КРА́СНАЕ,

вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл., каля р. Уша, на аўтадарозе Мінск—Маладзечна; чыг. ст. (Уша) на лініі Мінск—Маладзечна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на ПдУ ад г. Маладзечна, 57 км ад Мінска. 3273 ж., 1216 двароў (1998).

У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 2-й пал. 15 ст. як велікакняжацкі двор пад назвай Краснае Сяло. У 1486 мястэчка, дзе да 1500 засн. касцёл. У канцы 15—1-й пал. 16 ст. цэнтр павета, да 1793 цэнтр староства Менскага ваяв. У 1765 у мястэчку 58 двароў, касцёл, карчма. З 1793 у Рас імперыі, у 19 ст. мястэчка Вілейскага пав. Мінскай губ. У 1897 у мястэчку 1019 ж., 152 двары, царква, 2 школы, нар. вучылішча, пошта, фельч. пункт, 22 крамы, 8 корчмаў. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Маладзечанскага пав. З 1939 у БССР, у Радашковіцкім р-не Вілейскай вобл., у 1940—54 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну 5.3.1943 ням.-фаш. захопнікі расстралялі тут 2000 сав. грамадзян, загубілі 800 сав. ваеннапалонных. З 1954 вёска, цэнтр сельсавета Радашковіцкага, з 1960 Маладзечанскага р-наў. У 1972—2989 ж., 611 двароў.

Кансервавы з-д, ільнозавод, цэх плёначных вырабаў Мінскага з-да «Белпласт», вытв. ўчасткі Маладзечанскага камбіната хлебапрадуктаў і лясгаса, прамысл. і хім. базы. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі, царква хрысціян веры евангельскай. Помнікі воінам-вызваліцелям, сав. танкістам, землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Магіла ахвяр фашызму, сав. ваеннапалонных, брацкія магілы сав. воінаў, партызан. Помнікі архітэктуры: Свята-Пакроўская царква (1889), Красненскі касцёл Ушэсця Дзевы Марыі. На Пд ад вёскі гарадзішча ранняга жал. веку, на ПдЗ — гарадзішча эпохі феадалізму.

В.У.Шаблюк.

т. 8, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)