ПАКА́ЗЧЫКІ ЭКАНАМІ́ЧНЫЯ,
выражаныя ў лічбах характарыстыкі ўласцівасцей эканам. аб’ектаў, працэсаў або рашэнняў, якія паказваюць стан эканомікі краіны, рэгіёна, прадпрыемства, сям’і і інш., а таксама змены гэтага стану, эканам. развіццё, рост, уздым або спад. Адрозніваюць П.э. колькасныя, якасныя, адзінкавыя і групавыя (агрэгаваныя, сінтэтычныя, абагульненыя). У залежнасці ад сферы выкарыстання падзяляюцца на аналіт., прагнозныя, планавыя, разліковыя, стат., справаздачныя.
т. 11, с. 523
ПАКАЛЮ́БІЧЫ,
вёска ў Гомельскім р-не, на аўтадарозе Гомель—Ветка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на ПнУ ад Гомеля. 3113 ж., 1067 двароў (2000). Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Нікольская царква. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнікі абаронцам Гомеля і землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі гарадзішча зарубінецкай культуры.
т. 11, с. 523
ПАКАРА́ННЕ ў праве,
прадугледжаная законам мера крымінальна-прававога ўздзеяння, якая назначаецца паводле прыгавору суда. Ужываецца да асобы, прызнанай вінаватай ва ўчыненні злачынства, з прадугледжаным заканадаўствам пазбаўленнем або абмежаваннем правоў і свабод гэтай асобы. Мае на мэце аднаўленне сац. справядлівасці і папярэджанне ўчынення новых злачынстваў. У адпаведнасці з КК Рэспублікі Беларусь існуюць асн. і дадатковыя П. Да асн. адносяцца грамадскія работы, штраф, пазбаўленне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, папраўчыя работы, абмежаванне па ваен. службе, арышт, абмежаванне свабоды, накіраванне ў дысцыплінарную часць (для ваеннаслужачых), пазбаўленне волі, пажыццёвае зняволенне і як выключная мера — смяротная кара. Апрача асн. П., да асоб, якія ўчынілі злачынствы, могуць ужывацца і дадатковыя П., як пазбаўленне воінскага або спец. звання, канфіскацыя маёмасці. Грамадскія работы, штраф і пазбаўленне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю могуць ужывацца не толькі ў якасці асноўнага, але і дадатковага П.
Г.А.Маслыка.
т. 11, с. 523
ПАКАТА́ШКІН (Валянцін Пятровіч) (н. 1.11.1940, г. Гомель),
бел. мастак, педагог. Брат Я.П.Пакаташкіна. Засл. настаўнік Беларусі (1980). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1974). З 1968 выкладчык нар. студыі выяўл. мастацтва Палаца піянераў г. Гомель, з 1997 нам. дырэктара Гомельскага маст. вучылішча. Творы адметныя стрыманасцю каларыту, лірызмам: «На поўначы далёкай» (1974), «Паўночная бухта» (1978), «Пасля вучэнняў», «Лазенькі дымяць» (абодва 1980), «Нарач», «Браслаўшчына», «Зямля Палеская» (усе 1986), «Новае Палессе» (1993), «Жыццё прадаўжаецца» (1996), «Ранняя вясна» (1997), «Музыка мора», «Царква святога Міхаіла ў Мазыры» (абодва 2000).
т. 11, с. 523
ПАКАТА́ШКІН (Яўген Пятровіч) (12.4.1937, г. Гомель — 5.3.1994),
бел. мастак. Брат В.П.Пакаташкіна. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1960). У 1973—77 старшыня Гомельскай абл. арганізацыі Бел. саюза мастакоў. Працаваў у жывапісе і станковай графіцы. Сярод твораў: «Запраўка самалётаў» (1964), «Новае Палессе» (1970), «Суднарамонтны «Чырвоная кузня» (1976), «Прыпяць. Цішыня» (1980), «Мазыршчына. Адроджаная вёска» (1982), «У родныя мясціны. Край азёрны», «Трывожная памяць» (1984). Шэраг работ выканаў з Л.Пакаташкінай: «Загінем, але не здадзімся» (1961), «Дзед і ўнук. Бакеншчыкі» (1974), «Безыменная вышыня» (1985) і інш. Творам уласціва дакументальнасць, пошукі новых сродкаў выразнасці.
Г.А.Фатыхава.
т. 11, с. 523
ПАКАЯ́ННЕ,
1) адкрытае, добраахвотнае прызнанне ва ўчыненым злачынстве або правіннасці (памылцы) з выказваннем шкадавання аб зробленым.
2) Тое, што царк. споведзь.
т. 11, с. 523
ПАКГА́УЗ (ням. Packhaus),
склад для захоўвання грузаў пры чыг. станцыях, партах і да т.п.
т. 11, с. 523
ПАКЕ́ТНЫ ВЫКЛЮЧА́ЛЬНІК,
электрычны выключальнік, які служыць для адначасовага ручнога пераключэння некалькіх ланцугоў нізкага напружання. Складаецца з групы кантактаў і механізма, што перамяшчае кантакты і фіксуе іх у пэўным становішчы. Выпускаецца на сілу току да 400 А, напружанне да 660 В.
т. 11, с. 523
ПАКЕ́Т ПРЫКЛАДНЫ́Х ПРАГРА́М,
комплекс праграм або модуляў, прызначаны для рашэння на ЭВМ пэўнага класа задач, блізкіх па змесце. Напр., П.п.п. вылічэння значэнняў якой-н. матэм. функцыі. Распрацаваны П.п.п. разліку тэхн. аб’ектаў і буд. канструкцый, распазнавання вобразаў, аўтам. праектавання, тэорыі раскладаў, уліку прадукцыі і інш.
т. 11, с. 523
ПАКІДА́ННЕ Ў НЕБЯСПЕ́ЦЫ ў крымінальным праве,
адно са злачынстваў супраць асобы. Выражаецца ў заведамым пакіданні без неадкладнай дапамогі асобы, якая знаходзіцца ў небяспечным для жыцця або здароўя становішчы і пазбаўлена магчымасці да самааховы з прычыны малалецтва, старасці, хваробы або сваёй бездапаможнасці ў выпадках, калі вінаваты меў магчымасць аказаць дапамогу гэтай асобе і быў абавязаны гэта зрабіць ці сам паставіў яе ў небяспечнае для жыцця або здароўя становішча.
т. 11, с. 523