Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛУКО́МСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН.

У Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., паміж вёскамі Лукомль, Зара, Ротна, Стражэвічы, Багатыр, пас. Асавец. Пластавы паклад звязаны з лімнагляцыяльнымі адкладамі часу адступання паазерскага ледавіка. Гліны шчыльныя, тлустыя, вязкія, пластычныя і высокапластычныя, месцамі з тонкімі праслойкамі пылаватага пяску і супеску. Разведаныя запасы 27,1 млн. м³, перспектыўныя 67 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 14,1—29,9 м, ускрышы (торф, пяскі) 0,2—6,9 м. Гліны прыдатныя на выраб цэглы, дрэнажных труб, цэменту і керамзітавага жвіру. Распрацоўваецца Новалукомскім з-дам керамзітавага жвіру і Мінскім з-дам будматэрыялаў.

А.П.Шчураў.

т. 9, с. 365

ЛУКО́МСКАЕ ЎЗВЫ́ШША На Пд Віцебскай вобл., паўд.-ўсх. ч. Ушацка-Лепельскага ўзвышша. Працягласць з Пн на Пд 20 км, з 3 на У ад 6 км (на Пн) да 24 км (на Пд). Найб. выш. 279 м (за 6 км на ПнУ ад в. Новыя Валосавічы Лепельскага р-на. У тэктанічных адносінах Л.ў. прымеркавана да паўн.-ўсх. схілу Беларускай антэклізы. Крышт. фундамент перакрыты асадкавым чахлом з парод верхняга пратэразою, верхняга дэвону і антрапагену. Антрапагенавая тоўшча (магутнасць 70—100 м) складзена з адкладаў бярэзінскага, дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. Сучасны рэльеф створаны на Пн паазерскім, на астатняй тэрыторыі сожскім ледавікамі. Ледавікова-акумуляцыйны сярэдне- і буйнаўзгорысты рэльеф пашыраны ў цэнтры і на У узвышша. Валападобныя і купалападобныя марэнныя ўзгоркі выш. 15—30 м, радзей 40 м утвараюць грады, арыентаваныя на ПнУ, на У — у паўд.-ўсх. напрамку. Узгоркі і грады падзяляюцца лагчынамі сцёку расталых ледавіковых вод; характэрны западзіны тэрмакарставага і суфазійнага паходжання. На крайнім У трапляюцца невял. азёрныя катлавіны. У зах. ч. ўзвышша дробнаўзгорысты, месцамі платопадобны рэльеф з ваганнямі адносных вышынь да 5—10 м. Узвышша складзена з валунных супескаў і суглінкаў, месцамі з пясчана-галечнага матэрыялу. У цэнтр. ч. маламагутнае покрыва (да 0,5 м) з лёсападобных суглінкаў. Рачная сетка належыць да бас. Зах. Дзвіны. Гал. рэкі Свядзіца і Байна (прытокі Эсы), Ула, Лукомка. Азёры Турыцкае, Сарочынскае, Слідзец і інш. Глебы дзярнова-палева-падзолістыя, сярэднеападзоленыя на лёсападобных суглінках, дзярнова-падзолістыя слабаападзоленыя на водна-ледавіковых лёгкіх суглінках, дзярнова-падзолістыя сярэдне- і слабаападзоленыя глебы на сярэдніх і лёгкіх марэнных суглінках, дзярнова-падзолістыя слабаападзоленыя на водна-ледавіковых і марэнных супесках. У цэнтр. ч. ўзвышша лясістасць 10—15%, лясы шыракаліста-яловыя зеленамошна-кіслічныя з дамешкамі дубу, ліпы, таксама шэраальховыя злакавыя; на 3 лясістасць да 30%, пашыраны больш буйныя масівы хваёвых кусцікава-зеленамошных лясоў.

Н.К.Кліцунова.

т. 9, с. 365

ЛУКО́МСКАЯ ДРЭС,

самая вялікая цеплавая электрастанцыя ў складзе Беларускай энергетычнай сістэмы. Размешчана на беразе Лукомскага возера, каля г. Новалукомль Чашніцкага р-на Віцебскай вобл. Будаўніцтва пачата ў 1964. У 1969 пушчаны 1-ы энергаблок, у 1974 пасля пуску 8-га энергаблока дасягнута праектная магутнасць 2400 тыс. кВт. У 1978 пабудавана 3-я чарга. На пачатак 1999 магутнасць станцыі больш за 2500 тыс. кВт.

т. 9, с. 365

ЛУКО́МСКІ (Аляксандр Сяргеевіч) (22.7. 1868—25.1.19 39),

расійскі ваен. дзеяч, адзін з кіраўнікоў белай гвардыі ў грамадз. вайну 1918—22. Ген.-лейтэнант (1916). Скончыў Акадэмію Генштаба (1897). У 1-ю сусв. вайну з 1916 пам. старшыні «Асобай нарады» па абароне дзяржавы, ген.-кватармайстар Стаўкі вярх. галоўнакамандуючага ў Магілёве. За ўдзел у Карнілава мяцяжы 1917 арыштаваны Часовым урадам, пры садзейнічанні ген. М.М.Духоніна ўцёк з турмы ў Быхаве ў г. Новачаркаск. Са снеж. 1917 чл. «Данскога грамадз. савета», адзін з арганізатараў і нач. штаба белагвардзейскай Добраахвотніцкай арміі. У 1918—20 нач. ваен. ўпраўлення, нам. старшыні і старшыня ўрада («Асобай нарады») пры ген. А.І.Дзянікіне. 3 сак. 1920 прадстаўнік ген. П.М.Урангеля пры Саюзным камандаванні ў Канстанцінопалі (Стамбул, Турцыя), потым эмігрант. Аўтар «Успамінаў» (т. 1—2, 1922).

т. 9, с. 365

ЛУКО́МСКІ (Павел Яўгенавіч) (23.7.1899, Гродзенская вобл. — 8.4.1974),

расійскі вучоны-медык. Акад. АМН СССР (1963). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў 1-ы Маскоўскі ун-т (1923), працаваў у ім. З 1941 праф. 1-га Маскоўскага, Чэлябінскага, з 1949 заг. кафедры 2-га Маскоўскага мед. ін-таў. Навук. працы па этыялогіі гіпертанічнай хваробы, атэрасклерозу і інш. сардэчна-сасудзістых хваробах. Дзярж. прэмія СССР 1969.

Тв.:

Электрокардиограмма при заболеваниях миокарда. М., 1943;

Инфаркт миокарда // Многотомное руководство по внутренним болезням. М., 1964. Т. 2.

т. 9, с. 365

ЛУКО́МСКІЯ,

княжацкі род герба «Рох» зменены ў ВКЛ. Магчыма, паходзяць з мясц. князёў, нашчадкаў полацкага кн. Усяслава Брачыславіча, але паходжанне дакладна не высветлена. Упершыню згадваюцца ў 2-й пал. 15 ст. князі Васіль (упамінаецца ў 1463) і Іван (у 1473 з’ехаў у Маскву, дзе ў 1493 пакараны смерцю за змову супраць вял. кн. Івана III). У пач. 16 ст. вядома некалькі князёў Л., якія сумесна валодалі замкам і мяст. Лукомль і інш. маёнткамі ў Лукомскім княстве. 3 іх Фёдар Іванавіч у 1508 удзельнічаў у мяцяжы князёў Глінскіх. Верагодна, яго братамі былі Іван Іванавіч (каля 1460 — пасля 1520), уладальнік Шчыдутаў і Гарадца, заснавальнік шчыдуцкай галіны Л., Андрэй Іванавіч (каля 1470 — пасля 1528), уладальнік Меляшковічаў і Бельнякоў, заснавальнік згаслай у 1-й пал. 17 ст. меляшковіцкай галіны, Раман (? — пасля 1500), уладальнік Пачаевічаў у Лукомскім княстве, Дабрыгораў у Полацкай зямлі і Лічкава ў Лідскім пав. Іх нашчадкі раздрабілі свае ўладанні. З 2-й пал. 16 ст. яны неаднаразова займалі павятовыя пасады пераважна ў Аршанскім і Віцебскім пав. Сенатарскай годнасці дасягнуў Фрыдэрык (каля 1565—1611), падкаморы аршанскі з 1600, адначасова староста крычаўскі з 1602, кашталян мсціслаўскі з 1610. Род Л. захаваўся да 20 ст., многія змізарнелыя яго прадстаўнікі не карысталіся княжацкім тытулам.

В.Л.Насевіч.

т. 9, с. 366

ЛУКО́МСКІ ЗА́МАК Існаваў у 14—16 ст. Размяшчаўся каля правага берага р. Лукомка (зараз в. Лукомль Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.). Паводле «Спіса рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх», у 14 ст. Лукомль лічыўся горадам з магутным і добра ўмацаваным замкам. У 1386 аб’яднаныя войскі прускіх і лівонскіх рыцараў аблажылі замак. Гарнізон мужна і доўга абараняўся, шмат крыжакоў загінула пад сценамі Лукомля, аднак у ходзе працяглай аблогі і штурму замак быў узяты. У час Лівонскай вайны 1558—83 у 1563 горад і замак захапіла і знішчыла войска Івана IV Грознага. Замак больш не аднаўляўся. Рэшткі вял. валоў аглядваў у 1573 гісторык М.Стрыйкоўскі, які адзначыў, што на гэтым месцы быў некалі вял. замак. З 17 ст. дакументы згадваюць толькі вёску Лукомль.

т. 9, с. 365

ЛУКО́НЕЦ,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Эса, за 5 км на ПдЗ ад г. Лепель. Пл. 0,24 км2, даўж. 720 м, найб. шыр. 400 м, даўж. берагавой лініі 1,9 км. Пл. вадазбору 11,1 км2. Схілы катлавіны выш. 14—16 м (на Пд да 26 м), параслі лесам. Берагі на 3 і У нізкія, забалочаныя, астатнія зліваюцца са схіламі. На 3 і У забалочаная пойма, парослая хмызняком. На У выцякае ручай у р. Эса.

т. 9, с. 366

ЛУКО́НІН (Міхаіл Кузьміч) (29.10.1918, г. Астрахань, Расія —6.8.1976),

расійскі паэт. Скончыў Сталінградскі настаўніцкі ін-т (1937), вучыўся ў Літ. ін-це імя М.Горкага (1937—41). У Вял. Айч. вайну ўдзельнік вызвалення Брэста. Друкаваўся з 1935. У паэт. зб-ках «Сэрцабіццё» (1947), «Лірыка» (1950), «Клятва» (1962), «Пяць кніг» (1974), паэме «Працоўны дзень» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), аповесці ў вершах «Прызнанне ў каханні» (1959), зб. вершаў і паэм «Неабходиасць» (1969, Дзярж. прэмія СССР 1973) і інш. — тэмы гісторыі і сучаснасці, кахання і адзіноты. У 1945 кіраваў літ. аб’яднаннем у Брэсце пры газ. «Заря». У кнізе артыкулаў «Таварыш паэзія» (1963) пісаў пра вызваленне Мінска, пра Брэст у першы пасляваенны год, пра А.Куляшова. Асобныя творы прасякнуты бел. матывамі. Брэсту прысвяціў верш «У Брэсце», Мінску — «Абеліск». На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Куляшоў, А.Вялюгін, Ю.Свірка, У.Шахавец і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1978—79;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1989.

Літ.:

Аннинский Л.А. Михаил Луконин. М., 1982.

В.С.Семенякоў.

т. 9, с. 366

ЛУКО́НІЦА,

рака ў Слонімскім, Зэльвенскім і Мастоўскім р-нах Гродзенскай вобл., левы прыток р. Шчара (бас. р. Нёман). Даўж. 32 км. Пл. вадазбору 195 км2. Пачынаецца на ПдЗ ад в. Плаўскія Слонімскага р-на, цячэ ў межах Слонімскага ўзв. Даліна выразная, трапецападобная, шыр. да 900 м. Пойма забалочаная, вузкая. Рэчышча ў верхнім цячэнні звілістае, на працягу 15 км каналізаванае. Берагі стромкія і абрывістыя.

т. 9, с. 366