НЯСУ́ЧЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
канструкцыйныя элементы, якія ўспрымаюць асн. нагрузкі будынкаў і збудаванняў і забяспечваюць іх трываласць, жорсткасць, устойлівасць; адна з асн. разнавіднасцей будаўнічых канструкцый.
Падзяляюцца на вертыкальныя, якія ўспрымаюць пераважна сціскальныя намаганні (сцены, слупы, калоны, пілоны) і гарызантальныя, што працуюць пераважна на выгін і расцяжэнне (бэлькі і панэлі перакрыццяў, рыгелі рам, кроквенныя фермы і інш.). У сукупнасці Н.к. будынка (збудавання) утвараюць яго нясучы каркас. Робяцца з бетону, жалезабетону, прыродных і штучных камянёў, цэглы, сталі, дрэва.
т. 11, с. 420
НЯСЯ́ТА,
вёска ў Клічаўскім р-не Магілёўскай вобл., на. р. Нясета. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 11 км на З ад г.п. Клічаў, 102 км ад Магілёва, 4 км ад чыг. ст. Нясета. 766 ж., 295 двароў (2000). Спіртзавод. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля вёскі курганны могільнік дрыгавічоў 11—13 ст.
т. 11, с. 420