гарадскі пасёлак, цэнтр Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл., у вярхоўі р. Тур’я і на правабярэжжы р. Маластоўка. За 109 км ад Магілёва, 51 км ад чыг. ст. Камунары на лініі Крычаў—Унеча. Вузел аўтадарог на Чэрыкаў, Касцюковічы, Чачэрск, Слаўгарад. 5,9 тыс.ж. (1998).
Вядома з 1784 як мяст. Маластоўка Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ., цэнтр Краснапольскай вол. Назву атрымала ад суседняга маёнтка за 1 км ад мястэчка. У 1890 у К. 2310 ж., 412 дамоў, царква, 3 гарбарні, 9 маслабойняў, бровар, млын, аптэка, 60 крам, 4 кірмашы ў год. Належала графам Бенкендорфам. У 1898—3248 ж. З 1924 цэнтр Краснапольскага раёна Калінінскай, з 1927 — Магілёўскай акругі. З 27.9.1938 гар. пасёлак, раённы цэнтр Магілёўскай вобл. У 1939—3572 ж. З 15.8.1941 да 1.10.1943 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. і раёне 1302 чал., дзейнічала Краснапольскае патрыятычнае падполле.
Прадпрыемствы харч., буд. матэрыялаў прам-сці. 2 сярэднія і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў, Магіла ахвяр фашызму. Помнікі землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. К. знаходзіцца ў зоне, што пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986). У 1996 устаноўлены помнік «Чорная быль Краснапольшчыны».
Цэнтральная плошча гарадскога пасёлка Краснаполле.