкі арэх. Ножка кароткая, тоўстая, знаходзіцца ў зямлі. Споры эліпсоідныя, гладкія, жаўтаватыя.

т. 5, с. 471

ГРЫБНІ́ЦА,

тое, што міцэлій.

т. 5, с. 471

ГРЫБНЫ́Я ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н,

мікозы, інфекцыйныя захворванні, якія выклікаюцца фітапатагеннымі грыбамі (паразітамі і паўпаразітамі). Пашкоджваюць вышэйшыя расліны, імхі, водарасці. Найб. страты прычыняюць с.-г. раслінам. Пад уздзеяннем грыбоў — узбуджальнікаў хваробы — у раслінах узнікаюць паталагічныя працэсы, якія суправаджаюцца зменай структуры і фізіял. функцый інфіцыраваных частак або цэлай расліны. Вонкавыя прыкметы грыбных хвароб раслін: завяданне раслін, гнілі, некрозы, плямістасці, пустулы, налёты, разбурэнне асобных органаў, муміфікацыі, пухліны і дэфармацыі. Грыбныя хваробы раслін перадаюцца насеннем, клубнямі, цыбулінамі, каранямі, чаранкамі, саджанцамі і інш. часткамі хворых раслін. Патагенныя грыбы могуць пранікаць у тканкі раслін праз вусцейкі (мілдзью вінаграду), вадзяныя поры, клеткі эпідэрмісу і кутыкулу (кіла капусты, рак бульбы), трэшчыны і раны, што ўзнікаюць ад граду, сонечных апёкаў (чорны рак яблыні).

Паводле спосабу паразітызму фітапатагенныя грыбы ўмоўна падзяляюць на біятрофы (экалагічна аблігатныя паразіты раслін, якія ўвесь інфекц. перыяд узаемадзейнічаюць з жывымі клеткамі і тканкамі расліны-гаспадара) і некратрофы (факультатыўныя паразіты, што выкарыстоўваюць рэчывы адмерлых тканак гаспадара). Пашырэнне патагенаў у тканках гаспадара можа быць лакальнае і сістэмнае (дыфузнае), напр., ва ўзбуджальнікаў галаўні злакаў, жоўтай іржы пшаніцы, несапраўднай мучністай расы цыбулі. Характар і ступень праяўлення ўстойлівасці расліны да патагеннага грыба залежыць ад вірулентнасці патагена, наяўнасці генаў устойлівасці, фізіял. стану расліны, глебава-кліматычных умоў яго вырошчвання.

У кліматычных умовах Беларусі, аптымальных для развіцця фітапатагенных грыбоў, найб. страты грыбныя хваробы раслін прычыняюць збожжавым культурам, часам знішчаюць да 20% ураджаю. Пры адсутнасці ахоўных мерапрыемстваў да 50% бульбы гіне ад фітафтарозу, 40% ад ранняй сухой плямістасці. Пашыраны мучністая раса (на злакавых культурах, парэчках, агрэсце, ружах, флоксах і інш.), ліставая і сцябловая іржа, спарыння (на жыце), пыльная і цвёрдая галаўня, гельмінтаспарыёзныя плямістасці (на ячмені), фітафтароз, бурая гніль (на бульбе, памідорах) і інш. Меры барацьбы: выкарыстанне агратэхн. прыёмаў для знішчэння крыніц інфекцыі, каранцінныя мерапрыемствы, вырошчванне ўстойлівых сартоў, хім. ахова.

Літ.:

Тарр С. Основы патологии растений. Пер. с англ. М., 1975;

Жизнь растений. Т. 2. М., 1976;

Проблемы иммунитета сельскохозяйственных растений к болезням. Мн., 1988.

В.В.Карпук.

т. 5, с. 471

ГРЫБЫ́

(Mycota),

група гетэратрофных бесхларафільных арганізмаў, разнастайных паводле будовы, памераў і спосабу жыцця; адно з царстваў жывой прыроды. Спалучаюць прыкметы раслін (нерухомасць, верхавінкавы тып росту, наяўнасць клетачных сценак і інш.) і жывёл (гетэратрофны тып абмену, наяўнасць хіціну, утварэнне мачавіны і глікагену і інш.). Маюць асобы цыкл развіцця (змена ядзерных фаз, дыкарыятычны стан, разнаякаснасць ядзер у межах адной клеткі — гетэракарыёз і інш.). Раней грыбы адносілі да ніжэйшых раслін. Вядома больш за 100 тыс. відаў грыбоў, пашыраных па ўсім зямным шары. Падзяляюцца на 3 аддзелы: ааміцэты, слізевікі і сапраўдныя грыбы. Сярод апошніх вылучаюць аскаміцэты, базідыяльныя грыбы, зігаміцэты, недасканалыя грыбы, хітрыдыяміцэты.

Вегетатыўнае цела большасці грыбоў уяўляе сабой міцэлій (грыбніцу), які складаецца з адна- ці шматклетачных разгалінаваных тонкіх ніцей — гіфаў, што ў працэсе развіцця ўтвараюць строму або пладовыя целы рознай марфалогіі. Арганізмы ніжэйшых грыбоў (слізевікі, хітрыдыяміцэты) прадстаўлены голымі плазмодыямі. У жыццёвым цыкле грыбоў магчымы розныя стадыі развіцця (плеямарфізм). Аднаклетачны стан назіраецца ў перыяд размнажэння грыбоў (напр., у спор). Грыбы размнажаюцца вегетатыўным, бясполым і палавым спосабамі. У аснову вызначэння сістэматычнага стану грыбоў пакладзены асаблівасці будовы грыбнога цела, палавога і бясполага споранашэння і формы пладовых цел. Вегетатыўнае размнажэнне ажыццяўляецца кавалкамі міцэлію (шапкавыя грыбы), пачкаваннем (дрожджы), асобнымі клеткамі — аідыямі (галасумчатыя), гемамі і хламідаспорамі (галаўнёвыя грыбы), бясполае — з дапамогай спор, што ўтвараюцца на асобных клетках міцэлію. Споры могуць фарміравацца эндагенна, унутры шарападобна пукатых канцоў гіфаў (спарангіяспоры, зааспоры; у ніжэйшых грыбоў) або экзагенна (канідыяспоры; у вышэйшых і некат. ніжэйшых грыбоў). Для палавога размнажэння ўласціва зліццё аднолькавых або розных паводле памераў гамет (у ніжэйшых грыбоў), яйцаклеткі і сперматазоіда (у ааміцэтаў), вегетатыўных клетак з аднолькавымі або рознымі палавымі знакамі (у зігаміцэтаў), антэрыдыю і архікарпа з утварэннем сумкі (у аскаміцэтаў) або шляхам саматагаміі з утварэннем базідый (у базідыяміцэтаў). Утварэнню сумак і базідый звычайна папярэднічае развіццё на міцэліі пладовых цел — спец. спараносных органаў. У аскаміцэтаў гэта клейстатэцый, перытэцый, апатэцый і інш., у базідыяльных грыбоў распасцёртыя, палачка-, куста-, шара-, зоркападобныя і інш. пладовыя целы.

У прыродна-кліматычных зонах Беларусі трапляюцца прадстаўнікі ўсіх сістэматычных груп грыбоў, якія спецыялізаваны да розных экалагічных умоў існавання. Напр., агарыкальныя, афілафаральныя, гастэраміцэты і інш. сапрабіёнты развіваюцца ў лясах на гнілой драўніне, лясным подсціле, плесневыя грыбы — на прадуктах харчавання, кармах жывёл. Мучніста-расяныя грыбы, іржаўныя, перанаспоравыя, хітрыдыевыя, гельмінтаспорый, фузарый, фітафтора, макраспорый, склератынія і інш. групы фітапатагенных грыбоў паразітуюць на збожжавых, агароднінных, пладова-ягадных культурах. Вядома больш за 200 відаў ядомых грыбоў і каля 40 відаў ядавітых грыбоў. Грыбы мінералізуюць раслінныя рэшткі ў глебе, патагенныя грыбы выклікаюць хваробы раслін, жывёл і чалавека. Грыбы — актыўныя накапляльнікі радыенуклідаў. Многія віды плесневых грыбоў выкарыстоўваюць у мікрабіял. прам-сці для атрымання вітамінаў, антыбіётыкаў, ферментаў, стэроідных гармонаў, дрожджы — у хлебапячэнні, піваварэнні, вінаробстве. Шэраг відаў грыбоў культывуюць (шампіньёны, вешанкі, труфелі). Вывучае грыбы мікалогія.

Літ.:

Беккер З.Э. Физиология грибов и их практическое использование. М., 1963;

Эволюция и систематика грибов: Теорет. и прикладные аспекты. Л., 1984;

Сержанина Г.И., Змитрович И.И. Микромицеты: Иллюстрир. пособие для биологов. Мн., 1978.

В.В.Карпук.

т. 5, с. 471

ГРЫБ-БАРА́Н,

грыфала кучаравая, губавы базідыяльны грыб сям. албатрэлавых. Трапляецца ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі рэдкі рэліктавы від, знойдзены ў Пружанскім, Барысаўскім, Чэрвеньскім і Жыткавіцкім р-нах; занесены ў Чырвоную кнігу. Расце ў шыракалістых і хвойна-шыракалістых лясах пры аснове старых ствалоў дуба, граба, вяза, клёна, значна радзей сасны. Дэкаратыўны малавядомы ядомы грыб. Пладаносіць у ліпені—верасні.

Пладовае цела дыям. да 1 м і масай да 10—20 кг. Складаецца з паўторна-галінастых пянькоў з агульнай асновай. Шапкі шматлікія, паўкруглыя, радыяльна-маршчакаватыя, шурпатыя, жаўтавата-шэрыя ці шаравата-бурыя. Тканка белая, валакніста-мясістая, з прыемным пахам арэха. Споры гладкія, бясколерныя. Фітапатагенны грыб. Грыбніца жыве ў каранях і ствалах дрэў на працягу многіх гадоў, утварае белую стрыжнёвую гніль са шматлікімі поласцямі.

т. 5, с. 470

ГРЫБ-ПАРАСО́НІК

(Macrolepiota),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. агарыкавых. Вядома 11 відаў, пашыраных па ўсім зямным шары, пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 4 віды, найб. вядомы грыб-парасонік стракаты, варона, або капялюх (М. procera), і грыб-парасонік белы (М. excoriata), грыб-парасонік дзявочы (М. puellaris) — рэдкі від, адзінае месцазнаходжанне якога ў Валожынскім р-не, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Сапратрофы. Растуць у лясах, на палях, лугах. Пладаносяць у чэрв. — верасні. Ядомыя.

Пладовыя целы буйныя. Шапка дыям. да 25 см, яйца- або шарападобная, у старых грыбоў распасцёртая, з бугарком, сухая, ад буравата-шараватай да белай з лусачкамі. Мякаць белая. Пласцінкі свабодныя, белыя, на ножцы звычайна зрастаюцца ў кальцо (каларыум). Ножка высокая, булавападобная, полая ці шчыльная, з рухомым кальцом. Споры падоўжаныя, белыя, гладкія.

т. 5, с. 471