Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПУ́РЫС (Барыс Ісаевіч) (н. 9.7.1937, г. Калінкавічы Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне гідрадынамікі. Д-р тэхн. н. (1991). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1960). З 1965 у Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні гідрадынамічных заканамернасцей абцякання восесіметрычных цел. Эксперыментальна пацвердзіў механізм уздзеяння палімерных дабавак на структуру турбулентнага патоку. Распрацаваў тэхнал. метады ачысткі вады ад дробных дамешкаў з выкарыстаннем гідрадынамічнай кавітацыі.

Тв.:

Некоторые эффекты крупномасштабных регулярных структур в пристенных турбулентных потоках (у сааўт.) // Процессы турбулентного переноса. Мн., 1985;

Интенсификация технологических процессов гидродинамической кавитацией (у сааўт.) // Процессы переноса в турбулентных течениях. Мн., 1988.

т. 13, с. 127

ПУРЫТАНІ́ЗМ (ад лац. puritas чысціня),

плынь у кальвінізме, паслядоўнікі якой выступалі за паглыбленне Рэфармацыі, праведзенай зверху ў выглядзе англіканства (гл. Англіканская царква), супраць каралеўскага абсалютызму. Існаваў у 16—17 ст. ў Англіі. Пурытане вызначаліся рэліг. фанатызмам, заклікалі да аскетызму, маральнай і фіз. чысціні. Падзяляліся на памяркоўную (прэсвітэрыяне) і радыкальную (кангрэгацыяналісты) плыні. П. стаў ідэалаг. абгрунтаваннем рэвалюцыі 1640—53 (гл. Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя), у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі абедзвюх плыней.

т. 13, с. 127

ПУРЫШКЕ́ВІЧ (Уладзімір Мітрафанавіч) (24.8.1870, Кішынёў — лют. 1920),

расійскі паліт. дзеяч. Адзін з заснавальнікаў чарнасоценнага Саюза рускага народа (1905), пасля расколу якога ўзначаліў Саюз Міхаіла Архангела (1908). Дэп. 2—4-й Дзярж. думы, быў адным з лідэраў крайне правых. У 1-ю сусв. вайну патрабаваў «моцнай улады» для дасягнення перамогі. Удзельнік забойства Р.Я.Распуціна (30.12.1916). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 выступаў за разгон Саветаў і аднаўленне манархіі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 узначаліў антыбальшавіцкую змову ў Петраградзе. Арыштаваны і прыгавораны сав. судом да прымусовых работ. Пасля амністыі (1.5.1918) супрацоўнічаў з белагвардз. рухам на Пд Расіі, выдаваў у Растовена-Доне газ. «Благовест».

Тв.:

Дневник «Как я убил Распутина». М., 1990 [рэпр. выд.: Рига, 1924].

т. 13, с. 127

Пурэцкі Юлій Платонавіч

т. 18, кн. 1, с. 441

ПУСА́Н,

горад на ПдУ Паўд. Карэі, на беразе Карэйскага праліва. Адміністрацыйна прыраўнаваны да правінцыі. Ўзнік, верагодна, у першых ст. н.э. пад назвай Кая (Карак). 3830 тыс. ж. (2000). Найбуйнейшы порт краіны, вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны прамысл. цэнтр. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. вытв-сць суднавых рухавікоў і аўтамабіляў; металургічная, ваенная, радыё- і эл.-тэхнічная, хім., тэкст., харч., буд. матэрыялаў. Метрапалітэн (з 1983). База рыбалоўства. 2 ун-ты. Музеі. Паблізу — АЭС, марскія курорты.

т. 13, с. 127

ПУ́СЕЎ (Генадзь Адамавіч) (н. 20.7.1948, г. Гомель),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1977). Арганізатар і нач. участка маст. керамікі на Мінскім з-дзе буд. матэрыялаў. Працуе ў галіне дэкар.-прыкладнога мастацтва і станковым жывапісе. Сярод твораў дэкар. скульптура «Птушка» (1975), «Вясна» (1977), «Алеся», «Яблынька» (абедзве 1980), «Дзяўчына ў капелюшы» (1997), трыпціхі «Песні роднага краю» (1980), «Партызанам Беларусі» (1982), дэкар. кампазіцыі «Поры года» (1983), «Перамога» (1985), серыя дэкар. ваз «Палессе» (1986), дэкар. камплектаў «Белая варона» (1995), «Чорныя лебедзі» (1997), жывапісных твораў «Варажба» (1966—85), «Мацярынства» (1988), «Развітанне з дзяцінствам» (1991), «Паўстанне Налівайкі» (1995), «Выкраданне Еўропы» (1999), «Скачкі з амурам» (2000) і інш. Выканаў шэраг афармленчых работ. Творы вызначаюцца дэкар. выразнасцю, своеасаблівасцю тэхнікі выканання.

Л.​Ф.​Салавей.

Г.Пусеў. Дзяўчына ў капелюшы. 1997.

т. 13, с. 127

Пусеў Віктар Іванавіч

т. 18, кн. 1, с. 441

ПУСКАВА́Я ЎСТАНО́ЎКА,

агрэгат або збудаванне для размяшчэння, перадстартавай падрыхтоўкі, навядзення (прыцэльвання) і пуску ракет. Ваен. П.ў. — састаўная частка ракетнага комплексу, касм.стартавага комплексу.

Асн. элементы П.у. — апорная аснова (платформа), станок, накіравальныя прыстасаванні і механізмы навядзення, праверачна-пускавая апаратура, тэхн. сістэмы падводу эл., пнеўматычных, паліўных і інш. камунікацый. П.ў. бываюць: нахіленага і верт. старту, наземныя (рухомыя і стацыянарныя), шахтавыя, марскія, авіяцыйныя і інш. Стацыянарныя размяшчаюцца ў незаглыбленых, паўзаглыбленых і шахтавых збудаваннях, уваходзяць у комплексы стратэгічныя, процісамалётнай, проціракетнай. процікасм. абароны і інш. Шахтавыя прызначаны для ўтрымання стратэгічных ракет, засцярогі іх ад ядз. зброі.

Наземныя размяшчаюцца на трансп. сродках высокай праходнасці, падзяляюцца на чыг. і палявыя, або грунтавыя (самаходныя, буксоўныя, вазімыя). Марскія размяшчаюцца на палубе або ў спец. адсеках (кантэйнерах) караблёў і падводных лодак; авіяц. — пад крылом і фюзеляжам самалётаў і верталётаў.

С.​Б.​Мілаванаў.

Пускавыя ўстаноўкі: а, б — нахіленага пуску і адкрытая рухомая вертыкальнага пуску (1 — аснова, 2 — станок, 3 — механізмы наводкі, 4 — накіравальная, 5 — пускавы стол); в — шахтавая для ракет «Мінітмен» (ЗША; 1 — апаратура кіравання і крыніцы электрасілкавання, 2 — люк, 3 — ахоўны дах з накрыўкай, 4 — агаловак, 5 — кампрэсарная, 6 — шахтавы ствол); г — мабільная для ракет Р-17 м «Эльбрус» (на шасі МАЗ-543А).

т. 13, с. 127

ПУСКАВЫ́ РУХАВІ́К,

карбюратарны рухавік унутранага згарання для запуску гал. рухавікоў з запальваннем ад сціскання (дызеляў) на трактарах і машынах спец. прызначэння. Раскручвае вал дызеля праз рэдуктар да вуглавой скорасці, неабходнай для запальвання паліва ў рабочых цыліндрах, пасля чаго аўтаматычна адключаецца. Магутнасць да 15 кВт, частата вярчэння вала да 4000 аб/мін. На Беларусі П.р. (аднацыліндравыя, двухтактавыя, з аднаступеньчатым рэдуктарам і электрастартэрам) выпускае Гомельскі з-д пускавых рухавікоў.

т. 13, с. 128

ПУСКАВЫ́ ТОК,

ток, які спажываецца з эл. сеткі электрарухавіком у момант пуску. Можа ў шмат разоў пераўзыходзіць намінальны ток рухавіка, таму патрабуе абмежавання.

У асінхронных рухавікоў з фазным ротарам для абмежавання сілы П.т. ў ланцуг ротара паслядоўна ўключаюць пераменны токаабмежавальны рэзістар (пускавы рэастат). Сілу П.т. магутных сінхронных і асінхронных рухавікоў часам абмяжоўваюць рэактарамі электрычнымі (у выглядзе шпуль індуктыўнасці). Абмежаванне П.т. неабходна і для змяншэння пускавога моманту паводле ўмоў мех. трываласці валоў і інш. частак механізмаў або для дасягнення больш плаўнага пуску рухавіка ва ўмовах вытв. працэсу. Для розных мэт і ўмоў існуе разнастайная пускарэгулявальная апаратура.

т. 13, с. 128