Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПУБЛІЦЫ́СТЫКА (ням. Publizistik ад лац. publicus грамадскі),

від твораў, прысвечаных актуальным праблемам і з’явам грамадскага жыцця. Скіравана на аператыўнае асэнсаванне рэчаіснасці (пераважна сучаснасці) шляхам спалучэння лагічнага і эмацыянальна-вобразнага спосабаў даследавання і адлюстравання жыцця. Спецыфічным чынам удзельнічае ў працэсах дзярж., грамадскага і гасп. кіраўніцтва, актыўна ўздзейнічае на ход практычных спраў ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці. Выконвае сац.-пед., прапагандысцкія, інфарм. функцыі, фарміруе грамадскую думку. Як від грамадска-паліт. л-ры найб. пашырана ў журналістыцы. Пісьменніцкая П. прасякнута кампанентамі маст. творчасці. Асн. якасці П.: тэарэт. абгрунтаванасць, доказнасць, праўдзівасць, прынцыповасць, тэндэнцыйнасць, паліт. вастрыня, эмацыянальнасць, палемічнасць (гл. Публіцыстычны стыль). Асн. жанры П.: артыкул, агляд, карэспандэнцыя, рэцэнзія. У ходзе сінтэзу маст. і публіцыстычных форм паявіліся маст.-публіцыстычныя жанры: нарыс, эсэ, фельетон, памфлет. На стыку навук. л-ры і П. ўзніклі навук.-папулярныя жанры, якія вызначаюцца выразнай публіцыстычнасцю.

Элементы П. ёсць у летапісах ВКЛ 15—16 ст. Публіцыстычная паводле свайго характару палемічная літаратура канца 16—1-й пал. 17 ст. Узор бел. публіцыстычнага слова — газ. «Мужыцкая праўда» К.​Каліноўскага, першая легальная газета на бел. мове «Наша ніва». Публіцыстычнымі з’яўляюцца асобныя творы Ф.​Багушэвіча, З.​Бядулі, М.​Гарэцкага, Цёткі, нарысы Я.​Лучыны. П. заняла значнае месца ў творчасці М.​Багдановіча. У 1920-я г. з публіцыстычнымі творамі выступалі Ц.​Гартны, М.​Зарэцкі, Я.​Скрыган, М.​Чарот. У гады Вял. Айч. вайны са старонак розных выданняў звярталіся да народа Я.​Купала, Я.​Колас, К.​Чорны, А.​Куляшоў, П.​Броўка, П.​Панчанка і інш. Публіцыстычныя па сваёй скіраванасці кнігі А.​Адамовіча, Я.​Брыля, У.​Калесніка «Я з вогненнай вёскі», С.​Алексіевіч «У вайны — не жаночы твар», створаныя на матэрыяле ўспамінаў жыхароў Беларусі пра Вял. Айч. вайну. Найб. ўклад у развіццё бел. П. пасляваен. часу зрабілі пісьменнікі Брыль, В.​Быкаў, І.​Дуброўскі, М.​Лынькоў, В.​Палтаран, Я.​Сіпакоў, М.​Танк, І.​Чыгрынаў, І.​Шамякін. У сучаснай П. працуюць Н.​Гілевіч, У.​Глушакоў, Л.​Екель, А.​Казловіч, Л.​Левановіч, У.​Ліпскі, С.​Шаўцоў, М.​Шыманскі, Л.​Юнчык, В.​Якавенка і інш. Трывалае месца заняла П. ў дакументальным кіно, на тэлебачанні і радыёвяшчанні.

Літ.:

Прохоров Е.П. Искусство публицистики. М., 1984;

Цікоцкі М.Я. Стылістыка публіцыстычных жанраў. Мн., 1971;

Стральцоў Б.В. Публіцыстыка: Жанры. Майстэрства. Мн., 1977;

Яго ж. Основы публицистики: Жанры. Мн., 1990;

Публицисты. Мн., 2000.

Б.​В.​Стральцоў.

т. 13, с. 115

ПУБЛІЦЫСТЫ́ЧНЫ СТЫЛЬ,

адзін з кніжных стыляў мовы, які выкарыстоўваецца ў газетах, грамадска-паліт. і літаратурна-мастацкіх часопісах, у агітацыйна-прапагандысцкіх выступленнях, на радыё і тэлебачанні. Асн. жанры: рэпартаж, нарыс, нататка, інтэрв’ю, памфлет, хроніка, фельетон. Выконвае 2 асн. функцыі: інфарматыўную і ўплывовую. Яму ўласцівы: дакументальна-факталагічная дакладнасць, лагічнасць, накіраванасць на чытача (слухача), вобразнасць, экспрэсіўнасць, выразнасць. Тэматычна неабмежаваны, таму ў ім выкарыстоўваюцца разнастайныя моўныя адзінкі: грамадска-паліт. лексіка і фразеалогія, ацэначныя словы, прыказкі, прымаўкі, крылатыя словы, сінтакс. канструкцыі з ярка выражанай экспрэсіяй (рытарычныя пытанні, звароты, паўторы, сказы-заклікі) і інш. У П.с. могуць быць выкарыстаны моўныя сродкі інш. стыляў.

Літ.:

Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1992;

Костомаров В.Г. Языковой вкус эпохи. М., 1994;

Плещенко Т.П., Федотова Н.В., Чечет Р.Г. Основы стилистики и культуры речи. Мн., 1999.

Р.​Р.​Чэчат.

т. 13, с. 115

ПУБЛІ́ЧНАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць галін права, якія рэгулююць адносіны, што забяспечваюць агульны, сукупны (публічны) інтарэс, у адрозненне ад галін права, накіраваных на абарону прыватнага інтарэсу (гл. Прыватнае права). Да галін П.п. адносяцца: міжнар. П.п., канстытуцыйнае, адміністрацыйнае, фінансавае, крымінальнае і крымінальна-працэсуальнае і інш. права.

т. 13, с. 116

ПУБЛІ́ЧНАСЦЬ,

гл. ў арт. Галоснасць.

т. 13, с. 116

ПУБЛІ́ЧНАСЦЬ СУДАВО́ДСТВА,

дэмакратычны прынцып судаводства, які выяўляецца ў тым, што ўзбуджэнне крымін. спраў, іх расследаванне і вырашэнне, а таксама разгляд цывільных спраў у судзе ажыццяўляюцца адпаведнымі публічнымі (дзярж.) органамі (дазнання, следства, пракуратуры, суда) незалежна ад меркавання зацікаўленых асоб.

т. 13, с. 116

ПУГА́НАЎ (Віктар Паўлавіч) (9.2.1901, г. Астрахань, Расія — 24.6.1941),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-маёр (1940). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1928). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20. У пач. Вял. Айч. вайны камандзір 22-й танк. дывізіі, якая з 22.6.1941 вяла абарончыя баі на рубяжы Зах. Буга на Пд ад Брэста, 23 чэрв. ў час контрудару сав. войск з раёна г. Жабінка разграміла мотакалону ням. войск, разам з часцямі 28-га стралк. корпуса на ПнЗ ад г. Кобрын змагалася супраць 2 танк., 1 матарызаванай і некалькіх пях. дывізій ворага. Загінуў у баі.

т. 13, с. 116

ПУ́ГАЎКІН (Міхаіл Іванавіч) (н. 13.7.1923, в. Рамешкі Яраслаўскай вобл., Расія),

расійскі акцёр. Нар. арт. Расіі (1977). Нар. арт. СССР (1988). Вучыўся ў Школе-студыі Маскоўскага маст. акад. т-ра. З 1948 у т-ры Паўн. флоту, у 1950—58 у Маскоўскім т-ры імя Ленінскага камсамола, у 1962—77 у Т-ры-студыі кінаакцёра. З 1941 у кіно (фільм «Справа Артамонавых»). Майстэрства П. вызначаецца вострай характарнасцю, духоўнасцю аблічча персанажаў, своеасаблівай камедыйнай абаяльнасцю. Зняўся ў фільмах: «Кутузаў» (1944), «Максімка», «Адмірал Ушакоў», «Караблі штурмуюць бастыёны» (усе 1953), «Салдат Іван Броўкін» (1955), «Іван Броўкін на цаліне» (1959), «Дзяўчаты» (1962), «Аперацыя “Ы” і іншыя прыгоды Шурыка» (1965), «Вяселле ў Малінаўцы» (1967), «Дванаццаць крэслаў», «Шальменка-дзяншчык» (абодва 1971), «Новыя прыгоды капітана Урунгеля» (1979), «Спортлато» (1982), «Візіт да Мінатаўра» (1987), «Артыстка з Грыбава» (1988), «Балотная street, ці Сродак супраць сексу» (1991), «Стрэл у труне» (1992) і інш.

Г.​В.​Ратнікаў.

М.І.Пугаўкін.

т. 13, с. 116

ПУГАЧО́ВА (Ала Барысаўна) (н. 15.4.1949, Масква),

расійская эстрадная спявачка. Нар. арт. Расіі (1985). Нар. арт. СССР (1991). Скончыла Муз. вучылішча імя М.​Іпалітава-Іванава ў Маскве (1969), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя А.​Луначарскага (1981). З 1970 артыстка Ліпецкай філармоніі, салістка эстр. арк. пад кіраўніцтвам А.​Лундстрэма, вакальна-інстр. ансамбля «Вясёлыя рабяты», Расканцэрта. З 1988 маст. кіраўнік т-ра-студыі «Тэатр песні». У рэпертуары песні рас. і замежных кампазітараў, шмат з якіх выканала ўпершыню, уласныя песні. Яе выкананне вылучаецца драматург. пабудаванасцю, рэжысёрскай прадуманасцю кампазіцый. «Гран-пры» на Міжнар. фестывалях эстраднай песні «Залаты Арфей» (1975, Балгарыя) і «Бурштынавы салавей» у Сопаце (1978, Польшча). Здымалася ў кіно («Жанчына, якая спявае», «Прыйшла і гавару» і інш.). Яе творчасці прысвечаны тэлефільмы «Тэатр Алы Пугачовай» (1978), «У Алы» (1979), «Маналогі спявачкі» (1981) і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1995.

А.Б.Пугачова.

т. 13, с. 116

ПУГАЧО́Ў (Емяльян Іванавіч) (каля 1742, б. станіца Зімавейская-на-Доне, цяпер тэр. Валгаградскай вобл., Расія — 21.1.1775),

кіраўнік сялянскай вайны 1773—75. Данскі казак, харунжы (1770). Удзельнік Сямігадовай 1756—63 і рус.-тур. 1768—74 войнаў. У 1771 уцёк ад ваен. службы на р. Церак, там выбраны станічным атаманам. У лют. 1772 арыштаваны, уцёк да старавераў у Ветку на Гомельшчыне, у ліст. — на р. Яік (цяпер Урал), дзе агітаваў казакаў пайсці на вольныя землі за р. Кубань. Арыштаваны, засуджаны на катаргу. У маі 1773 уцёк з казанскага астрога на Яік, дзе паводле дамоўленасці з групай казакоў абвясціў сябе імператарам Пятром III (вер. 1773). Выступаў з утапічнай ідэяй «справядлівага» казацка-сял. царства. У час сял. вайны непісьменны П. паказаў вял. арганізатарскія і ваен. здольнасці. Жорстка распраўляўся з дваранамі і ўсімі, хто не прызнаваў яго імператарам. Пасля канчатковага паражэння ад урадавых войск П. 19.9.1774 схоплены групай сваіх прыбліжаных і неўзабаве выдадзены ўладам. Пакараны смерцю (чвартаваны) ў Маскве.

Літ.:

Буганов В.И. Пугачев. М., 1984.

М.​Г.​Нікіцін.

Е.І.Пугачоў. З партрэта невядомага мастака. 18 ст.

т. 13, с. 116

ПУГАЧО́Ў (Уладзімір Сямёнавіч) (25.3.1911, г. Разань, Расія — 25.3.1998),

расійскі вучоны ў галіне механікі, праблем кіравання і матэматыкі. Акад. Рас. АН (1981). Скончыў Ваенна-паветр. інж. акадэмію (1931), дзе і працаваў. З 1956 у Ін-це праблем інфарматыкі Рас. АН, адначасова з 1972 у Маскоўскім авіяц. ін-це. Навук. працы па статыстычнай тэорыі працэсаў кіравання, дынаміцы палёту, тэорыі імавернасцей, дастасавальнай матэматыцы, тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў. Ленінская прэмія 1990. Дзярж. прэміі СССР 1948, 1976.

У.С.Пугачоў.

т. 13, с. 116