Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Майсееў Атэй Вячаслававіч

т. 18, кн. 1, с. 424

МАЙСЕ́Й,

міфічны біблейскі персанаж, кіраўнік ізраільскіх плямён. Паводле паданняў, бог Яхве дапамог М. вывесці яўрэяў з фараонскага рабства ў Ханаан (Палесціну), даў яму на гары Сінай скрыжалі з 10 запаведзямі (дэкалог), у якіх рэгулююцца паводзіны чалавека перад Богам. М. прыпісваецца аўтарства Пяцікніжжа. У іудаістаў, мусульман і хрысціян М. — прарок.

т. 9, с. 522

МАЙСЕ́ЙЧЫК (Аляксей Антонавіч) (н. 4.10.1936, в. Гошчава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. літ.-знавец. Канд. філал. н. (1967). Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1960). Настаўнічаў. З 1966 у Брэсцкім ун-це. Друкуецца з 1961. Даследуе рамантызм сучаснай бел. паэзіі, пытанні выкладання л-ры ў школе і ВНУ. Аўтар метадычных і вучэбных дапаможнікаў «Тэорыя літаратуры» (1990), «Уводзіны ў літаратуразнаўства» (2-е выд., 1992), адзін з аўтараў падручніка-хрэстаматыі для 7-га кл. «Родная літаратура» (з В.Ляшук, 4-е выд. 1994) і інш. Складальнік зб. «Паўлюк Багрым» (1994, з Ляшук).

т. 9, с. 522

МА́ЙСЕН, Мейсен (Meissen),

горад на У Германіі, зямля Саксонія. Засн. ў 929. Каля 40 тыс. ж. (1997). Порт на р. Эльба. Прам-сць: энергамаш.-буд., эл.-тэхн., гарбарна-абутковая, тэкст., піваварная. Старэйшы ў Еўропе фарфоравы з-д (вытв-сць Майсенскага фарфору). Вытв-сць фарбаў для керамікі. У наваколлі — здабыча высакаякасных глін, у т.л. кааліну. Музей фарфору. Комплекс гатычнага сабора (13—15 ст.) і замка (15 ст.) на скале над Эльбай.

т. 9, с. 522

МА́ЙСЕНСКІ ФАРФО́Р, мейсенскі фарфор,

мастацкія вырабы першага ў Еўропе фарфоравага завода ў г. Майсен каля Дрэздэна, Германія. Завод засн. ў 1710. У 1710—19 выпускаў посуд строгіх форм з каменнай масы і фарфору; у 1720—35 (у «жывапісны» перыяд) пашырана паліхромная надглазуравая і кобальтавая падглазуравая размалёўка посуду; у 1735—63 («скульптурны» перыяд) набылі вядомасць багатыя сервізы, вазы, туалетныя і пісьмовыя прыборы, табакеркі ў стылі ракако, скульпт. фігуры і групы — жанравыя, галантныя, пастаральныя, персанажы «камедыі дэль артэ», жывёл (мадэльеры І.І.Кендлер, І.Г.Кірхнер, І.Ф.Эберлайн). М.ф. ўласцівы вытанчанасць мадэліроўкі, мяккасць пластыкі ў спалучэнні з размалёўкай. Традыцыі керамічнага мастацтва М.ф. захоўваюцца. Марка завода (з 1725) — сінія мячы, нанесеныя падглазуравай размалёўкай. Іл. гл. таксама да арт. Кераміка.

Я.Ф.Шунейка.

Да арт. Майсенскі фарфор. Сервіз і дэкаратыўныя кампазіцыі.

т. 9, с. 522

Майсеня Людміла Іосіфаўна

т. 18, кн. 1, с. 424

МА́ЙСКАЕ,

вёска ў Жлобінскім р-не Гомельскай вобл. Да 1924 наз. Шапілава. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПнУ ад г. Жлобін, 91 км ад Гомеля, 15 км ад чыг. ст. Хальч. 561 ж., 227 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 9, с. 522

МА́ЙСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1920,

наступальная аперацыя сав. войск Зах. фронту 14 мая — 8 чэрв. ў савецка-польскую вайну 1920. Праводзілася ва ўмовах, калі польск. войскі ў ходзе красавіцкага наступлення прасунуліся на 200 км на Украіне і занялі Кіеў. На пачатак аперацыі ў склад Зах. фронту (камандуючы М.М.Тухачэўскі) уваходзілі: Паўн. група, 15-я і 16-я арміі, якія налічвалі 75 тыс. штыкоў, 5 тыс. шабляў, 459 гармат, 1935 кулямётаў, 10 бронепаяздоў, 15 бронеаўтамабіляў і 67 самалётаў. Польскія войскі Паўн.-Усх. фронту (камандуючы ген. С.Шаптыцкі) складаліся з 1-й і 4-й армій, мелі 52 тыс. штыкоў, 5,5 тыс. шабляў, 340 гармат, 1440 кулямётаў, 10 бронепаяздоў і 46 самалётаў. З-за цяжкага становішча, якое склалася ў выніку наступлення польскіх войск на Украіне, Зах. фронт пачаў М.а. без дастатковай падрыхтоўкі. 14 мая войскі 15-й арміі перайшлі ў наступленне на Віленскім напрамку, прарвалі абарону праціўніка і 16 мая выйшлі на рубеж Дзісна—Зябкі—воз. Шо — воз. Манец. Вылучаная 15 мая з 15-й арміі Паўд. група 16 мая выйшла на лінію Пышна—Лепель—Стайск. Войскі Паўн. групы фарсіравалі Зах. Дзвіну на ўчастку Полацк—Дзісна і занялі плацдарм на левым беразе ракі. З 14 па 18 мая войскі правага фланга і цэнтра прасунуліся ўглыб на 70—80 км, левага — на 50 км. Аднак наступленне не атрымала далейшага развіцця з-за адсутнасці рэзерваў. Польскае камандаванне перакінула з іншых участкаў фронту дадатковыя сілы і да 31 мая спыніла прасоўванне сав. войск. У выніку М.а. на Зах. фронце лінія фронту скарацілася на 60 км у раёне Лепеля, расшыраны Полацкі плацдарм на левым беразе Зах. Дзвіны. М.а. дапамагла Паўд.-Зах. фронту: адцягнула частку сіл з Кіеўскага напрамку, дала магчымасць падрыхтаваць контрнаступленне на Кіеў (пачалося 20 мая) і вызваліць яго (12 чэрв.).

П.А.Селіванаў.

т. 9, с. 523

«МА́ЙСКАЯ НАВАЛЬНІ́ЦА»

(«Maigewitter»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і мясц. насельніцтва ў Віцебскім, Гарадоцкім, Суражскім і Лёзненскім р-нах Віцебскай вобл. (у трохвугольніку Віцебск—Гарадок—Сураж) у Вял. Айч. вайну. Праводзілася 17—22.5.1943 сіламі 87-й пяхотнай, 4-й авіяпалявой дывізій, 8-й танк. брыгады, 9 ахоўных батальёнаў, батальёна СС «Мёртвая галава», паліцыі Лёзненскага і Панізоўскага (Смаленскай вобл.) р-наў. Усяго ў аперацыі ўдзельнічала больш за 20 тыс. карнікаў. Захопнікам процістаялі партыз. брыгады 1-я і 2-я Бел. імя Панамарэнкі, дыверсійная Бел. імя Леніна, 1-я Віцебская, імя А.Ф.Данукалава, імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола агульнай колькасцю 2,5 тыс. чал. Праціўніку ўдалося выцесніць партызан з раёнаў іх дыслакацыі. Карнікі расстралялі больш за 2400 чал., захапілі 350 кароў і коней, 150 ц збожжа.

В.С.Лазебнікаў, У.С.Пасэ.

т. 9, с. 523

МА́ЙСКІ ХРУШЧ, майскі жук (Melolontha),

род жукоў сям. пласцініставусых. 36 відаў, пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 2 віды: М.х. заходні (M. melolontha) і М.х. усходні (M. hippocastani). Жывуць пераважна ў лясной зоне.

Даўж. М.х. заходняга да 32 мм, М.х. усходні драбнейшы. Вонкавым выглядам і спосабам жыцця падобныя. Марфалагічна адрозніваюцца тым, што канец брушка ў М.х. заходняга звужаецца паступова і пераходзіць у доўгі вузкі адростак, а ў М.х. ўсходняга канец брушка звужаецца рэзка і канчаецца тонкім адросткам, патоўшчаным на канцы. Цела пукатае, падоўжана-авальнае, чорнае або чырвона-бурае. Надкрылы чырвона- або жоўта-бурыя. Вусікі 10-членікавыя; у самца вял. выгнутая булава з 7 пласцінак, у самкі — маленькая з 6 пласцінак. Жукі кормяцца лісцем, лічынкі — каранямі раслін, чым шкодзяць дрэвам, кустам, с.-г. культурам. Лічынка даўж. да 60 мм, жаўтавата-белая з тоўстым выгнутым целам.

С.Л.Максімава.

Майскія хрушчы: 1 — усходні (самец); 2 — заходні (самец); 3 — лічынка (падобная ў абодвух відаў).

т. 9, с. 523