ГРУ́ПА СТАТЫСТЫ́ЧНАЯ,
сукупнасць аднародных у якіх-небудзь адносінах адзінак, вылучаных на падставе адной або некалькіх прыкмет групавання з мэтай далейшага аналізу. Напр., група людзей, сфарміраваная на аснове адной (узрост) або некалькіх (узрост, пол, адукацыя) прыкмет. Прыкметы групавання могуць быць колькасныя (напр., узровень даходаў) і якасныя (выражаны ў выглядзе паняццяў, напр., прафесія). Спосабы групавання бываюць простыя (па адной прыкмеце), камбінаваныя (па 2 і болей спалучаных прыкмет), структурныя (выяўляюць структуру аднароднай сукупнасці, напр., насельніцтва), тыпалагічныя (вылучаюць у сукупнасці аднаякасныя тыпы, напр., тыпы сям’і).
А.У.Рубанаў.
т. 5, с. 466
ГРУ́ПЫ КРЫВІ́,
сукупнасць нармальных імунагенетычных прыкмет крыві, якая дазваляе аб’ядноўваць людзей у пэўныя групы. Упершыню 3 групы крыві выявіў у 1900 аўстр. ўрач-імунолаг К.Ландштайнер; пазней была вылучана 4-я група крыві. У 1907 чэш. вучоны Я.Янскі даў групе крыві лічбавае абазначэнне. У 1928 зацверджана літарная наменклатура групы крыві (ABO). Прыналежнасць да групы крыві вызначаюць фактары A і B (антыгены ці аглюцінагены), што знаходзяцца ў эрытрацытах, і фактары α і β (антыцелы і аглюцініны), што выяўляюцца ў плазме крыві.
Адрозніваюць 4 групы крыві. У людзей I групы крыві (OB) эрытрацыты не маюць аглюцінагенаў A і B, а ў плазме ёсць аглюцініны α і β. II група крыві (Aβ) характарызуецца наяўнасцю ў эрытрацытах аглюцінагену A, а ў плазме — аглюцініну β. Пры III групе крыві (Bα) у эрытрацытах выяўляецца аглюцінаген B, а ў плазме — аглюцінін α. IV група крыві (ABO) мае ў эрытрацытах аглюцінагены A і B, аглюцініны ў плазме адсутнічаюць. Групавыя антыгены ёсць таксама ў лейкацытах, трамбацытах, тканках, клетках, сперматазоідах, сліне, жоўці, страўнікавым соку і інш. Пры ўзаемадзеянні аглюцінінаў плазмы з адпаведнымі аглюцінагенамі (Aз α, Bз β і інш.) эрытрацыты склейваюцца (гемаглюцінацыя) і разбураюцца, што выклікае групавую несумяшчальнасць і пры пераліванні крыві. На рэакцыі гемаглюцінацыі заснавана вызначэнне групы крыві. Антыгены крыві ўтвараюць падгрупы (A1, A2, B2, B3 і інш.).
Групы крыві не залежаць ад полу, узросту, расы. Яна фарміруецца ва ўлонні маці, вызначаецца спадчыннасцю і застаецца на ўсё жыццё. Акрамя сістэмы ABO значнае клінічнае значэнне мае рэзус-сістэма, Кел-сістэма і інш. Групы крыві абавязкова ўлічваюцца пры пераліванні крыві, перасадках тканак і органаў; выкарыстоўваецца і ў судовай медыцыне. Групы крыві выяўлены таксама ў жывёл (малпы, сабакі, трусы і інш.). Аднак іх кроў не сумяшчальная з кроўю чалавека.
Літ.:
Косяков П.Н. Изоантигены и изоантитела человека в норме и патологии. М., 1974.
А.В.Лявонава.
т. 5, с. 466
ГРУП ТЭО́РЫЯ,
раздзел алгебры, які вывучае ўласцівасці алгебраічных аперацый, што найчасцей сустракаюцца ў матэматыцы і яе дастасаваннях; выкарыстоўваецца таксама ў фізіцы і інш. раздзелах навукі (асабліва пры вывучэнні ўласцівасцей сіметрыі). Канчатковая мэта груп тэорыі — апісаць усе магчымыя групавыя аперацыі (гл. Група). Асновы груп тэорыі закладзены Э.Галуа (1831).
Першыя тэарэмы груп тэорыі даказаны Ж.Лагранжам у канцы 18 ст., а потым А.Кашы, Н.Абелем і інш. Напачатку груп тэорыя вывучала канечныя групы падстановак, у канцы 19 — пач. 20 ст. — канечныя групы з элементамі любой прыроды, а потым і бясконцыя і тым самым стала на абстрактны, аксіяматычны шлях развіцця і стала прыкладам для перабудовы ў пач. 20 ст. алгебры і ўсёй матэматыкі. Груп тэорыя падзяляецца на шэраг вял. раздзелаў, якія найчасцей вылучаюцца дастатковымі ўмовамі на групавую аперацыю (канечных груп тэорыя, абелевых груп тэорыя, нільпатэнтных груп тэорыя, пераўтварэнняў груп тэорыя, выяўленняў груп тэорыя і інш.) ці ўнясеннем у групу дадатковых структур, звязаных пэўным чынам з групавой аперацыяй (тапалагічных, алг. і ўпарадкаваных груп тэорыя і інш.). Асн. праблема груп тэорыі — класіфікацыя простых канечных груп, якія адыгрываюць ролю «будаўнічых блокаў» адвольнай групы; лічыцца, што такая класіфікацыя створана, аднак да сучаснага моманту (1997) дакладна выверанага тэксту яе няма.
У Беларусі сістэм. даследаванні па груп тэорыі пачалі Дз.А.Супруненка (1945; групы падстановак і матрыц), С.А.Чуніхін (1953; канечныя групы); зараз даследаванні вядуцца пад кіраўніцтвам У.П.Платонава (тапалагічныя і лінейныя алг. групы, мнагастайнасці груп), Л.А.Шамяткова (тэорыя фармацый), А.Я.Залескага (выяўленні лінейных алг. груп).
Літ.:
Платонов В.П, Рапинчук А.С. Алгебраические группы и теория чисел. М., 1991;
Супруненко Д.А. Группы подстановок. Мн., 1996;
Шеметков Л.А. Формации конечных групп. М., 1978.
Р.Т.Вальвачоў.
т. 5, с. 466
ГРУ́ЦА,
абтоўчаны ячмень, ячныя крупы, а таксама каша з ячных круп. Ячмень сушылі, таўклі ў ступе, паліваючы вадой, каб адстала шалупінне, потым ачышчалі веяннем (палалі). З груцы варылі кашу, суп, на каляды — куццю.
т. 5, с. 467
ГРУ́ЦА Аляксей Пятровіч
(н. 9.5.1924, в. Пішчыкі Дубровенскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1969), праф. (1971). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1951). Працаваў настаўнікам, з 1957 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1969 у Мінскім пед. ун-це. Даследуе бел. дыялекталогію, гіст. граматыку і лексікалогію бел. і рус. моў, лексіку Я.Коласа. Аўтар працы «Развіццё складаназалежнага сказа ў беларускай мове» (1970). Адзін з аўтараў «Беларуска-рускага слоўніка» (1962), «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (вып. 1—15, 1982—96; акрамя вып. 4—6, 10—11), «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» (у 5 т., т. 1—4, 1993—97). За ўдзел у комплексе прац па бел. лінгвагеаграфіі («Дыялекталагічны атлас беларускай мовы», 1963, «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак», 1968—69) Дзярж. прэмія СССР 1971.
І.К.Германовіч.
т. 5, с. 467
ГРУ́ША
(Pyrus),
род пладовых дрэў сям. ружавых. Вядома каля 60 відаў. Пашырана ў краінах з умераным і субтрапічным кліматам. На Беларусі груша звычайная, ці лясная (Р. communis), — родапачынальнік многіх культ. сартоў, расце ў лісцевых, зрэдку хвойных лясах, на ўзлесках і ў хмызняках. Культывуецца найб. на ПдЗ.
Груша звычайная выш. да 15 м, крона пірамідальная. Лісце яйцападобнае або круглае, востразубчастае ці суцэльнакрайняе, скурыстае, бліскучае. Кветкі белыя, ружаватыя, у шчытках. Плады масай 25—300 г, мясістыя, з камяністымі клеткамі, жоўтыя ці зялёныя, часам з румянцам, маюць цукры, арган. к-ты, дубільныя рэчывы, вітаміны. Меданос. Каштоўная драўніна. Дрэва святлалюбнае, засухаўстойлівае. Пачынае пладаносіць на 6—8-ы год пасля пасадкі. Перыяд гасп. выкарыстання 50—60 гадоў. Размнажаецца прышчэпкамі. Лепш расце на сярэдне- і лёгкасугліністых, добра дрэнажаваных глебах. Раянаваныя сарты: летнія — Беларуска, Дзюшэс летні, Лімонка, Прыгожая Яфімава, Тальсінская прыгажуня; асенне-зімовыя — Бэра лошыцкая, Бэра слуцкая, Масляністая лошыцкая, Бел. позняя і інш.
т. 5, с. 467
ГРУ́ШАВАЯ ПЛАДАЖЭ́РКА
(Laspeyresia pomonella),
матыль сямейства ліставёртак, шкоднік грушы. Пашыраны ў лесастэпавых і стэпавых раёнах Еўрап. ч., на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі. У Беларусі асабліва шкодзіць пладам грушы летне-асенніх тэрмінаў выспявання. Пашкоджаныя плады хутка загніваюць.
Крылы ў размаху 16—21 мм, цёмна-шэрыя з папярочнымі палосамі. Вусені даўж. 16—18 мм, белыя, з светла-бурай галавой. За год развіваецца 1 пакаленне. Зімуюць вусені ў коканах у дзярніне або верхнім слоі глебы. Матылі вылятаюць у перыяд цвіцення грушы, яйцы адкладваюць на плады. Вусені кормяцца мякаццю і насеннем пладоў, у жніўні выходзяць з пладоў у глебу.
т. 5, с. 467
ГРУШАВЫ́ Генадзь Уладзіміравіч
(н. 24.7.1950, Мінск),
бел. філосаф, грамадскі дзеяч. Д-р філас. н. (1994), праф. (1995). Заснавальнік і прэзідэнт Бел. дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля» (з 1989). Старшыня Бел. хрысц.-дэмакр. партыі (з 1996). Скончыў БДУ (1972), працаваў у ім. З 1991 у Ін-це сучасных ведаў (прарэктар). Дэп. Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь (1990—95), 1996. Даследуе гісторыю філас. і грамадска-паліт. думкі Зах. Еўропы і Беларусі эпох Адраджэння і Асветніцтва, тэарэтыка-метадалаг. праблемы пазнання, сац. філасофіі і паліталогіі. Аўтар працы «Аказіяналізм Н.Мальбранша» (1978) і інш.
т. 5, с. 467
ГРУША́НКА
(Pyrola),
род кветкавых раслін сям. грушанкавых. Каля 40 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі 4 віды: грушанка зеленаватая (Р. chlorantha), круглалістая (Р. Rotundifolia), малая (Р. minor) і сярэдняя (Р. media). Растуць у лясах (пераважна хвойных і мяшаных) і хмызняках.
Невысокія шматгадовыя травяністыя расліны з доўгім галінастым карэнішчам. Лісце сабрана ў прыкаранёвую разетку, на доўгіх чаранках, скурыстае, цёмна-зялёнае, зімуе. Кветкі белыя, ружовыя, чырванаватыя або зеленаватыя, у гронкападобных канцавых суквеццях на доўгіх кветаносах. Плод — шарападобная 5-гнездавая каробачка. Лек. (выкарыстоўваюць ў афіцыйнай і нар. медыцыне як мачагонны і процізапаленчы сродак) і дэкар. расліны. Надземная частка мае шмат дубільных рэчываў. Сухое лісце ўжываюць як сурагат чаю.
Г.У.Вынаеў.
т. 5, с. 467
ГРУ́ШАС
(Grušas) Юозас (29.11.1901, в. Жаджунай Шаўляйскага р-на, Літва — 21.5.1986),
літоўскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Літвы (1971). Засл. дз. мастацтваў Літвы (1962). Скончыў Каўнаскі ун-т (1932). Друкаваўся з 1925. У празаічных творах (зб-кі апавяданняў «Спадарыня Бертулене», 1928; «Цяжкая рука», 1937; «Святло гневу», 1969; «Шчаслівец — гэта я», 1973; раман «Кар’ерысты», 1935) праблемы маралі, адказнасці чалавека перад гісторыяй, народам. Сучаснасць і гіст. мінулае адлюстраваны ў п’есах «Геркус Мантас» (паст. 1957), «Каханне, джаз і чорт» (паст. 1967), «Барбара Радзівіл» (паст. 1972), «Свідрыгайла» (паст. 1975), «Унія» (паст. 1978) і інш. Творчасці Грушаса ўласцівы філас. рэфлексія, гратэск, сімвалы-абагульненні. Дзярж. прэміі Літвы 1957, 1976.
Тв.:
Raštai. Т. 1—5. Vilnius, 1980—81.
т. 5, с. 467