ПУ́ТНЫЯ БАЯ́РЫ, путныя слугі,
катэгорыя сялян-слуг у ВКЛ у 15—18 ст. Былі ў дзярж., прыватных і царк. уладаннях. У 15—1-й пал. 16 ст. асн. павіннасцямі П.б. былі нясенне ваеннай і кур’ерскай службы, выкананне талок у час жніва і інш. У гэты час дзяржава раздавала П.б. прыватным асобам, а стан П.б. купляўся цяглымі сялянамі (баяры выкупныя). У 18 ст. П.б., якія неслі ваенную і кур’ерскую службы, наз. баярамі, баярамі ліставымі і, асабліва з 2-й пал. 18 ст., зямянамі. Назва «П.б.» замацавалася за баярамі, асн. павіннасцю якіх, дадаткова да чыншу, стала перавозка грузаў унутры і па-за межамі маёнткаў. У сувязі з тым, што ў 17—18 ст. асн. павіннасцю П.б. быў чынш, баярамі сталі называць і інш. катэгорыі сялян, якія плацілі чынш і не выконвалі паншчыны.
А.Б.Доўнар.
т. 13, с. 131
ПУТРЫ́ШКІ,
вёска ў Гродзенскім р-не, на аўтадарозе Гродна—Астрына. Цэнтр сельсавета і вучэбна-доследнага калгаса. За 7 км на Ў ад Гродна. 2029 ж., 705 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік на месцы загубы сав. грамадзян ням.-фаш. акупантамі.
т. 13, с. 131
ПУТУМА́ЙО (Putumayo),
рака ў Паўд. Амерыцы, левы прыток р. Амазонка. Амаль на ўсім працягу служыць мяжой паміж Калумбіяй з Эквадорам і Перу; нізоўі ў Бразіліі, дзе наз. Іса (Isá). Даўж. 1580 км, пл. басейна 123 тыс. км². Вытокі ў паўд. ч. Цэнтр. Кардыльеры Андаў Калумбіі, цячэ пераважна па Амазонскай нізіне. Разводдзе ад крас. да ліпеня. Сярэдні расход вады каля 7,2 тыс. м³/с. Суднаходная да г. Пуэрта-Асіс (на 1350 км).
т. 13, с. 131
ПУТЧ (ням. Putsch),
дзяржаўны пераварот, здзейснены групай змоўшчыкаў; спроба такога перавароту (напр., Капаўскі путч 1920).
т. 13, с. 131
ПУ́ТЧЫНА,
пасёлак ў Дзяржынскім р-не Мінскай вобл., каля р. Ўса. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 12 км на ПнЗ ад г. Дзяржынск, 50 км ад Мінска, 14 км ад чыг. ст. Койданава. 449 ж., 144 двары (2000). Пач. школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.
т. 13, с. 131
ПУТЫ́РСКІ (Леанід Аляксеевіч) (н. 24.2.1956, в. Таланкі, Аўтаномная Рэспубліка Крым, Украіна),
бел. вучоны ў галіне анкалогіі. Д-р мед. н. (1992), праф. (1998). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1979) і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (1999). З 1981 у Бел. НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (з 1994 заг. аддзялення), адначасова з 1996 кіраўнік Рэсп. мамалагічнага цэнтра. Навук. працы па прафілактыцы і ранняй дыягностыцы раку малочнай залозы, новых метадах лячэння і рэабілітацыі хворых на рак малочнай залозы.
Тв.:
Комбинированное и комплексное лечение рака молочной железы с использованием современных физических методов воздействия. Мн., 1994 (разам з Ц.А.Панцюшэнкам);
Рак молочной железы. Мн., 1998.
т. 13, с. 131
ПУТЫ́РСКІ (Лявон Восіпавіч) (1901, Мінск — 7.5.1920),
удзельнік партыз. руху на Беларусі ў грамадз. вайну. З 1911 працаваў на гуце, з 1916 слесар чыг. майстэрняў у Мелітопалі (Украіна). З 1917 у Чырв. гвардыі, потым у Чырв. Арміі. У час акупацыі Беларусі польск. войскамі на падп. рабоце ў Мінску. Вясной 1920 у партыз. атрадзе, які дзейнічаў у ваколіцах Мінска. Схоплены карнікамі і расстраляны ў Камароўскім лесе каля Мінска.
т. 13, с. 131
ПУ́ХАВІЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1964, адкрыты ў 1968 як школьны ў в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл., з 1969 народны, з 1974 сучасная назва; з 1993 размешчаны ў в. Блонь у сядзібным доме рэвалюцыянера-народніка А.В.Бонч-Асмалоўскага. Пл. экспазіцыі 297 м², 6,5 тыс. адзінак асн. фонду (2001). Мае аддзелы: жыццё і дзейнасць асветнікаў Бонч-Асмалоўскіх, мастака-партызана Г.Ф.Бржазоўскага, нас. пункты Пухавіцкага раёна, Вял. Айч. вайна, нар. побыт, знакамітыя людзі краю, прырода і экалогія. Сярод экспанатаў археал. і нумізмат. калекцыі з раскопак гарадзішчаў, матэрыялы пра землякоў-удзельнікаў грамадз. вайны 1918—20, стварэнне і дзейнасць падполля і партыз. руху ў Вял. Айч. вайну на тэр. раёна, асабістыя рэчы землякоў — Герояў Сав. Саюза, дзярж. дзеячаў, кампазітараў, літаратараў і інш. У экспазіцыі музея інтэр’ер сял. хаты, прылады ручной апрацоўкі лёну і вырабы з яго 19 — пач. 20 ст., калекцыі карцін Бржазоўскага, прылад працы і хатняга ўжытку, вырабы ткацтва, саломапляцення, разьбы па дрэве, вышыванкі. Мае філіялы ў вёсках Блужа, Гарэлец і г. Мар’іна Горка.
А.А.Прановіч.
т. 13, с. 131