Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КРАСНАДВО́РЦЫ,

вёска ў Салігорскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Салігорск, 130 км ад Мінска. 842 ж., 357 двароў (1998). Птушкафабрыка. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік землякам. якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Свята-Праабражэнская царква.

т. 8, с. 457

КРАСНАДУ́БСКІ (Іван Аляксандравіч) (н. 17.9.1947, в. Краўцы Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. спявак (лірычны барытон). Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1973, клас Л.Івашкова). З 1974 саліст Ансамбля песні і танца БВА, з 1982 — Бел. філармоніі. Валодае прыгожым яркім голасам шырокага дыяпазону, сцэн. абаяльнасцю. У канцэртным рэпертуары арыі з опер рус. і зарубежных кампазітараў-класікаў, камерная лірыка сучасных кампазітараў, у т. л. беларускіх У.​Алоўнікава, А.​Багатырова, Дз.​Лукаса, І.​Лучанка, Ю.​Семянякі, Дз.​Смольскага і інш.

А.​Я.​Ракава.

т. 8, с. 458

КРА́СНАЕ,

вёска ў Гомельскім р-не, каля аўтамагістралі С.-Пецярбург—Адэса (3 км). Цэнтр сельсавета, калгаса і саўгаса. За 2 км на Пн ад Гомеля. 2480 ж., 450 двароў (1998). Сярэдняя школа. Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 8, с. 458

КРА́СНАЕ,

вёска ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 3 км на ПнУ ад г.п. Карэлічы, 188 км ад Гродна, 45 км ад чыг. ст. Гарадзея. 549 ж., 203 двары (1998). Кандытарскі цэх. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 8, с. 458

КРА́СНАЕ,

вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл., каля р. Уша, на аўтадарозе Мінск—Маладзечна; чыг. ст. (Уша) на лініі Мінск—Маладзечна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на ПдУ ад г. Маладзечна, 57 км ад Мінска. 3273 ж., 1216 двароў (1998).

У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 2-й пал. 15 ст. як велікакняжацкі двор пад назвай Краснае Сяло. У 1486 мястэчка, дзе да 1500 засн. касцёл. У канцы 15—1-й пал. 16 ст. цэнтр павета, да 1793 цэнтр староства Менскага ваяв. У 1765 у мястэчку 58 двароў, касцёл, карчма. З 1793 у Рас імперыі, у 19 ст. мястэчка Вілейскага пав. Мінскай губ. У 1897 у мястэчку 1019 ж., 152 двары, царква, 2 школы, нар. вучылішча, пошта, фельч. пункт, 22 крамы, 8 корчмаў. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Маладзечанскага пав. З 1939 у БССР, у Радашковіцкім р-не Вілейскай вобл., у 1940—54 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну 5.3.1943 ням.-фаш. захопнікі расстралялі тут 2000 сав. грамадзян, загубілі 800 сав. ваеннапалонных. З 1954 вёска, цэнтр сельсавета Радашковіцкага, з 1960 Маладзечанскага р-наў. У 1972—2989 ж., 611 двароў.

Кансервавы з-д, ільнозавод, цэх плёначных вырабаў Мінскага з-да «Белпласт», вытв. ўчасткі Маладзечанскага камбіната хлебапрадуктаў і лясгаса, прамысл. і хім. базы. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі, царква хрысціян веры евангельскай. Помнікі воінам-вызваліцелям, сав. танкістам, землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Магіла ахвяр фашызму, сав. ваеннапалонных, брацкія магілы сав. воінаў, партызан. Помнікі архітэктуры: Свята-Пакроўская царква (1889), Красненскі касцёл Ушэсця Дзевы Марыі. На Пд ад вёскі гарадзішча ранняга жал. веку, на ПдЗ — гарадзішча эпохі феадалізму.

В.​У.​Шаблюк.

т. 8, с. 458

КРА́СНАЕ ВО́ЗЕРА,

у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 23 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,2 км², даўж. 770 м, найб. шыр. 250 м, даўж. берагавой лініі каля 2,1 км. Схілы катлавіны выш. ад 3 м на З (пад лесам) да 5 м на У (пад хмызняком), на Пд і Пн невыразныя.

т. 8, с. 458

КРАСНАЛУ́КІ,

вёска ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., каля р. Эса, на аўтадарозе Лепель—Халопенічы. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 40 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Чашнікі, 135 км ад Віцебска. 561 ж., 217 двароў (1998). Лясніцтва, дрэваапр. цэх. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 8, с. 458

КРАСНАПЁРКА (Scardinius erythrophthalmus),

рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашырана ў прэсных водах Еўропы, М. і Сярэдняй Азіі. На Беларусі жыве ў рэках, азёрах, трымаецца прыбярэжнай зоны, багатай воднай расліннасцю. Зімуе ў ямах. Нар. назвы: чырванапёрка, краснавочка, чарноха, чэрмнуха і інш.

Даўж. да 36 см, маса да 1,5 кг. Цела высокае, серабрыстае, у буйных асобін залацістае. Спінка цёмна-карычневая або цёмна-зялёная. Вочы аранжавыя, у верхняй ч. з ярка-чырв. плямай. Парныя і анальныя плаўнікі ярка-чырвоныя (адсюль назва). Спінны плаўнік пачынаецца па-за брушнымі плаўнікамі, а не над імі (у адрозненне ад плоткі). Рот косы. Корміцца воднымі раслінамі, беспазваночнымі, ікрой малюскаў, моладзь — зоапланктонам. Нераст парцыённы. Аб’ект аматарскага лову.

Краснапёрка.

т. 8, с. 458

КРАСНАПО́ЛЛЕ,

гарадскі пасёлак, цэнтр Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл., у вярхоўі р. Тур’я і на правабярэжжы р. Маластоўка. За 109 км ад Магілёва, 51 км ад чыг. ст. Камунары на лініі Крычаў—Унеча. Вузел аўтадарог на Чэрыкаў, Касцюковічы, Чачэрск, Слаўгарад. 5,9 тыс. ж. (1998).

Вядома з 1784 як мяст. Маластоўка Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ., цэнтр Краснапольскай вол. Назву атрымала ад суседняга маёнтка за 1 км ад мястэчка. У 1890 у К. 2310 ж., 412 дамоў, царква, 3 гарбарні, 9 маслабойняў, бровар, млын, аптэка, 60 крам, 4 кірмашы ў год. Належала графам Бенкендорфам. У 1898—3248 ж. З 1924 цэнтр Краснапольскага раёна Калінінскай, з 1927 — Магілёўскай акругі. З 27.9.1938 гар. пасёлак, раённы цэнтр Магілёўскай вобл. У 1939—3572 ж. З 15.8.1941 да 1.10.1943 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. і раёне 1302 чал., дзейнічала Краснапольскае патрыятычнае падполле.

Прадпрыемствы харч., буд. матэрыялаў прам-сці. 2 сярэднія і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў, Магіла ахвяр фашызму. Помнікі землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. К. знаходзіцца ў зоне, што пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986). У 1996 устаноўлены помнік «Чорная быль Краснапольшчыны».

Цэнтральная плошча гарадскога пасёлка Краснаполле.

т. 8, с. 458

КРАСНАПО́ЛЛЕ,

вёска ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., на правым беразе р. Дрыса. Цэнтр сельсавета. За 34 км на ПдУ ад г.п. Расоны, 155 км ад Віцебска, 18 км ад чыг. ст. Дрэтунь. 328 ж., 149 двароў (1998). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Каля вёскі брацкая магіла сав. воінаў.

т. 8, с. 458